Вылучэнне каравая як галоўнага вясельнага хлеба – гэта наша, беларуская, традыцыя. І ставімся мы да яе паважліва. Каравай на вяселлі – знак нараджэння “новых” людзей – мужа і жонкі. Стварэнне новай сям’і, дыктуе традыцыя, немагчыма без надзялення маладых “новай” доляй, што звязана з пераразмеркаваннем долі калектыўнай. Гэтая ідэя і ўвасоблена ў каравайным абрадзе, які ўспрымаўся проста ў касмічных маштабах:
Сам Бог каравай месіць,
Прачыстая свеціць,
Месяц у печ саджае,
Зоранька закладае,
Сонейка запякае.
Трэба адзначыць, усё традыцыйнае беларускае вяселле будавалася вакол каравайнага абрада. Кожны этап прыгатавання гэтага сімвала ладзіўся з мноствам рытуалаў, цырымоній, песень і зваротаў да Бога.
Справа даручалася спецыяльна запрошаным жанчынам – каравайніцам. Лічылася, што чым больш будзе людзей ля каравая, шуму, весялосці і жартаў, тым лепш удасца ён, а разам з ім і будучае жыццё маладых. Існавалі і пэўныя правілы выпякання. Прылады выкарыстоўвалі новыя. Дзяжу ставілі пасярод хаты на вывернуты кажух. Сыпалі муку і лілі ваду за адзін прыём. Замешвалі правай рукой у адзін бок, па сонцы, ці ўсе каравайніцы па чарзе, ці толькі пачынальніца. Мясілі каравай не кулакамі, як звычайны хлеб, а далонямі (каб муж не падымаў рукі на жонку). Саджаць каравай у печ мусіў жанаты мужчына. Лапатай, якой каравай саджаўся, каравайнік грукаў аб столь хаты, каб паспрыяць росту печыва ў печы… Нямала дэталей трэба было трымаць у галаве. А што дайшло да нашых дзён? Пацікавіліся ў саміх каравайніц. Так, ёсць такія сярод нас.
Спытайся ў любога прахожага ў Ханявічах, дзе знайсці ў аграгарадку добрую каравайніцу, ён пакажа на хату Валянціны Шэйка. Рэцэпт пышнага белага хлеба дастаўся ёй ад матулі.

– З самага ранняга ўзросту сачыла, як робіць каравай мама, – расказвае Валянціна Мікалаеўна. – Гэта было цікава, гэта было смачна. А калі выйшла замуж, пачала пячы самастойна. Першы блін, вядома, комам. А потым усё стала атрымоўвацца. Што тут важна? Падыходзіць да выпечкі каравая трэба з добрым настроем. Этапаў трэба прытрымлівацца. Як рабіла мама? Бярэш кіпячонае малако, яно павінна быць цёпленькім, у ім раствараеш дрожджы, дабаўляеш цукар. Пакідаеш на хвілін пятнаццаць–дваццаць. Калі дрожджы пачынаюць брадзіць, засыпаеш туды муку, большую колькасць цукру, дабаўляеш добра ўзбітыя яйкі і вымешваеш. Гэта таксама трэба рабіць правільна – абавязкова па часавой стрэлцы(!). Цеста трэба да той пары мясіць, пакуль яно не перастане брацца за рукі. Потым ставіш яго ў цёплае месца, накрываеш лёгкай тканінай. Яно падыходзіць. Каструлю цестам запаўняеш на трэць. Там яно ў чарговы раз падыходзіць. Залацісты колер – знак таго, што каравай паспеў. Я заўсёды ўпрыгожваю яго. Раблю з кавалкаў цеста розныя фігуркі. Калі гэта каравай на Вялікдзень – абавязкова птушкі. Мама заўсёды гаварыла: “Птушкі спевамі славяць Бога”. Сваім дзецям на вяселле сама пякла каравай. Мая мама казала, што павінен быць на вяселлі каравай, выпечаны матуляй. Калі маці пячэ каравай для дзіцяці, яна ўкладвае ў яго ўсю сваю душу. Месіць цеста і думае пра тое, каб яе сын ці дачка мелі шчасце. Гэта намолены каравай. Мама заўсёды малілася і перш чым рабіць цеста звярталася да Бога. Мяне таксама навучыла.
На другім канцы Свіслаччыны, у Тушамлі, ёсць свае слынныя каравайніцы. Старэйшая з іх – Ганна Вікенцьеўна Серада (для аднавяскоўцаў – проста цётка Анюта). Ёй ідзе восемдзясят сёмы год. Але ўзрост любімай справе, як мы ўпэўніліся, не перашкода. Апошнім разам ставіла каравай у печ… сёлета, каб пачаставаць удзельнікаў свята “Сустрэча землякоў” у Ціхаволі.

– На вяселле ж каравай пяклі ў суботу, – успамінае былыя часы Ганна Вікенцьеўна. – Збіраеш усіх суседзей, родзічаў – гэта каравайніцы. Спецыяльны чалавек рашчыняе. А калі такога няма, то я сама як гаспадыня рошчыну раблю. Потым ужо ўсе разам стаім ля стала. Кожны бярэ па кавалку цеста і вымешвае. Як месім, тады ўжо і заспяваем: “Высокі каравай, высокі, бо высокія каравайначкі…” Пасадзім каравай у печ, тады ўжо рукі ўсе мыюць. А як рукі мыюць, то стараюцца кожная – мука яшчэ на стале – гэтай мукой усіх памазаць. Смешна, весела, цікава. Пакуль каравай пячэцца, зноў спяваем.

Тушамлянскія каравайніцы прыйшлі на «Сустрэчу землякоў» не з пустымі рукамі
Шмат караваяў гатавалі – каб усім запрошаным на вяселле хапіла. І абавязкова ўпрыгожвалі ўзорамі з цеста. Раней і разумення не было, каб купіць гатовае. Усё пяклі самі. Часта пяклі. Ва ўсёй вёсцы, хто б ні жаніўся, замуж ні ішоў, без мяне не абходзілася. Сваім дзецям рашчыняла каравай. Са свянцонай вадой. Маліцца – абавязкова. З узростам стала цяжэй каля печы стаяць, але як адказаць, калі просяць дзяўчаты з клуба караваем парадаваць гасцей? Тады ўжо клічу на дапамогу Іру Прытульчык.
Ірына Фёдараўна жыве праз дарогу. Да пірагоў і караваяў таксама не роўна дыхае. Але на практыцы больш булачкамі займаецца (як любімых унукаў не парадаваць?!). Для яе Ганна Вікенцьеўна – ідэал каравайніцы (так і кажа):
– Я дзіўлюся на цётку Анюту і не перастаю здзіўляцца. Яна проста ідэальна валодае цестам. Трэба ж, каб яно было і не густое, і не рэдкае. Трэба ўмець і печ правільна напаліць. Слаба напаліш, мала духу дасі – каравай будзе расці і лопаць. Каб не згарэў – таксама пільнуй. Запёкся роўненька – адчыняй, паветра трохі спусці або газеткай накрый. Няпроста. Пазаглядаеш у тую печ, каб добры каравай выйшаў. Цётка Анюта ўсё гэта ведае.
Гэта ж колькі часу і цярпення патрабуецца, колькі трэба “патанцаваць” каля стала і печы. Яна ж заўсёды з ахвотаю, з настроем бярэцца за справу, нягледзячы на ўзрост. Калісьці і мае бацькі пяклі свой хлеб. Раней усё рабілі сваімі рукамі, усё ўмелі. І мяне, як і цётку Анюту, мама вучыла хлеб свой пячы. Думаеш, узяў, раз – і спёк? Не, работа гэта нялёгкая, трэба вымясіць цеста, каб успацець. Я таксама любіцель. Ведаеце, калі паспявае ў печцы каравай, так цёпла і ўтульна жывецца! А як прыемна падзяліцца пышным кавалкам з добрымі людзьмі!..

Наталля ТУРКО
Фота аўтара