banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». «Прайдуся па Рудаўскай, а потым – па Варшаўскай…»

10 Декабря’20
1357
Невялікі горад Свіслач. Па-за мяжой вобласці знаюць аб ім па некаторых вельмі сур’ёзных гістарычных фактах – гэта помнікі Кастусю Каліноўскаму і Іосіфу Сталіну. Яны, гэтыя артэфакты, унікальныя ў сваім родзе. Такіх больш нідзе не знойдзеш ва ўсёй Беларусі. А знаходзяцца яны ў нашым райцэнтры, у якім і па гэты дзень вітае дух гісторыі. У 2017 годзе з’явіліся на будынках горада невялікія шыльды з назвамі вуліц эпохі графа Тышкевіча. І такім чынам дыяпазон ведаў многіх аматараў даўніны яшчэ больш пашырыцца. Прыемна, што наша Свіслач мае сваю шматвекавую гісторыю, чым і заслугоўвае павагу да сябе.

Польскаму пісьменніку Леону Патоцкаму, як ён сам пазней успамінаў, Свіслач давялося пабачыць у розныя перыяды яе існавання: і ў гады росквіту, і ў гады заняпаду. Вось які запіс застаўся ў яго кнізе “Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач…”. Ехаць “па роўным гасцінцы, абсаджаным дрэвамі, забяспечаным бар’ерамі, і ўязджаць у акуратна і прыгожа збудаваны горад, які ўтрымліваюць чыста і ахайна…” заўсёды прыемна. Ён добра разумеў – гэта не Парыж, а простае беларускае мястэчка Свіслач. Яму падабалася, што ляжыць яно “на пясчанай раўніне” і знаходзіцца “за некалькі міляў ад Гродна”, а тым больш, “возніцкі тракт з Гродна да Брэст-Літоўска праходзіць” менавіта тут, а гэта вельмі зручна любому вандроўніку. Прайшло шмат гадоў, і з цягам часу тут адбыліся вялікія змены. “У 1853 годзе я паехаў у Свіслач… Дарма шукаў ранейшага парадку і ахайнасці… Убачыў толькі будынкі, якія валіліся, пустыя корчмы… сад адзічаў, каналы пазарасталі. Куды ні глянеш – трушчобы, знішчэнне”.

арка.jpg
Гарадская брама

Свой росквіт горад набыў у той час, калі Вінцэнт Тышкевіч атрымаў Свіслач ад бацькі як спадчыну. Тады і надумаў граф перабудаваць усё ў ім нанова – ды так, каб горад быў падобны на вельмі прыгожы Версаль. На такі сур’ёзны крок яго падштурхнула маладая жонка, якую ён вельмі кахаў, – Марыя-Тэрэза Панятоўская. Графіня жадала жыць толькі ў Варшаве або, на худы канец, у горадзе, які паходзіў бы на каралеўскую сталіцу. І тады граф Тышкевіч старанна ўзяўся за перабудову Свіслачы. І вось што атрымалася ў Вінцэнта, які дзеля пераўтварэння мястэчка на грошы не паскупіўся. Ён пачаў з рэканструкцыі горада: разбіў вуліцы, якія ішлі пад прамым вуглом і паказвалі накірунак. Потым зрабіў планіроўку так, каб як мага больш прыблізіць Свіслач да знешняга вобліку еўрапейскіх гарадоў. У цэнтры ўладкаваў вялікую базарную плошчу, дзе потым доўгі час праходзілі славутыя ярмаркі. Быў тэатр, звярынец, парк і слуп белага колеру вышынёю дзевятнаццаць з паловай метраў, які завяршаўся пазалочаным шпілем. Горад паступова змяняў сваё аблічча – ён прыгажэў, набываў еўрапейскі шык.


Рыначная плошча

Шмат чаго карыснага было зроблена Вінцэнтам Тышкевічам для Свіслачы.

Вось як піша Леон Патоцкі: “У самай сярэдзіне горада быў квадратны рынак, аздоблены пазалочаным шпілем. Вялі да яго з чатырох бакоў шырокія, пад шнур выцягнутыя вуліцы, забудаваныя ладнымі дамамі, пакрытыя гонтай, – Гродзенская, Рудаўская, Мсцібаўская, Брэсцкая і Варшаўская. Вуліца Гродзенская і рынак заселены былі жыдамі, Варшаўская – татарамі, якія займаліся вырабам шкураў, па іншых мясціліся студэнты, што хадзілі ў школы. У самым цэнтры рынку, паміж вуліцамі Мсцібаўскай і Рудаўскай, узносіўся вялікі прамавугольны гмах, вымураваны з каменя, з 48 склепамі або крамамі, прызначанамі для вальнага кірмашу, які штогод прыпадаў на жнівень. За крамамі – маленькая грэка-ўніяцкая царква. На самым рынку – пяць пастаялых двароў: пад Арлом, Аленем, Валом, Аднарожцам і Лебедзем. У адным рагу аптэка, у другім кафенгаўз, або шынок з більярдам, для забавы прыезджых. Насупраць кафенгаўза – пляц, на левым яго баку драўляны парафіяльны касцёл з гадзіннікавай вежаю. За ім гімназічныя гмахі. На правым баку тэатр з маскараднай залаю, пасля – стайні і вазоўні. За імі парк… Далей рос бярозавы гаёк з абстрыжанымі верхавінкамі дрэў, каб відаць было горад… Пры ўезде ў горад з кожнага боку – каменная брама, зверху скляпеністая, без варотаў, ці хутчэй праём для ўваходу. Вуліца Брэсцкая, шырэйшая за іншыя, мела дзве брамы, паміж якімі стаяла капліца, прысвечаная Анёлам Ахоўнікам. За Брэсцкаю брамаю – дворыкі, прызначаныя для пенсіянераў…” Але з таго часу шмат вады ўцякло. Вецер перамен дайшоў да Свіслачы ўжо ў нашы дні. 

Сучасныя назвы вуліц на дамах, а побач з імі шыльды. На іх назвы вуліц тых часоў, калі жыў граф Тышкевіч, – Леніна (Брэсцкая), Каліноўскага (Мсцібаўская), Камсамольская (Гродзенская), Савецкая (Варшаўская), Першамайская (Рудаўская), Дзяржынскага (Дворная) – апошняя вяла ва ўсадзьбу Тышкевічаў. Кожная вуліца мела ўязныя брамы, падобныя на рымскія аркі. Яны былі без замкоў: жыхары радушна запрашалі ўсіх у свой прыгожы і гасцінны горад. Зацікаўлены пешаход абавязкова зверне ўвагу на шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. І тады атрымаецца, што аднаму прыемна, калі ён ідзе па вуліцы Першамайскай, а другому радасна, што назва вуліцы Рудаўская не згубілася, не знікла, і чалавек адчувае асалоду ад такога прыемнага выпадку. 

улица.jpg
Вуліца Брэсцкая (цяпер Леніна)

Прайдзёмся і мы па вуліцах нашага прыгожага гарадка. Вось цэнтральная вуліца Леніна, раней гэта была Брэсцкая: самая шырокая ў Свіслачы і сёння. Раней яна заканчвалася двайной уязной аркай з невялікай часоўняй паміж імі. Аркі былі пабудаваны з каменя і цэглы ў 80-я гады XVIII стагоддзя і з’яўляліся сваеасаблівым упрыгожаннем мястэчка. Вышыня іх дасягала дзесяці метраў, шырыня – на ўсю вуліцу. Таўшчыня аркі ў падножжы – каля двух метраў, а ўверсе звужалася да аднаго метра. На Брэсцкай у той час знаходзілася яўрэйская карчма, пасля вайны ў гэтым будынку размяшчалася гасцініца, а ў наш час, цяпер ужо на вуліцы Леніна, – раённы гісторыка-краязнаўчы музей. На вуглу вуліцы Брэсцкай і Гімназічнай плошчы (цяпер вуліца Леніна і плошча Карла Маркса) на месцы будынка па Леніна, 2, знаходзіўся касцёл Святой Троіцы – помнік драўлянага дойлідства. У вайну быў разбураны. Гродзенская вуліца – цяпер Камсамольская, а з 1924 года па 1940-ы называлася ў гонар Адольфа Бітнэра. У 1884 годзе ён адкрыў на свае ўласныя грошы лячэбніцу і бясплатна лячыў жыхароў з навакольных вёсак. Ёсць у Свіслачы і Кацярынінскі тракт, які з’яўляецца працягам Варшаўскай вуліцы. На скрыжаванні гэтага тракту і аб’яздной дарогі знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Асілак”. 

Утульныя і прасторныя, шумныя і ціхія, старажытныя і сучасныя – гэта ўсё вуліцы Свіслачы. Кожную раніцу яны ажываюць – размова прахожых, гул праязджаючых машын, міганне светлафора, стук абцасаў маўчалівых пешаходаў. Гісторыя кожны раз уносіла ў жыццё вуліц свае карэктывы: кожны раз мяняла іх назвы, і кожны раз мяняўся іх знешні выгляд. Але вуліцы ўсё роўна працягваюць сваё размеранае жыццё і ў новым XXI стагоддзі.

Валянціна ХАМЧУК

Чытайце таксама:
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». «З музея часам вее»
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Дзверы ў край майстроў
На базе Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі прайшла прэзентацыя мастацка-краязнаўчай выстаўкі «Забытая даўніна: майстры і рамёствы Свіслаччыны»
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Гісторыя нарадзілася на ганчарным крузе
Гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі прызналі пірог «банкуха» з Поразава
Корнадзьская скарбніца
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Бяру ніТКУ і тку...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Век будаваўся, не пражыў і два…
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Пакарыў Еўропу беларускай калыханкай
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Сказ пра паўроз (+ відэа)
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Жыў-быў граф...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Касцёл, якога няма...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Калі храмы адыходзяць у неба...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае»

Предыдущая статья

Плательщики обязаны…