Поразаўская чорнаглянцаваная кераміка ўключана ў спіс гісторыка-культурнай

10 Декабря’25
427


Поразаўская чорнаглянцаваная кераміка ўключана ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Гэта прыемная навіна стала сапраўднай падзеяй не толькі для гарадскога пасёлка Поразава, але і для ўсяго раёна.

Поразава з даўніх часоў лічылася цэнтрам ганчарства. Паводле дадзеных 1935 года, у гэтым мястэчку такой справай займалася больш як 75 сем’яў, а гэта каля 200 ганчароў. Прафесійныя навыкі і вопыт перадаваліся ад бацькоў дзецям на працягу многіх пакаленняў. Былі цэлыя дынастыі ганчароў. Яны жылі амаль на ўсіх вуліцах. А галоўная так і называлася – Ганчарная.

У пасляваенны час ганчарства пайшло на спад. А на пачатку 70-х спынілася. І толькі Іосіф Шопік займаўся вырабам ганчарнага посуду пад заказ музеяў і калекцыянераў. Да слова, ганчарныя вырабы з чорналашчонай керамікі майстра з Поразава Іосіфа Шопіка сёння знаходзяцца ў Мінску ў Нацыянальным музеі Беларусі. 

 Шопікі валодалі ўсімі спосабамі ганчарнага майстэрства, ведалі розныя тэхналагічныя прыёмы абпальвання гліняных вырабаў, але больш за ўсё ім падабалася ствараць так званы задымлены, чорны посуд. Перад тым, як паставіць вырабы ў печ, кожную пасудзіну націралі па-свойму, дэкарыравалі каменьчыкам – “грамушкай”. Пасля такой апрацоўкі посуд ставілі ў гарачую печ, куды абавязкова падкідалі смальнячок. Печ закладвалі так, каб да гліняных вырабаў не паступала паветра. Посуд гартаваўся, адначасова задымляючыся, набываючы прыгожы серабрыста-чорны колер. Прыгожы і зручны такі посуд, а гэта гаршкі, збаны, міскі, гарлачы, макотры, глячыкі,  шырока прымяняўся ў побыце.

Майстроў Шопікаў ужо няма на свеце, але памятаюць нашчадкі, памятаюць землякі, і таму справа іх жыве і будзе жыць. 



На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 5 снежня была разгледжана прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Традыцыя вырабу чорнаглянцаванай керамікі ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці”.

Прапанова была аднагалосна адобрана членамі рады. Скарбонку нематэрыяльнай спадчыны вобласці папоўніў яшчэ адзін, 26-ы элемент. Не перастала круціцца ганчарнае кола. І нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы.

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Предыдущая статья

Юные интеллектуалы. Учащиеся гимназии №1 имени П. Василенко завоевали победные и призовые места в сревнованиях по интеллектуальным играм