banner

Павук у хаце – лад ды багацце

30 Июля’21
2091
Вялікія і малыя, пірамідальныя і рамбічныя, круглыя і зоркападобныя... Вось такія павукі “водзяцца” ў Корнадзі. Не спяшайцеся палохацца. Гутарка ідзе не пра біялагічную разнастайнасць гэтых мясцін, а пра адраджэнне старадаўняга беларускага рамяства па стварэнні падвесных саламяных канструкцый – павукоў. Іх формы, пабудаваныя на злучэнні мноства аднолькавых модуляў, дзівяць сваёй гармоніяй. Сабраныя з лёгкіх саламяных трубачак, вырабы бязважкія і ажурныя. Падвешаныя да столі, яны нагадваюць па-майстэрску сплеценае павуцінне. Пэўна, таму і называюць іх павукамі. Кажуць, раней такія абярэгі меліся ў кожнай хаце. Верылі беларусы, што ў павуцінні заблытваюцца нячыстая сіла, няшчасці і хваробы, забярэ іх павук – і будзе ў сям’і мір ды лад. Праўда, было гэта даўно. Так даўно, што пра павукоў сёння нават старажылы тутэйшыя не памятаюць. І толькі ў апошні час дзякуючы Дар’і Баранцэвіч, кіраўніку гуртка “Калейдаскоп”, што працуе на базе Корнадзьскага ДС БШ, павукі пасля доўгіх гадоў забыцця зноў з’яўляюцца ў дамах мясцовых жыхароў. Як абярэг і элемент дэкору. Хто як успрымае...

Саломапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў. Шмат да чаго салома была прыдатная. Асобнае месца займалі саламяныя вырабы ў абрадах беларусаў. Розныя фігуры з немудрагелістага матэрыялу – гэта не проста цацкі, гэта абярэгі. Самымі загадкавымі з іх з’яўляюцца павукі, якія вырабляліся да дня зімовага сонцастаяння. Павук з павуціннем у светапоглядзе нашых продкаў сімвалізаваў Стваральніка і яго тварэнне – Сусвет. Мабыць, стваральная энергія павука павінна была перанесціся і на ўсё тое, што займала жыццёвы век беларуса.



– Вось мы кажам “павук”. А чаму “павук”? – разважае Дар’я Баранцэвіч. – У ім жа жаночы пачатак. Правільней гаварыць “павучыха”. Ёсць паданне, што калісьці на зямлі жыла Павучыха-прамаці. Яна звязвала сваім павуціннем зямлю і неба, звязала паміж сабой і людзей, якія стваралі род. Саламяныя павукі на Беларусі былі распаўсюджаны шырока. Так, месца сённяшняй ёлкі на Каляды займаў менавіта павук. Абавязкова вешаліся павукі над галовамі маладых, што бралі шлюб, над калыскай немаўляці. Рабіліся для таго, каб паспрыяць багаццю, здароўю, даўгалеццю. Нават над тым, хто цяжка і доўга паміраў, вешалі павука, каб ён дапамог выцягнуць душу, каб чалавек не мучыўся перад смерцю. “Працаваў” павук і на будучы ўраджай. У свіран яго вешалі, дзе зярно малацілі, ды і ў хлеў, дзе стаяла карміцелька-кароўка. Галоўнае – павук павінен быў выконваць магічную ролю, ахоўваць гаспадарку і гаспадароў. Вывешвалі яго на самым ганаровым месцы – у чырвоным куце, над сталом, павукі, вы ведаеце, любяць і вуглы. Ад самага лёгкага павеву абярэг пачынаў круціцца, “працаваць”, убіраць у сябе ўсю негатыўную энергію. Бачыце, мы гаворым, а ён рухаецца. Менавіта так павук чысціць прастору, энергетыку чалавека.

Захоўваўся ён цэлы год, затым абавязкова спальваўся, на змену рабілі новы. Шкада? Не, бо за год павук сваё ўжо адслужыў.

Дар’я Баранцэвіч у справе пляцення павукоў – самавучка. Добра ведае гісторыю вырабу саламяных абярэгаў і на практыцы працягвае авалодваць тонкасцямі рамяства. Вучыць гэтаму і дзяцей. Сёння корнадзьскія школьнікі могуць ствараць абярэгі сваімі рукамі. І цікавасць да гэтага занятку ў іх велізарная.

– Чым асабіста мне так спадабаліся павукі? Сваёй легкаважнасцю, – кажа Дар’я Валянцінаўна. – Як толькі першы раз пабачыла іх – улюбілася. Памятаю, яны віселі ў акне свіслацкага музея. Я тады яшчэ нават і не ведала, што гэта такое. І першыя гэтыя павукі засталіся ў маёй памяці па сёння. Ведаеце, тое, што мне некалі спадабалася, зараз са мной. Так і з павукамі. Гадоў шэсць мінула, як я зрабіла свайго першага павука. Ён быў самы дарагі для мяне, хоць і надта крывабокі. Да гэтай пары ў мяне дома вісіць. Падабаецца мне і тое, што павукі разнастайна дэкарыруюцца ўпрыгожваннямі з саломкі, паперы, нітак, стужак, насення, пяра. 

У Корнадзьскай школе ўжо сабрана свая калекцыя павукоў-абярэгаў. Яна пакуль невялікая, але ўвесь час папаўняецца. Калі трапляеш у царства гэтых саламяных цудаў, дзівішся іх далікатнай прыгажосці. Пад столлю таямніча рухаюцца канструкцыі розных памераў і форм. 










– Усе нашы павукі традыцыйныя, – расказвае майстар. – Бо без традыцый павукі не робяцца. Традыцыі захоўваем, але і дабаўляем нешта сваё. Традыцыйныя павукі – рамбічныя. Рамбічны павук заўсёды пяцірукі. Бачыце, вось асноўны ромб, а гэта лапкі. Пачынаюцца павукі з модуляў. Калі выраб вялікі, то трэба да чатырох соцен такіх дэталей, якія звязваюцца-злучаюцца трывалай ніткай. Асвоілі мы і пірамідальнага павука. Цельца яго – пірамідка, якая звязвае зямлю і неба. Гэта – павук вясняны. Зрабілі на Гуканне вясны. Маем і павука-зорку. Гэта – сонейка. Маці-прамаці – яна сонечная. Паглядзіце, гэты павук выглядае, як дзьмухавец. Ён таксама ўвасабляе сонца. Робіцца вельмі лёгка. Традыцыйна нарэзваецца саломка памерам да 30 сантыметраў, варыцца бульба. Трэба, каб яна падсохла. Пасля ўжо ў яе засоўваецца шмат саломінак-промняў, што разыходзяцца ў розныя бакі. Чаму? На зямлі шмат народнасцей, і трэба з імі ўсімі мець сувязь. Плануем у хуткім часе зрабіць з дзецьмі нешта асаблівае – злучыць у адным павуку розных. Каб ён нёс у сабе ўсе нагрузкі. Можа, такога ні ў каго няма і гэта будзе наш асаблівы почырк. Мы хочам, каб павучкоў было ў школе шмат і з сэнсам. І наш дырэктар, Вольга Аляксандраўна, прапанову падтрымлівае. Мы іх павесім усюды. Чаму не? Хіба яны замінаюць? Хутчэй дапамагаюць. Чалавек прыходзіць з дрэнным настроем, убачыў гэту прыгажосць – весялейшы стаў. Добра. Я ж сама большую частку павукоў раздорваю. Вось ідзеш у госці і нясеш гаспадарам падарунак. Не ўсе, праўда, разумеюць, што такое “павук”. “А нашто?” – пытаюцца. Тады пачынаеш размову. Слухаюць уважліва, з цікавасцю. А потым кажуць: “Столькі гадоў пражыла і нават не ведала”. Нават старэйшыя людзі. 

Аб чым трэба памятаць, беручыся за выраб павука? Важна, пераканана майстар, закласці ў яго часцінку сваёй душы, цяпла, творчага натхнення, і тады саламяны талісман перадасць гэты пазітыў свайму ўладальніку, будзе радаваць позірк прыгажосцю і вытанчанасцю формаў. 

– Галоўная наша задача – ствараць, злучаць былое з сучасным, каб яно жыло сярод нас, і перадаваць нашчадкам, – говорыць Дар’я Валянцінаўна. – Павукоў, паўтаруся, у нас будзе болей. Усюды пасадзім, каб неслі яны нам дабрабыт, росквіт, добрых разумных дзяцей, каб звярталіся малыя і юныя да зямлі, каб разумелі, адкуль мы і хто. Каб не жылі павярхоўна, а глядзелі ў свае карані. Няхай будуць тэхналогіі, няхай чалавеку лягчэй будзе жыць, але не трэба быць проста спажыўцом. Трэба ствараць прыгажосць. Хай вачам будзе прыемна. Свае добрыя думкі ўкласці ў таго самага павука – і ён верне гэтае дабро нам. Дзеці слухаюць мяне і прыслухоўваюцца. Пачынаю са сваіх. Яны малайчынкі. Ведаеце, я вельмі люблю вялікую сям’ю. Так атрымалася, што мы ўчатырох, акрамя сясцёр і брата, нікога няма – ні дзядзькоў, ні цётак. Усе, хто пажаніўся, мае дзетак. І мы іх усіх злучаем, звязваем. А я ўсё, што ўмею, перадаю маладому пакаленню. Ад мяне ад’язджаюць у горад натхнёныя, шмат багацця вязуць з сабою і там, дзе вучацца, расказваюць аб нашай справе. Гэта важна. Трэба, каб людзі бачылі, як тут, у вёсцы, мы захоўваем сваю спадчыну. Павукі – частка яе. Гэта традыцыі, яны аб’ядноўваюць і членаў сям’і, і аднавяскоўцаў, і народ. Павуцінка – нібы нітачка, што звязвае розных людзей у адно цэлае.

У славян 8 верасня – Дзень Рода і Рожаніц. У гэтае свята ўспамінаюць Рода, Бога-Творцу ўсяго існага і яго спадарожніц Рожаніц. Людзі ўзносяць хвалу Роду Нябеснаму (Богу) і Роду зямному (сваім продкам). Дзякуюць Багам за дабрабыт, за шчодры ўраджай і за сілу Рода, якая жыве ў яго дзецях. Асаблівая ўвага – жанчынам. Бо немагчымы Род без маці, якія працягваюць яго. Памятаюць пра гэта ў Корнадзьскай школе і маюць намер ладзіць 8 верасня, за тыдзень да пачатку “бабінага лета”, восеньскае жаночае свята. Павук мае да яго непасрэднае дачыненне. Ён – адно з увасабленняў Сусвету і Творцы і правіць вераснёўскі баль: другая палова месяца – гэта якраз час павуковага гону, калі па паветры носяцца павуцінкі.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара


Предыдущая статья

Наличие астмы и аллергического ринита не утяжеляет течение COVID-19 - медики