Родная мова.
Матуліна мова.
Скарб, які жывым агеньчыкам свеціць недзе ў самой глыбіні душы.
Гэта чысцюткая крыніца,
якая струменіць з сэрца, наталяе яго дабрынёй
і спагадай. Родная мова – гэта песні нашых бабуль, прабабуль, якія складаліся
самі па сабе і ў шчасці,
і ў горы. Гэта казкі,
якія баялі матулі сваім
дзеткам перад сном.
Нідзе ў цэлым свеце
няма такіх кранаючых
песень і казак. Бо гэта –
душа нашага народа,
які прайшоў праз тысячы выпрабаванняў, але
не страціў сваёй галоўнай каштоўнасці – чалавечнасці.
Нядаўна ў TikTok сустрэўся ролік, дзе маладая маці выказвала вялікае незадавальненне ад таго, што ў школе задалі сыну вучыць верш Якуба Коласа “Мой родны кут”, а ён такі цяжкі і такі доўгі. “Зачем вообще нам этот белорусский, он моему сыну все равно никогда не пригодится?” – так абуралася маці. Я ж, паслухаўшы яе скаргу, была, мякка кажучы, у шоку. Як і амаль усе, хто паслухаў яе “мудрае” выказванне раней за мяне. Водгукі людзей былі вельмі вострыя, адкрыта асуджальныя за такую пазіцыю. Многія спрабавалі даказаць, наколькі гэта важна – ведаць родную мову, не цурацца яе, а наадварот, паважаць і ганарыцца ёю. А да таго ж упэўнівалі, што верш лёгка вучыцца, можна нават песню паслухаць на гэтыя словы ў выкананні “Песняроў”. І запомніцца яшчэ хутчэй.
Цяжка сабе ўявіць, што спроба дастукацца да гэтай маці, будзе мець поспех. Але ж вельмі хацелася б. І наогул, хацелася б, каб наша мова гучала часцей, каб дзеткі ў дзіцячым садку часцей яе чулі, каб вывучалі вершы на роднай мове, слухалі песні. Гэта ж якое задавальненне, адчуванне радасці з’яўляецца ў душы, калі са сцэны гучаць беларускія песні ў выкананні дзяцей, апранутых у нацыянальныя касцюмы! Як заўзята маленькія артысты танцуюць нашу “Лявоніху”, “Весялуху”, “Бульбу”, “Крыжачок”!
А як неверагодна мілагучна гучыць беларуская музыка, якім цудоўным рэхам адгукаецца ў сэрцах слухачоў! Хто дзе, калі чуў музыку, прыгажэйшую за нашу родную, напісаную душой народа?! І дзе яшчэ ў свеце ёсць такая душа?!
Ну дык не цурайцеся яе, не саромейцеся гаварыць на роднай мове, адчуйце ўсёй істотай яе чысціню, прыгажосць, непаўторнасць. Яна – наша, яна матуліна, бабуліна, прабабуліна…
Адкіньце ў бок тэлефон з віртуальнай няняй, паспявайце над калыскай свайго дзіцятка ціхую, лагодную беларускую песню, і яно хутчэй засне, а ў маленькай душы застанецца назаўсёды тая песня, што спявала яму матуля. Раскажыце ці прачытайце дзіцяці беларускую народную казку, распавядзіце яму пра беларускіх казачных герояў, пра нашу Беларусь, пра яе блакітныя азёры і рэкі, пра лясы і лугі, пра звяроў і птушак. Растлумачце яму, што такое РОДНЫ КУТ і як яго трэба берагчы. Тады ніхто не скажа, што родную мову не трэба вывучаць у школе, таму што яна ніколі не спатрэбіцца. Спатрэбіцца! Яшчэ як спатрэбіцца, бо без яе душа робіцца халоднай і пустой. Бо мова ёсць душа народа.
Аляксандра КАНЦЭВІЧ,
г. Свіслач
Мая вандроука
Я старонкі кнігі гартаю
І вандрую па Беларусі,
І здаецца, вось завітаю
У вёску, дзе жыла прабабуся.
Вось маленькая яе хата,
На парог паціху ступаю,
У сенях водар духмянай мяты,
З асалодай яе ўдыхаю.
Як жылося маім прадзедам,
Вельмі хочацца мне дазнацца,
Як раслі ў гэтай хаце дзеці,
Як вучылі іх людзьмі звацца.
Вось у хаце вісіць калыска,
Немаўлятка ў ёй засынае,
А матуля, схіліўшысь нізка,
Штосьці ціха яму спявае.
Тут усё, як было калісьці,
Куфар кованы, стол дубовы,
У печы хлеб на кляновых лісцях
І ў збаночку квасок хлябовы…
Таму дому я пакланюся,
Шмат чаго я ў ім пазнала
І далей вандраваць імкнуся,
Дзе яшчэ нага не ступала…
Я старонкі кнігі гартаю
І вандрую па Беларусі,
А ў нябеснай сіні лунае
Белы-белы, бялюткі бусел.






