banner

Праект "Бацькаўшчына". Мінулае і сучаснае побач

04 Октября’22
727
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта  «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

У 1888 годзе цар Аляксандр III выдае ўказ аб перадачы Белавежскай пушчы ва ўласнасць царскай сям’і. Пушча рыхтуецца для правядзення паляванняў з царскім размахам. Але паколькі не хапала адпаведных памяшканняў для камфортнага размяшчэння высокапастаўленых паляўнічых, было вырашана пабудаваць паляўнічы палац. Для яго будаўніцтва абралі месца ў Белавежы на высокім беразе Нараўкі. Неўзабаве ён стаў своеасаблівым кутком цывілізацыі сярод першабытнага лесу, а сама Белавежа ператварылася ў восеньскую рэзідэнцыю манарха.


Белавежа. Выгляд палаца з боку Свіцкага дома. Конец XIX стагоддзя

Будаўніцтва палаца пачалося ў 1889 годзе па праекце графа Мікалая дэ Рашфорта і працягвалася пяць гадоў. У жніўні 1894 года ў Белавежу прыехаў на паляванне Аляксандр ІІІ, якому і прадставілі палац.
Пасля смерці Аляксандра III палац перайшоў яго сыну і спадкаемцу – Мікалаю II.

Палац быў з чырвонай цэглы і пабудаваны ў духу сярэднявечнага замка, з высокімі вежамі і круглымі востраканцовымі дахамі. Упрыгожвалі палац дзве вежы.


Імператарскі палац. Унутраны выгляд. Пачатак XX стагоддзя

Кожны пакой меў сваё аздабленне, а некалькі з іх адрозніваліся асобай арыгінальнасцю. Напрыклад, сярод свіцкіх пакояў сцены адной былі абклеены старымі паштовымі маркамі з усяго свету, іншая, аж да мэблі, была аздоблена ігральнымі картамі. Большасць пакояў мелі назвы.

У 1895 годзе вакол палаца закладваецца багаты парк у англійскім стылі плошчай 50 гектараў, які атрымаў назву «Палацавы парк». У паўднёвай частцы парка была створана сажалка. Упрыгожваннем палацавага ансамбля з’яўлялася цудоўная царква святога Мікалая з арыгінальным іканастасам і «царскімі варотамі». Храм пачаў будавацца неўзабаве пасля таго, як прыступілі да ўзвядзення палаца. (Дадзеная царква існуе да гэтага часу.)

Апошні раз імператар Мікалай ІІ наведаў палац 22 чэрвеня 1915 года. У гэты час ён знаходзіўся ў вайсковай стаўцы ў Баранавічах.

У перыяд Першай сусветнай вайны, з акупацыяй гэтай тэрыторыі нямецкімі войскамі, са жніўня 1915 г. па лістапад 1918 г. палац знаходзіўся ў нямецкім валоданні. У сакавіку 1919 года гаспадарамі палаца сталі палякі, якія ў ліпені таго ж года ў Белавежы правялі савецка-польскія перамовы аб абмене ваеннапалоннымі і вяртанні бежанцаў.

Неўзабаве «Палацавы парк» разам з палацам з мэтай атрымання прыбыткаў становіцца базай для турыстаў, пераважна замежных. Арганізоўваліся і паляванні, у тым ліку для найвышэйшых прадстаўнікоў улады Польшчы і іх замежных гасцей.

Калі ў верасні 1939 года ў Белавежу ўвайшлі войскі Чырвонай арміі, то былы царскі палац адразу ўзялі пад ахову. Байцоў размясцілі ў былых царскіх казармах.

З пачаткам Другой сусветнай вайны наступнымі гаспадарамі палаца зноў сталі немцы. Падчас вайны ў ім размяшчаўся штаб аднаго з падраздзяленняў Абвера.

У час вызвалення пушчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у ноч з 16 на 17 ліпеня 1944 года, падчас абстрэлу палац загарэўся. Як мяркуецца, у гэтым пажары згарэлі найкаштоўнейшыя заалагічныя і батанічныя калекцыі, якія збіраліся яшчэ з царскіх часоў. Загінулі матэрыялы даследаванняў, навуковая бібліятэка і фотаархіў.

Пасля заканчэння вайны пасёлак Белавежа стаў належаць Польшчы. Абгарэлы касцяк палаца быў падарваны і вывезены ў 1961 годзе.

Цяпер на месцы палаца размяшчаюцца дырэкцыя Белавежскага нацыянальнага парку, музей прыроды, рэстаран і гасцініца.



Музей прыроды нацыянальнага парку па сваім афармленні і багацці калекцый з’яўляецца адным з найбуйнейшых і лепшых музеяў гэтага профілю ў Рэспубліцы Беларусь, прычым па колькасці наведвальнікаў (каля 150 тыс. чалавек за год) не мае сабе роўных у рэспубліцы.

У музеі ёсць тры вялікія і дзве малыя тэматычныя залы агульнай плошчай 1 320 кв. м, дзе прадстаўлены, у асноўным, фауністычныя калекцыі з дабаўленнем асобных элементаў расліннага свету.

Каб больш поўна паказаць біяразнастайнасць рэгіёна, у залах музея размешчаны праекцыйныя экраны, на якіх дэманструюцца фатаграфіі прыродных і гісторыка-культурных аб’ектаў Белавежскай пушчы.


Палацавая брама засталася з часоў палаца. Тут размяшчаліся старожка і арсенал

Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

В Гродно прошло торжественное мероприятие, посвященное Дню учителя. Среди награжденных – представители Свислочского района