banner

Землякі — Траўгуту

10 Ноября’08
2078

Землякі — ТраўгутуУ гэтым годзе мінула 80 гадоў з дня адкрыцця ў Свіслачы помніка Рамуальду Траўгуту, аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863 — 1864 гадоў, выпускніку Свіслацкай гімназіі.

Адкрыццё помніка адбылося 17 чэрвеня 1928 года ў скверы паміж вуліцамі Дзяржынскага і 17 Верасня. Ініцыятарам узвядзення быў дырэктар Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Баляслаў Борыс. 10 мая 1923 года ён сабраў сход мясцовай інтэлігенцыі, якая пачала збіраць ахвяраванні. Было сабрана 550000 марак, што ў такім малым мястэчку было поспехам, але, улічваючы вартасць маркі, якая хутка дэвальвавалася, такая колькасць грошай была невялікай. Тады камітэт арганізаваў вечар з танцамі, дзе разыгрывалася латарэя, што дапамагло сабраць яшчэ 1739000 марак. Шмат грошай на помнік ахвяравалі вучні настаўніцкай семінарыі, якія, раз’ехаўшыся на канікулы, атрымалі праштэмпеляваныя лісты на збор ахвяраванняў у сваіх мясцовасцях. Збор грошай на помнік працягваўся два гады.

З успамінаў Вітольда Карпызы: «На гэты помнік, — пісала да мяне сяброўка Уруска, былая вучаніца семінарыі, — збіралі ахвяраванні ў мястэчку і ў ваколіцах. Я хадзіла з Веськам Гжэўскім. Яўрэі давалі нам па 5, 10 і 20 грошай. Справы ішлі марудна — яўрэі таргаваліся, але мусілі даваць».

Клопаты з будоўляй былі велізарнымі. Прадбачлівы скарбнік Ленартовіч пазычыў сабраныя грошы нейкаму прадпрыемству з той умовай, што вернуць пазыку збожжам. Гэта ўратавала грошы ад інфляцыі.

Да стварэння помніка прыцягнулі настаўніка малявання і працы семінарыі, чалавека выключных здольнасцяў Паўла Бялэка. Менавіта ён стварыў праект помніка, які ўзвышаецца сёння ў нашым горадзе. Каб зацвердзіць праект, пачалася нудная карэспандэнцыя.

Пасля некаторых паправак 28 чэрвеня 1824 года быў урачыста закладзены першы камень у фундамент пастамента. У сургучную бутэльку палажылі адпаведны акт і ўсё гэта ўмуравалі.

Характэрна, што гэты помнік не толькі праектаваў свіслачанін, але ён быў зроблены з мясцовага матэрыялу — слюдзянога каменя — тутэйшымі ўмельцамі-каменячосамі Канстанцінам Паўлючэнем з Вялікай Каланой, Міхаілам Курбатам і Іванам Бараноўскім са Свіслачы.

Пасля смерці дырэктара семінарыі Борыса віцэ-старшыня камітэта Ян Стжалкоўскі сабраў сход. Яго члены вырашылі выслаць дэлегацыю да тагачаснага польскага прэзідэнта з просьбай прыняць пратэктарат у справе будаўніцтва помніка.

У склад дэлегацыі ўвайшлі Ян Стжалкоўскі, дырэктар заатэхнічнага прадпрыемства ў Свіслачы Томаш Вахноўскі і ксёндз Альбін Горба. Горба пісаў: «Аўдыенцыя адбылася ў Каралеўскім замку і працягвалася 30 хвілін. Прэзідэнт Масціцкі даў згоду на прыезд у Свіслач на адкрыццё помніка, але не прыехаў, замест яго прыбыў генерал Фабрыцкі. Кіраваў цырымоніяй адкрыцця помніка школьны інспектар Хагель. На ёй прысутнічалі намеснік міністра абароны Польшчы, два біскупа з Вільні, праваслаўны архірэй з Гродна, дачка Траўгута Ганна Юшкевіч, прадстаўнікі Міністэрства асветы, грамадскасць Свіслачы, школьнікі. Пасля дзяржаўнага гімна стужку, якая апаясвала помнік, перарэзаў генерал Фабрыцкі. Потым адбыўся вайсковы парад, а затым у памяшканні семінарыі ў трох вялікіх пакоях пачаўся банкет на 150 асоб. Такая ўрачыстасць патрабавала шмат высілкаў. Харчаванне для банкета было прадастаўлена з навакольных маёнткаў. Сервіроўку сталоў забяспечыў граф Браніцкі з Росі.

Харцэры неслі ля помніка ганаровую варту, а дзяўчынкі-семінарысткі абслугоўвалі банкет».

Хоць помнік і адкрылі, але ён быў гатовы не да канца. Не хапала металічных дэталяў: арла, партрэта Траўгута і надпісаў. Іх зрабілі пазней на прадпрыемстве Бялэка. Бронзавую таблічку з медальёнам народнага героя суправаджаў надпіс: «Рамуальду Траўгуту — землякі. 1928 год». На левым баку змешчаны звесткі аб яго нараджэнні і смерці, а на правым — два сімвалы: Бог і Айчына (з такім заклікам ішлі паўстанцы ў бой).

9 кастрычніка 1928 года камітэт па справе будаўніцтва помніка быў распушчаны. Грошы, якія засталіся, былі расходаваны на дабрачынныя справы.

Праз адзінаццаць гадоў, калі Свіслач вызваляла Чырвоная Армія, помнік амаль разбурылі, застаўся толькі пяціметровы пастамент з слюдзянога каменя.

У 1989 годзе група гродзенскіх рэстаўратараў на чале з А. С. Анціпкіным аднавіла помнік па архіўных матэрыялах, і 25 ліпеня 1989 года адбылося другое адкрыццё помніка, прычым таксама ўрачыстае. На гэты раз прысутнічала група карэспандэнтаў тэлебачання з Кракава разам з вядомым прафесарам, доктарам, архітэктарам В. Зіпам, а таксама вялікая колькасць свіслачан.

В. ШКУЛЕПА,

навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Предыдущая статья

Нам кредиты строить и жить помогают