banner

Народны каляндар

31 Марта’08
3452
      1 красавіка. Дар’я Вясенняя. Свята вясны ў некаторых раёнах. На апошні сняжок і ранішні мароз сяляне выносілі адбельваць палотны. Імяніны: пр. Клаўдзія, Дар’і; к. Гражыны.
      2 красавіка. Серадапосце. Выпякалі “храстцы” (вырабы з цеста ў выглядзе бараны, іншых сельскагаспадарчых прылад), якія бралі на засеўкі. Імяніны: пр. Аляксандры, Анатоліі, Матроны, Праскоўі, Ульяны, Фядоссі, Віктара, Івана, Мікіты, Севасцьяна, Сяргея; к. Уладыслава, Францішка.
      3 красавіка. Імяніны: пр. Фамы, Фёдара, Якава; к. Рышарда.
      4 красавіка. Васіль Сонечнік. “Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае”. Прылятаюць зяблікі, чайкі. Калі гэтая ноч цёплая, то вясна чакаецца дружная, а калі з раніцы яшчэ і сонца, то добрае надвор’е прастаіць яшчэ доўга.
Імяніны: пр. Ісака; к. Вацлава, Ізыдара.
      5 красавіка. Арына (Ірына). “На Арыну сей капусту ў расадніках (на расаду)”. Імяніны: пр. Лідзіі, Амфілохія, Васіля, Генадзя, Дзмітрыя; к. Ірэны, Вінцэнты.
      6 красавіка. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Выпякалі рытуальную страву “для мядзведзя”.
Імяніны: пр.  Артамона, Захара, Пятра, Якава; к. Пятра, Часлава.
      7 красавіка. Благавешчанне Прасвятой Божай Маці. Адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў, у якое забаранялася ўсякая работа: “На Благавешчанне дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ўе”. Менавіта па тым, якое надвор’е павінна быць у гэты дзень, меркавалі пра будучы ўраджай, надвор’е ўлетку і ўвосень. Казалі, што такое надвор’е, як на Благавешчанне, павінна паўтарыцца на Вялікдзень. Калі свята было цёплае, трэба чакаць марозную восень, і наадварот. Умеранае надвор’е — умеранае будзе лета і такі ж умераны ўраджай. Калі на Благавешчанне дождж — збярэш багата хлеба, калі суха, то і лета будзе засушлівае. З Благавешчання ажываюць мураўі і камары. У многіх раёнах Беларусі “гукалі вясну”. Моладзь наладжвала гульні, карагоды. На паўднёвым усходзе Беларусі “вадзілі стралу”. Імяніны: пр. Аляксандра; к. Даната, Руфіна, Сатурніна, Яна.

Предыдущая статья

Силу слова никто не отменял