Дом банкухі запрашае

10 Декабря’25
400

Сёння ў Поразава ўрачыста адкрыўся Дом банкухі – славутага поразаўскага пірага, які ў снежниі 2019 года папоўніў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у ліку пяці новых элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

За наданне пачэснага статусу гэтаму па-сапраўднаму ўнікальнаму кулінарнаму шэдэўру з цеста прагаласавалі ўсе члены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.. Ды і ці ж магла не спадабацца прысутным наша банкуха як на выгляд, так і на смак?!

А сёння ў банкухі адбыліся сапраўдныя ўваходзіны. Для гэтага цудоўнага пірага адкрыта спецыяльнае памяшканне. Яно так і называецца – Дом банкухі.

З такой урачыстай нагоды ў Поразава прыехалі пачэсныя госці. А гэта начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, старшыня Свіслацкага райвыканкама Андрэй Грыцкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кулікоў, старшыня Свіслацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Мікалай Арол, загадчык сектарам культуры райвыканкама Ірына Гутар.

З цёплымі словамі прывітання прысутных звярнуўся Андрэй Грыцкевіч.

–   Наша свіслацкая зямля вельмі ганарыцца сваімі землякамі, якія ва ўсе часы праслаўлялі наш прыгожы пушчанскі край, – сказаў Андрэй Сяргеевіч. – Мы ганарымся сваёй гісторыяй, той спадчынай, якую пакінулі нам продкі. А сёння ў нас таксама адбываецца вельмі важная падзея. Славутая поразаўская банкуха атрымае юрыдычны адрас і афіцыйную прапіску. Гэты пірог ужо вядомы ва ўсёй Беларусі. Але яшчэ далёка не ўсім пашчасціла паспрабаваць яго на смак. У нас у раёне ёсць ужо дзве такіх славутасці: “бацькава булка” і банкуха. Хачу шчыра падзякаваць тым людзям, якія захавалі да сёння традыцыі старэйшых пакаленняў і перадаюць маладым. Спадзяюся, што гэты дом будуць наведваць юныя паразаўчане, вучыцца ў сённяшніх слаўных гаспадынь і пераймаць іх вопыт, каб праз гады перадаць яго ўжо сваім дзецям.

Да гэтых шчырых слоў далучылася Алена Клімовіч.

–   Сёння на самой справе вельмі знаменальны дзень у нашай гісторыі, і не толькі Свіслацкага раёна, а і ўсёй Гродзеншчыны – адзначыла Алена Віктараўна. – Гродзенская зямля адметная, яна захавала шмат помнікаў гісторыі, і свіслацкая таксама адметная. Зусім нядаўна чорналашчоная поразаўская кераміка таксама занесена ў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. І гэта ўсё дзякуючы жыхарам вашага мястэчка. Бо калі б не было гэтай пераемнасці, перадачы ведаў, то не было б і сённяшняга адкрыцця Дома банкухі.

Алена Віктараўна падзякавала прадстаўнікам раённай улады, асабіста Андрэю Грыцкевічу за падтрымку ініцыятывы работнікаў культуры.

Права перарэзаць чырвоную стужку і адкрыць Дом банкухі прадастаўляецца Андрэю Грыцкевічу, Алене Клімовіч і Ірыне Гутар. Госці заходзяць у дом, які напоўнены цудоўным водарам здобы, ад якога аж захоплівае дух. А вось і цуда-майстрыхі –Алена Казюк, Ганна Шалкевіч і маладая гаспадынька Алена Андрушка, з лёгкай рукі якой і адбылася сённяшняя падзея. Яны ўтрох завіхаюцца каля печы, дзе выпякаецца банкуха. Госці могуць на свае вочы пабачыць гэты неверагодна складаны працэс.

А, можа, хто не ведае, што такое банкуха? Не дзіўна, бо страва гэта не паўсядзённая. Каб нарадзіўся гэты ўнікальны пірог, трэба пастаяць над ім, як кажуць гаспадынькі, ажно восем гадзін. Болей таго – трэба мець усе неабходныя для цеста прадукты, сярод якіх 60(!) абавязкова хатніх яек, па кілаграму вяршковага масла вышэйшага гатунку, цукровай пудры, смятаны, мукі. Каб прыгатаваць банкуху, неабходна i спецыяльнае прыстасаванне – драўлянае «валко» з ліпы, замацаванае на металічным стрыжні, што нагадвае калодзежную кульбаку. Яго ставяць на пліту перад печчу. Нараджэнне банкухі – гэта пастаяннаее паліванне цеста на «валко» і яго няспыннае кручэнне. Менавіта дзякуючы гэтай працэдуры і «вырастаюць» на пірагу калючыя адросткі, а ўнутры ўтвараюцца запечаныя пласты, што пры разразанні гатовага вырабу нагадваюць гадавыя кольцы спіленага дрэва. Адсюль, пэўна, і пайшла назва банкухі (ад нямецкага baumkuchen, што азначае «дрэва-пірог»).

Многія, хто хоць раз паспрабаваў гэты пірог, хацеў бы яшчэ і яшчэ атрымаць асалоду смакуючы такі кулінарны шэдэўр. З задавальненнем хацелі б і куппіць яго, але гэта даволі складана, бо, як ужо гаварылася раней, прыгатаванне патрабуе шмат часу. І, зразумела, што такія пірагі не стаяць на палічцы ў краме. Але зараз сітуацыя можа змяніцца. Банкуху можна будзе заказаць заранёў. І атрымаць сапраўдную асалоду ад яе непаўторнага смаку.

Гэта ацанілі і госці. Свежаспечаным пірагом частавалі ўсіх, хто прыйшоў на свята.

А гаспадынькі за сваю крапатлівую працу атрымалі падарункі. Іх уручылі старшыня Свіслацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Мікалай Арол, старшыня Поразаўскага сельвыканкама Віктар Акудовіч. Загадчык сектарам культуры райвыканкама Ірына Гутар уручыла Алене Казюк і Ганне Шалкевіч ганаровыя граматы.

Дом банкухі справіў наваселле. Кожны яго пакой нагадвае гісторыю мінулага. На сценах фатаграфіі 30-40 гадоў мінулага стагоддзя, шмат сучасных здымкаў, на якіх адлюстраваны працэс выпякання банкухі, момант уручэння пірага старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, міністру культуры Руслану Чарнецкаму, здымак паседжання Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады ў час занясення поразаўскага пірага ў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ ў адным пакоі сабрана старадаўняя мэбля: куфар, шафа, стол, ложак. Вышытыя карціны, патэфон. Усе гэтыя каштоўнасці сабраны работнікамі культтуры і старшынёй сельскага Савета пасёлка.

Дом банкухі адкрыты. Ён гасцінна запрашае ўсіх гасцей, хто хоча наблізіцца да нашых вытокаў, да сапраўдных каштоўнасцяў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота Лізаветы ЛАЗАРАВАЙ

 

 

 

 

Предыдущая статья

В комиссии по противодействию коррупции рассмотрели правильность заполнения деклараций