banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Бяру ніТКУ і тку...

25 Октября’19
3435
Ткацтва – гэта, бадай што, адзін з самых даўніх і самых распаўсюджаных на Беларусі відаў народнага мастацтва. Яно добра было вядома нашым продкам як хатняе рамяство. Нічога дзіўнага: уменне ткаць лічылася абавязковым для кожнай сялянкі, і нездарма асноўную частку пасагу дзяўчыны, што выходзіла замуж, павінны былі складаць тканыя вырабы. Дэкаратыўны эфект і практычныя якасці тканых рэчаў, у першую чаргу паясоў, чатыры гады таму звярнулі на сябе ўвагу Дар’і Баранцэвіч з Корнадзі – чалавека, які з непадробнай цікаўнасцю ставіцца да ўсяго новага. Аднойчы апынуўшыся на курсах па ткацтву і атрымаўшы там пэўныя азы рамяства, Дар’я Валянцінаўна сур’ёзна занялася тэорыяй і практыкай старадаўняй справы. Спачатку разгарнула дзейнасць па аднаўленню ткацтва паясоў пры сельскім клубе, дзе працавала, а з гэтага навучальнага года завіхаецца ў Корнадзьскім ДС БШ разам з рабятамі, што ходзяць да яе на гурток «Калейдаскоп» ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Свіслачы. Планы на будучыню, як кажуць, напалеонаўскія: ад аздаблення школьнага музея і аж да выпрацоўкі мясцовых рысаў ткацтва.

Дар’я БАРАНЦЭВІЧ, кіраўнік гуртка «Калейдаскоп» Корнадзьскага ДС БШ:



– У ткацтве мы сабе дазваляем усё. Бярэм пакрыху ад усіх і робім нешта адметнае, сваё. Радуюць дзеці. Мне падабаецца, як яны разважаюць, гледзячы на рознакаляровыя тканыя ланцужкі. «Што, – пытаюся, – вы бачыце на сваім поясе?» «Поле, усыпанае каласкамі, зярняткі, конікаў, што стракочуць у траве, зоркі, геаметрычныя фігуры... » – адказваюць. Прыгожа! Можна, дарэчы, і словы выткаць. Хутка мы будзем спрабаваць рабіць гэта. Увогуле, паясы заварожваюць. Я сама, як увайду ў працэс, то забываюся нават, дзе знаходжуся.

Дар’я Валянцінаўна расказвае:

– Займаюся я паясамі ўжо пяты год. Спачатку было нялёгка, таму што сама яшчэ толькі-толькі пачынала асвойваць ткацтва. Але вочы баяцца, а рукі спрабуюць і робяць. Хутка ўсё атрымалася і нават падштурхнула да ідэі зрабіць паясы, якія будуць адрознівацца ад іншых і стануць візітнай карткай нашай Корнадзі. Мы з дзеткамі пачыналі з маленькіх такіх паяскоў, калі я працавала ў сельскім клубе і вяла гурток «Умелыя ручкі». Сёння ўжо і не верыцца, што тады мы нават не ўмелі абрамляць кончыкі сваіх першых вырабаў. Ужо потым канцы паясоў у нас набылі форму кутасоў, мы пачалі і касу плясці, таксама такія вось пэндзлікі робім. Пахвалюся, вось гэта мой сын Усевалад ткаў. Ён шмат тчэ, дапамагае мне. Гэта добра: усім валодаць будзе, усімі рамёствамі. Усевалад – адзін з заўсёднікаў гуртка «Калейдаскоп», які я вяду. Дарэчы, тут мы не толькі ткацтвам займаемся, але і выцінанкай, і саломапляценнем... «Калейдаскопам» і назваліся ад таго, што ён шматгранны і мае ўнутры мноства каляровых элементаў і ўзораў – на любы густ.

Дар’я Валянцінаўна абяцае завесці мяне ў школьную майстэрню і паказаць, як ткуцца гэтыя паясы, і я адразу ўяўляю сабе вялізныя кросны з перапляценнем нітак асновы і ўтку.

– Мы працуем не на ткацкім стане, – нібы прачытаўшы мае думкі, заўважае майстрыха. – Тчэм на больш простых прыладах. Пачалі на дошчачках (яны зручныя і танныя). Добра ткаць і на бердзечку, таму што гэтае прыстасаванне дазваляе зрабіць выраб патрэбнай даўжыні і дае волю з узорамі. Будзем і «на ніту» ткаць, і спрабаваць выконваць плеценыя паясы. Гэта ўсё ткацтва, але ў розных тэхніках, якія пакінуты нам у спадчыну беларускімі ткачыхамі.

Традыцыйныя беларускія паясы ткалі менавіта на дошчачках – невялікіх драўляных квадратных пласцінках з чатырма адтулінамі на вуглах. У кожную адтуліну дошчачак, зложаных адна да адной, працягваюцца ніткі і замацоўваюцца. Аснова падзяляецца на два слаі, утвараючы зеў (паварочваеш дошчачкі – ніткі асновы мяняюцца). Узор атрымліваецца ў залежнасці ад чаргавання каляровых нітак асновы, ад павароту дошчачак у час ткання (іх можна паварочваць усе разам і ўразнабой, мяняючы напрамак павароту). Для арнаментыкі такіх паясоў найбольш характэрны падоўжаныя каляровыя палоскі ў спалучэнні з дробнымі крапінкамі.

Калі пояс пачынаецца з дошчачак...


– Так выглядаюць дошчачкі, – паказвае інструмент Дар’я Валянцінаўна. – Звярніце ўвагу, яны спецыяльна пранумераваны. Тчэм мы пакуль на дванаццаці. Не абыйсціся тут без уточнай нітачкі, шпількі (яна патрэбна для таго, каб дошкі не разбегліся, ніткі не пераблыталіся, бо ўзор будзе ўжо не той). Дарэчы, сам узор тут ужо закладзены. Працуем мы па схемах, якія і малюем самі. Схема – гэта адлюстраванне ў рысачках нашага будучага пояса. Прыбіваць нітку трэба драўляным нажом, але нам спадручней далоняй. У працэсе ткацтва сочым, каб дошчачкі ўсе былі роўныя. Правяла туды-сюды, адкрыўся зёў, прыбіла. Зноў працягваю ўточную нітачку, зноў замацоўваю тканіну, падцягваю, каб нашы кромачкі былі прыгожыя...



Асобная размова – ткацтва паясоў на бердзечку. Бердзечка ўяўляе сабой драўляную пласціну, падзеленую шчылінамі на трасціны з адтулінамі пасярэдзіне. У шчыліны і адтуліны прапускаюцца ніткі. Працэс ткацтва – падыманне і апусканне бердзечка і прапусканне ўтку. Узор атрымліваецца чаргаваннем каляровых нітак па аснове або ў выніку дадатковага выбару асобных нітак.

Так выглядае з боку ткацтва на бердзечку.

– Вось мы зрабілі сучасныя бердзечкі па схемах, якія знайшлі ў кніжках, – дэманструе прыладу ткачыха. – Усё, што вы бачыце на маёй сукенцы, я ткала на ім, аздобіла рукавы, варатнік, манжэты, грудную частку, падол, ну і сам пояс павязала. На бердзечку можна выткаць трыццаціметровую стужку. Вы кажаце, ніткі зблытаюцца. Не, для гэтага я сплятаю іх у касу. Трэба сказаць, тэхніка ткацтва на гэтым прыстасаванні даволі лёгкая. Вось, напрыклад, мы заправілі бердзечка, яно ў рабочым стане. Тут таксама, як і з дошчачкамі, прысутнічае ўточная нітка, праўда, яна ўжо на верацяне, якое бегае туды-сюды, а бердзечка – уверх-уніз...



Гаворачы пра традыцыі ткацтва паясоў, нельга абыйсці і яшчэ адну адметную тэхналогію – ткацтва «на ніту». Пры ткацтве «на ніту» ніткі асновы падзяляюцца на два слаі, адзін з якіх звязваюць пятлёй, а на другім вяжуць ніт – петлі, замацаваныя на палачцы. Аснова часцей шэра-белая, а «граюць» тут ніткі каляровыя. Тэхналогія дазваляе ствараць паясы з вялікай колькасцю ўзорных нітак.

– Нашы продкі выкарыстоўвалі паясы шмат для чаго, – кажа Дар’я Валянцінаўна. – Мы таксама хочам ткаць не толькі для музея, папаўняючы яго экспанатамі, але і выкарыстоўваць вынікі нашай працы ў быце. Згадзіцеся, тканы пояс, тасьма – гэта можа быць не толькі прыгожа, але і практычна. Нездарма паясы заўсёды займалі важнае месца ў складзе мясцовых строяў, нацыянальным адзенні. Нашы паясы будуць і элементамі дэкору, і практычнымі рэчамі, і добрымі сувенірамі для тых, хто завітае да нас у госці.


Тканая тасьма – прыгожая дэталь убора.

Па ўсім відаць, ткацтва ў Корнадзі адраджаецца і будзе мець працяг дзякуючы зацікаўленым дарослым і дзецям: першыя з задавальненнем перадаюць свой вопыт, а другія ахвотна пераймаюць яго. Усе з пашанай і гонарам ставяцца да традыцый ткацтва, лічаць яго неад’емнай часткай мясцовай культуры, якую трэба захоўваць і перадаваць нашчадкам. 

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

От Евроигр до выборов