banner

Трэба бачыць вочы дзяцей

08 Апреля’20
1266

Ульяна Борис с бабушкой1.jpgУ гэтым годзе маёй бабулі Леанідзе Уладзіміраўне Борыс споўніцца семдзесят гадоў. Мяне вельмі зацікавіў яе жыццёвы шлях, таму я вырашыла пагутарыць з ёй, каб як мага больш даведацца аб звычайных і незвычайных момантах жаночага лёсу такога любага і дарагога мне чалавека. А яшчэ чаму-небудзь навучыцца, пераняць карысныя парады для свайго асабістага жыцця.

– Бабуля, раскажы, калі ласка, якім чынам ты аказалася на Свіслаччыне?

–  Ведаеш, мая дарагая ўнучка, сама я родам з Навагрудскага раёна. Там на высокім беразе Нёмана туліцца невялікая вёска Альхоўка. Мясціны багатыя, прыгожыя. У нашай сям’і было трое дзяцей: дзве дзяўчынкі і хлопчык. Працавалі ўсе вельмі многа на зямлі, бо была вялікая хатняя гаспадарка, адпачываць амаль практычна не было часу. У Альхоўскай школе скончыла восем класаў, затым вучылася ў Бярозаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1967 годзе адразу паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мая родная сястра ўжо амаль год вучылася на ім, таму прысутнасць блізкага чалавека яшчэ больш падштурхоўвала мяне да здачы ўступных экзаменаў на “выдатна”. Пасля заканчэння ВНУ была накіравана на працу ў Свіслацкі раён. Спачатку выкладала беларускую мову і літаратуру ў Палонкаўскай сярэдняй школе амаль два гады, а потым вучыла дзяцей нашай роднай мове ў Вердаміцкай сярэдняй школе.

– Што запомнілася больш за ўсё табе за гады вучобы ва ўніверсітэце?

– Вучыцца было вельмі цікава, хоць і складана. Галоўнае патрабаванне для ўсіх нас, студэнтаў-філолагаў, было адзінае – чытаць многа твораў рускай, беларускай і замежнай літаратуры. Каб паспець усё прачытаць, вельмі часта дзялілі кнігі паміж аднагрупнікамі, а потым пераказвалі адзін аднаму. Абавязкова вялі дзённікі прачытанных твораў, каб мець не толькі агульнае ўяўленне, але таксама адзначаць асаблівыя “моманты” кожнага з іх. На практычных занятках аналізавалі мастацкія тэксты, многа вучылі ўрыўкаў на памяць. Калі ў студэнта была добрая база ведаў за курс сярэдняй школы, тады яму было значна лягчэй вучыцца. Былі моманты, якія зараз успамінаюцца з усмешкай. На старэйшых курсах маглі прапусціць агульную лекцыю, каб збегаць паглядзець фільм у кінатэатр. Асабіста я лічу, што самае галоўнае ў гады маладосці – гэта быць студэнтам, бо тады трэба пастаянна развівацца і вучыцца новаму. Згадзілася бы застацца “вечным” студэнтам, калі была б такая магчымасць.

– Чаму ты стала менавіта настаўніцай беларускай мовы і літаратуры?

– Любоў да педагагічнай працы выхавалі ў мяне з самага дзяцінства. Многія з маіх родных пайшлі па гэтаму цяжкаму, але цікаваму шляху. У будучым яны сталі дацэнтамі, загадчыкамі аддзелаў адукацыі, выхавацелямі дашкольных устаноў і проста настаўнікамі. Чаму беларуская мова і літаратура? Бо ў мяне перад вачамі былі яркія прыклады людзей, на якіх мне хацелася раўняцца. Іх імёны я помню і сёння: Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, Іван Астапавіч Саўко, Тамара Філіпаўна Сцяцко.

– А можа, жыццё было б іншым без настаўніцкай дзейнасці?

– Не ведаю дакладна, але калі была б магчымасць зноў выбраць свой жыццёвы шлях – не раздумваючы ні хвіліны, зноў бы стала настаўніцай.

– Кажуць, што ў школе вельмі цяжка працаваць. Ці праўда гэта?

– Я лічу, што галоўнае для чалавека, які выбраў навучанне дзяцей новым ведам, – гэта валодаць сваім прадметам, быць у курсе навінак, прапагандаваць, рэкамендаваць, заахвочваць вучняў да спасціжэння невядомага, цікавага. Трэба заўсёды бачыць вочы дзяцей, чуць іх сэрцы, адчуваць унутраны свет. Тады ўсё будзе добра і працаваць стане лягчэй. Вучні будуць удзячны вам, а гэта самая вышэйшая ўзнагарода для настаўніка.      

– Як сёння складваецца тваё жыццё?

– Шчыра кажучы, усім задаволена, хоць ёсць вельмі балючая і незагойная рана. Але паплачу раз-пораз, паразважаю і зноў шукаю сілы, каб жыць далей. Стараюся не ўпускаць у сэрца горкае і сумнае. Радасць, як гэта ні дзіўна прагучыць, знаходжу ў турботах па гаспадарцы. Вельмі люблю чысціню і парадак на сядзібе. Калі дазваляе час, абавязкова завіхаюся на агародзе, вырошчваю кветкі. Ведаеш, Ульяна, кабінет беларускай мовы і літаратуры, дзе я з’яўлялася загадчыкам, у свой час быў самым лепшым у раёне. У ім быў цудоўны этнагарафічны вугалок, а на вокнах цвілі кветкі. Каляровыя пеларгоніі, аж 15 штук. Прыемна было тады прыходзіць на ўрокі ў кабінет. Але галоўнае, чым я ганаруся – гэта мае выдатныя сыны, нявесткі і чацвёра ўнукаў.

– Больш цікавае пытанне для мяне: што ты можаш сказаць пра сённяшніх вучняў?

– Мне здаецца, што над вучнямі многа “вартаўнікоў”, шмат робіцца непатрэбнага. Праўда, маладое пакаленне згубіла ранейшыя актыўнасць, самастойнасць, настойлівасць і ўпартасць. Цяпер вялікая ўвага надаецца інфармацыйным тэхналогіям, але ў віры падзей губляецца простая размоўная лексіка, дзеці перасталі чытаць. Навіны ў Інтэрнеце замянілі творы беларускіх класікаў. Я лічу, што так не павінна быць. Трэба хоць некалькі хвілін ў дзень аддаваць чытанню беларускіх твораў, каб сфарміраваць свой асабісты густ, слыць у грамадстве выхаваным і адукаваным чалавекам. Раю пачынаць вам з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” і верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”.  

– Дзякуй, бабуля! Прыемна было з табой пагаварыць. Жадаю табе здароўя, шчасця і асабістых поспехаў у жыцці.

Ульяна Борыс, вучаніца 8 класа Вердаміцкага ДС СШ

Предыдущая статья

Начальника РОЧС Сергея Мленика проводили на заслуженный отдых
Похожие новости