banner

З гісторыі, з былых вякоў нам засталіся... руіны

24 Августа’11
3903

З гісторыі, з былых вякоў нам засталіся... руіны

Месца, дзе знаходзіцца амаль разбураны будынак некалі велічнага храма, сёння нам вядома як вёска Грынявічы (у мінулым Вялікая Лапеніца). Сюды чамусьці цягне зноў і зноў. Мабыць, маніць гістарычнае мінулае, аб цікавасці якога сведчаць ледзь бачныя каляровыя фрагменты на абшарпаных сценах, вінтавыя лесвіцы, па якіх ужо немагчыма падняцца без рызыкі для жыцця, рэшткі агароджы, некалі вызначаўшай тэрыторыю храма.

З гісторыі, з былых вякоў нам засталіся... руіныУ рэальным часе вандрую па маляўнічых руінах сама. Кожную дэталь імкнуся захаваць у памяці надоўга. І не проста захаваць, а ўявіць, што тут адбывалася некалькі стагоддзяў таму. І ў гэтым мне дапамагае гісторык Сяргей Раманаў. Высвятлілася, што ў Лапеніцы, якая ў розныя часы належала Агінскім, Булгарыным, Юзэфовічам, некалі існаваў вялікі палац у стылі класіцызма, але найбольшую ўвагу звычайна прыцягвае менавіта францысканскі кляштар.

З гісторыі, з былых вякоў нам засталіся... руіныДраўляны кляштар (манастыр) быў фундаваны Янам Агінскім у 1635 г. у гонар перамогі над туркамі з наданнем яму права карыстання фальваркам Целякі. У кляштары звычайна пражывала невялікая колькасць францысканцаў, якія займаліся душпастырствам і лячэннем. У 1792 г. былі ўзведзены мураваныя касцёл і кляштарныя будынкі. Касцёл з’яўляецца помнікам позняга барока і збудаваны паводле каталіцкага канона ў выглядзе трохнефавай базілікі. У 1870 г. адабраны пад праваслаўную царкву. Замест каталіцкіх купалоў было ўстаноўлена пяць праваслаўных. Пад галоўным купалам быў падвешаны звон вагай у тысячу пудоў – дар цара Аляксандра ІІІ. У польскі час царква ізноў была перароблена пад касцёл.

З гісторыі, з былых вякоў нам засталіся... руіныЛапеніцкі кляштар знакавы для беларусаў у тым сэнсе, што ў 1919 г. тут пэўны час жылі і служылі беларускія ксяндзы, палітычныя дзеячы і літаратары Вінцук Адважны (Язэп Германовіч) і яго сябра Казімір Сваяк (Казімір Стаповіч). Тут яны прамаўлялі свае казанні на беларускай мове, за што спаланізаванае касцёльнае кіраўніцтва аказвала на іх уціск. З 1939 года па 1965 храм зноў лічыўся праваслаўнай царквою. У разгар атэістычнай дзейнасці “аўтарытэтная” камісія закрыла храм з-за яго “аварыйнага” выгляду. Без людскога дагляду будынак з часам прыйшоў у заняпад.


З дзённіка Казіміра Сваяка: “27.VII.1919. Лапеніца. Прамаўляў тут па-беларуску. Неспадзявана добрай душой была выслухана прамова, хоць колькі асоб з мясцовай шляхты спачатку ўсміхнуліся, што “папросту” аб Богу стаў вучыць. Людцы прывыклі клясці толькі долю сваю і грашыць па-беларуску, вось дзіўным здалося, што можна і хваліць Бога гэтай мовай, каторая годная ўзгарды ў вачах паноў усіх гатункаў і падпанкаў. Заінтарасаванне збудзілася, аднак, немалое – асабліва (як паказалася пасля) спаміж праваслаўных. Гэтых апошніх можна было б такім парадкам пацягнуць да касцёла і яго навукі, бо польшчыны яны не церпяць”.


Вольга БУБЕНЧЫК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

На здымках: пачатак ХХ стагоддзя; вінтавая лесвіца; амаль праз сто гадоў...; рэшткі алтара.

Предыдущая статья

Жизнь и на деревне хороша, когда в труде поет душа