banner
Госці ў хату – яечня на стол
14:48 11 Января’14
3843
Гэта проста цудоўна, што новы 2014 год у нашай краіне аб’яўлены годам гасціннасці. Спрадвек мой народ вылучаўся гасціннасцю і ветлівасцю. Для госця знаходзілі ў хаце самае шаноўнае месца, імкнуліся накарміць як мага смачней. Беларусы  заўсёды давалі прытулак вандроўнікам, усім тым, хто стаміўся ў дарозе,  ды й проста жабракам, накарміць якіх лічылася ў абавязковым парадку. Гасцей мы  сустракалі і працягваем сустракаць у ХХІ стагоддзі хлебам-соллю.
Цікава, што раней у народзе гасцей называлі ветліва, амаль паэтычна – гасціна. Дарэчы, гасцінай называўся і сам прыём гасцей, само частаванне. І з гасцінай лічылася ўжо справай гонару весці змястоўную і цікавую гутарку. 
Мне ўзгадваюцца радкі Максіма Багдановіча:
Усяго стаяла досыць 
для гасціны:
Нават мёд быў і чмяліны, 
і  пчаліны.
«Госцейка!» – менавіта так ласкава звярталіся нашы продкі да свайго госця. І зусім зразумела, чаму беларускі народ заўсёды імкнуўся гасціныя ў сваіх хатах упрыгожыць як мага лепш і прыгажэй. Паўсюль былі даматканыя дываны і ходнічкі.
Госць, у сваю чаргу, прывозіў шматлікія гасцінцы гаспадарам. Мой народ-паэт нават дарогу, якая вельмі часта вяла ў бацькоўскую хату, назваў прыгожа – гасцінец. Такі гасцінец спрадвек беларусы абсаджвалі дрэвамі. І сёння на Беларусі захавалася шмат гасцінцаў, абсаджаных ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Гэтымі ж гасцінцамі і сёння да нас едуць турысты з розных краін. І ад таго, як сёння мы прымаем гасцей таксама залежыць імідж Беларусі. І так хочацца, каб наша сінявокая старонка працягвала заставацца самай гасціннай краінай у свеце. Так хочацца, каб ва ўсіх нас станавілася больш званых гасцей, каб больш гасцей запрашалася на рознага кшталту ўрачыстасці, сямейныя ды вытворчыя.
Што ж такое гасціннасць? Гэта, канешне, вялікае жаданне і заўсёдная гатоўнасць прыняць гасцей і добра пачаставаць іх. Гэта, канешне, і ветлівасць, і сардэчнасць у абыходжанні не толькі са сваякамі, але і з чужымі людзьмі.
І як тут не ўзгадаць яшчэ радкі з верша Янкі Сіпакова, якія вельмі любіў цытаваць заўсёды мой бацька:
На стол пакласці ўсё, 
што ёсць –
Такі ўжо звычай 
наш спрадвечны.
Як толькі ў хату 
ступіць госць –
Адразу смажыцца яечня. 
Менавіта стол у беларускай хаце спрадвек  быў своеасаблівым алтаром.  Сямейны стол – гэта гаючая  пупавіна прадстаўнікоў аднаго роду. Першае, што заносілі ў новую хату, гэта  засцелены стол з хлебам-соллю на ім. Прычым, стол у хаце абавязкова павінен быць засцелены чыстым абрусам (настольнікам).  Прычым хлеб павінен знаходзіцца на стале пастаянна!
Лічылася, што голы стол непазбежна прывядзе сям’ю да нястачы і беднасці. Адваротным, левым баком засцілалі толькі на памінках. 
Ні ў якім разе на стале нельга пакідаць нажа, які сімвалізуе дзяленне на часткі. А дробнасць, кавалкавасць – вораг беларускага застолля, асноўная ідэя якога – гасціннасць ды ветлівасць. На стол нельга класці грошы, бо яны не толькі сімвал дастатку, але і сімвал бруду. А брудным грошам на чыстым абрусе – не месца! Грошы на стале – гэта і сімвал спрэчак, сямейных сварак. Нельга пакідаць на стале ключы – можаш апынуцца там, дзе цябе замкнуць на ключ. Не месца на стале і для шапкі – можаш хутка згубіць сваё багацце і пайсці з шапкай па свеце.  Нельга стукаць па стале – нашы продкі лічылі стол далонню Бога. 
Выходзячы з-за стала, трэба абавязкова падзякаваць Богу за хлеб, мір і спакой у хаце. Калі ж удзячнасць гучала ў адрас гаспадароў, то тыя адразу ж пераадрасоўвалі яе Богу. 
Спрадвек быў на стале беларусаў і другі  хлеб – бульба. Вось як піша аб ёй мой любімы пісьменнік Уладзімір Караткевіч у нарысе "Зямля пад белымі крыламі”: "Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбсці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць – ад гэтай, печанай, і да "клёцак з душамі”, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна – дзіва”.
Любілі нашы продкі і бліны, і  аладкі, і  наліснікі,  і каржы,  і хрушчы, і іншае печыва. Яшчэ  больш за 250 гадоў таму кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы. Яе рэзалі на невялікія кавалкі, палівалі соусам і елі лыжкай. Гэткая страва стала вядомай пад назвай верашчака ў гонар яе вынаходніка. Беларусы і сёння   ядуць яе з блінамі, мачаюць, і таму яшчэ называюць мачанкай. Нам сёння трэба толькі адрадзіць забытыя стравы – тады не будзе сорамна нават перад гасцямі-гурманамі!..
Так што ёсць нам, беларусам, што прапанаваць гасцям! Беларусь заўсёды рада гасцям – суайчыннікам і заморскім. Сардэчна запрашаем!
Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Текст: olja

Предыдущая статья

Изменения в порядке предоставления адресной социальной помощи
Похожие новости