banner

Былі атрады, а сталі брыгады

02 Февраля’23
213
Масавае супраціўленне ворагу ў нашым краі, як і на тэрыторыі ўсёй акупіраванай Беларусі, пачалося ўжо з першых дзён вайны.

Напачатку ў лясах Белавежскай пушчы і іншых мясцовасцях раёна дзейнічала шмат разрозненых партызанскіх груповак: В. Косціна, В. Канцэдайлы, І. Бабайлы, “Шуры”, І. Крылова і іншых. Асабліва актыўна дзейнічала група Крылова, які атрымаў “тытул” каменданта пушчы.

З першых дзён акупацыі была створана партызанская група з 10 чалавек на чале з М. М. Болтрыкам. Да восені 1941 года яна налічвала 25 чалавек. Узначаліў групу камандзір Чырвонай арміі В. П. Кірычэнка. Баявыя аперацыі ў гэты перыяд праводзілі рэдка, таму што не было ні дастатковых сіл, ні зброі, ні вопыту, і партызаны ў асноўным знішчалі здраднікаў. Першую дыверсію група здзейсніла ў лістападзе 41-га. У студзені 1942 года атрад быў акружаны каля вёскі Цісаўка. Вырвацца змаглі толькі шэсць чалавек. Яны адышлі ў Белавежскую пушчу.



Актыўную ролю адыграла група Баранава, зонай дзеяння якой былі два раёны: Свіслацкі і Ваўкавыскі. Толькі за два дні яна знішчыла тры масты.

Вясной 1943 года на тэрыторыі нашага раёна пачаў дзейнічаць партызанскі атрад пад кіраўніцтвам афіцэра Чырвонай арміі У. А. Аўдоніка. Атрад налічваў 40 партызан, меў на ўзбраенні ручны кулямёт, некалькі аўтаматаў. 

Новы этап у развіцці партызанскага руху на Беларусі наступіў у восені 1943 года. Да гэтага часу шматлікія партызанскія атрады былі разрознены, таму ўзнікла неабходнасць у аб’яднанні і каардынацыі іх дзейнасці. Рашэннем ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху ў ліпені 1943 года быў створаны Беластоцкі падпольны абком партыі і Беластоцкі штаб партызанскага руху. Камандзірам злучэння прызначылі Ф. Ф. Капусту. У пачатку кастрычніка да гэтага злучэння прымкнула брыгада імя Чапаева, у якую ўваходзіла 436 партызан. Камандзірам быў К. А. Матэвасян, камісарам А. Г. Шламанаў. 

У гэтым жа месяцы атрады імя Жукава, імя Воранава і “За Радзіму” брыгады імя Чапаева прыбылі на месца прызначэння ў Беластоцкую вобласць. Вясною 1944 года быў створаны 4-ты атрад, які атрымаў імя 26-й гадавіны РКЧА. Партызанская брыгада імя Чапаева да злучэння з савецкімі войскамі налічвала 772 чалавекі. 

28 кастрычніка ў Ружанскай пушчы адбылося першае пасяджэнне Беластоцкага падпольнага абкома КП(б)Б. Размясцілася брыгада імя Чапаева ў лясным масіве ў ваколіцах вёскі Корнадзь і ў церахавіцкім лесе. 

Вечарам 2 лістапада партызанскі атрад імя Жукава (уваходзіў у склад брыгады), абмінуўшы Новы Двор, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон, увайшоў у Белавежскую пушчу. Разведчыкі выявілі, што каля ўрочышча Войтаў Мост немцы абсталявалі аэрадром для прыёму лёгкіх самалётаў. На зваротнай дарозе партызаны натрапілі на засаду. Завязаўся бой. Фашысты спешна адступалі, не ведаючы колькасці партызан. Пасля гэтага гітлераўцы пачалі арганізоўваць карныя акцыі, штаб атрада распрацаваў мерапрыемствы па абароне. Былі ўстаноўлены “сакрэты”, намечаны шляхі адыходу ў выпадку раптоўнага наступлення ворагаў. У хуткім часе стала вядома аб руху да месца дыслакацыі атрада вялікай групы фашыстаў. Падпусціўшы немцаў на блізкую адлегласць, партызаны адкрылі шквальны агонь, знішчыўшы каля 30 гітлераўцаў. Затым пачалося адступленне партызан у бок Новага Двара. Разведка паведаміла, што ў вёсцы засада. Пераадолеўшы ўброд невялікую рэчку, атрад наблізіўся да вёскі Сабалькі. Тут была наладжана сувязь з В. В. Янушкам, атрыманы звесткі аб размяшчэнні немцаў. Затым атрад перайшоў у Ружанскую пушчу, дзе злучыўся са штабам брыгады. Да мая 1944 года брыгада імя Чапаева размяшчалася ва ўрочышчы Гута-Міхалін.

Акрамя брыгады імя Чапаева на тэрыторыі нашага раёна дзейнічалі партызаны брыгады імя К. Каліноўскага (камандзір М. К. Вайцяхоўскі), а таксама партызанская брыгада “Савецкая Беларусь” (камандзір М. У. Бабкоў). Асабліва актыўна дзейнічаў атрад імя А. В. Суворава гэтай брыгада (камандзір А. Л. Лявонцьеў). 

6 кастрычніка 1943 года ў Ваўкавыскі, Свіслацкі і Поразаўскі раёны была перапраўлена спецгрупа НКДБ БССР “Стойкія”.

Падрыхтавала Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Владимир Караник: на 2023 год в гродненском регионе запланировано строительство 465 тысяч квадратных метров жилья