banner
Журчыць «Крынічанька» (+відэа)
08:40 31 Мая’21
548
Пэўна, няма ў нашым раёне той вёсачкі, дзе б не чулі, як спявае свіслацкі народны фальклорны калектыў «Крынічанька». Вось ужо трыццаць гадоў плыве над наваколлем іхняе «Каб я была птушачкай, зязюлькай сівой, паляцела б у госцейкі к мамачцы радной. Села б я на яблыньку, стала б кукаваць, усё сваё дзявочае жыццё ўспамінаць...». Прыгожая песня, праўда? Стыль празрысты, вобразы жывыя, матывы знаёмыя – словам, аўтара адразу відаць. Творамі менавіта гэтага складальніка поўніцца да самых беражкоў рэпертуар «Крынічанькі». Што ж за аўтар такі? Ну вядома – народ.


«Крынічанька» сёння: у першым радзе (злева направа) – Ірына Ягорава, Маргарыта Харчанка, Івона Курчэўская, Тамара Лявіцкая; 
у другім радзе – Галіна Мілько, Ірына Шыдлоўская, Віктар Барэль, Ганна Анікей, Мечыслаў Немчыновіч. 

Менавіта песенная культура Свіслаччыны – з яе рэгіянальнымі адметнасцямі і непаўторным каларытам – стала душой «Крынічанькі». З таго самага моманту, як калектыў нарадзіўся на свет. А было гэта, як ужо адзначалася, трыццаць гадоў таму назад. У 1991-м у раённы Дом культуры прыйшла малады дыпламаваны кіраўнік народнага самадзейнага калектыву Ірына Ягорава. Так, спецыяліст ёсць. А калектыў? Няма. Значыць, будзем ствараць. Якім ён будзе, Ірына Сцяпанаўна адразу і не вызначылася.

Але хутка ўсё склалася, як і павінна было быць. Мясцовых спевакоў прыезджы культработнік не ведала, таму з радасцю прыняла дапамогу метадыста Дома культуры Ядвігі Кобрынец, якой былі знаёмыя людзі, што цягнуліся да песні. І сталі яны – найперш жанчыны – прыходзіць у Дом культуры. З такім задавальненнем! Ніна Ярош, Соф’я Грушэўская, Аляксандра Шапель, Ніна Барэль, Вольга Дарошына, Вера Жук, Марыя Зубрыцкая, Надзея Зімакова, Зінаіда Станкевіч, Вера Лукша, Марыя Пачэбут, Надзея Пракаповіч, Валянціна Багалейша, Станіслава Несцяровіч, Таіса Чарада, Аляксандр Палубінскі, Пётр Ламашкевіч, Віктар Барэль, Анатоль Каламіец, Леанід Галікоўскі – яны і сталі залатым фондам маладой «Крынічанькі».

А рэпертуар... Ніхто яго не падбіраў. Песні прыходзілі самі, разам з удзельнікамі калектыву, – распавядае нязменны кіраўнік «Крынічанькі» Ірына Ягорава. – Іх было велізарнае мноства. Беларускія народныя, фальклорныя, а таксама польскія. Жанчыны наперабой успаміналі песні, якія яны ведалі, песні сваёй маладосці, сваёй мясцовасці, тыя, што спявалі яшчэ іх матулі і бабулі. Мне ж заставалася правільна злажыць мелодыю і раскласці на галасы. На справе ўпэўнілася, які багаты свіслацкі край на вусную народную творчасць. І на народныя таленты. Як нашы бабулечкі спявалі! Чысценька. Прафесійна. Што ні чалавек – непаўторны скарб! Адной з лепшых салістак была Вольга Сямёнаўна Дарошына. Спявала фальклорныя песні, што чула ад сваёй бабулі (сама нарадзілася ў 1920 годзе). Гэтыя песні – «Стадоланька», «У карчомцы»,  «Аддала мяне маці ў чужую старану», «Люлька мая» – яна прынесла і ў калектыў. А Ніна Філіпаўна Ярош, выканальніца фальклорных абрадавых песень! Колькі яна ведала абрадаў, як добра спявала! Актыўнай удзельніцай калектыву была Соф’я Аляксандраўна Грушэўская, ураджэнка Новага Двара. Як сёння чую яе звонкі прыгожы голас.

Сваю творчасць «Крынічанька» ўпершыню прэзентавала публіцы на рэлігійным свяце «Вялікдзень». Выйшла на гарадскую плошчу, заспявала «Гімн Хрыстоваму Уваскрашэнню» і адразу знайшла паклоннікаў сваёй творчасці. Не за доўгім часам калектыў запрасілі ў польскую Гайнаўку. Потым – на Брэстчыну на святкаванне 100-годдзя Рыгора Шырмы. І ўсюды слухачы шчодра адорвалі спевакоў гарачымі апладысментамі. Дарэчы, акрамя песень дэманстравалі свіслачане і танцы нашага рэгіёна: «Падыспан», «Цёмная ночка», «На рэчаньку», «Лысы», «Кракавяк», «Падыграс», яўрэйскі «Ойра-ойра».



Час ідзе, змяняецца склад калектыву, а народная любоў да народнай песні застаецца нязменнай. За тры дзясятка гадоў многа было ў «Крынічанькі» канцэртных выступленняў, конкурсаў, фестываляў і, вядома, творчых перамог і ўзнагарод. Свіслачане – заўсёднікі конкурсу «Пеўчае поле» ў Пружанах, абласнога свята «Скарбы Гродзеншчыны», рэгіянальнага фестывалю фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы». Словам, нашы спевакі там, дзе прадстаўляюцца здабыткі мясцовай культуры. 

Не сцішвае плынь «Крынічанька», трымае творчую форму і зараз. Зусім нядаўна, 23 мая, гурт зноў пабываў у Пружанах на рэгіянальным свяце-конкурсе вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле», уразіў журы сваім высокім выканаўчым узроўнем і вярнуўся дамоў з Дыпломам І ступені ў намінацыі «Носьбіты фальклору». А колькі планаў на будучыню! Вось летам, напрыклад, збіраюцца на «Сустрэчу землякоў» у Ціхаволю і павязуць туды... фолькдыскатэку. Як вам? Журчы ж, «Крынічанька», і надалей! Нясі ў свет нашу родную народную песню!



Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

В Порозово прошел фестиваль живой музыки