banner

Трэба глядзець у неба

12 Июля’20
1726
“Мы ўсе раслі звычайнымі дзецьмі, а Манька наша заўсёды была незвычайнай, бо яна часта глядзела ў неба і ўвесь час нешта сачыняла”, – гэтак кажа пра Марыю Самалевіч яе брат Валянцін. А што такое неба? Прастора для палёту і нясцерпна прыцягальная вышыня, да якіх гэтая самабытная асоба імкнецца і сёння. І ў сваёй прафесіі, і ў асабістых захапленнях, і ў марах. Не спыняючыся і не стамляючыся.



Расказаць пра Марыю Мікалаеўну ў адзін прысест – гэта паспрабаваць абняць неабдымнае. Настолькі багаты яе ўнутраны свет і так шмат спраў, на якія ён праліўся! Тут, упэўнена, са мной згодзяцца ўсе, хто ведае неўтаймаванага дырэктара Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу. Гэтай установе Марыя Мікалаеўна аддала без малога трыццаць гадоў жыцця. Колькі за немалы перыяд нарадзілася ў яе галаве ідэй, колькі сцэнарыяў напісалася, колькі святаў наладжана – не злічыць. І ў кожнае ўложаны важкі кавалак яе душы. Бо Марыя Самалевіч ёсць тое, што яна робіць, чым яна жыве.

Спынімся на тым, што бліжэй да сённяшняга дня. Тры гады таму ў Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу адчынілася выстава “Мода з камода”. Што яна ў сабе нясе? Думку пра тое, што адзенне, абутак, побыт, прадметы паўсядзённага жыцця – усё мае сваю гісторыю. Гэта цэлы пласт вясковай культуры. Вядома, “Мода з камода” нарадзілася ў галаве Марыі Мікалаеўны. Як звычайна бывае, вынасіла ідэю, падзялілася ёю з калегамі, заручылася падтрымкай, пусцілі кліч па вёсцы, людзі адгукнуліся, справа пайшла. Грынкаўцы пачалі аддаваць культработнікам рэчы, якімі ўсё жыццё даражылі. З задавальненнем. Бо хацелі, каб сучасная моладзь пабачыла, як яны раней жылі.

У нас ёсць сукенка 1936 года, – расказвае Марыя Мікалаеўна. – Яна поўнасцю сшыта рукамі, відаць, як лажыліся сцяжкі. Хочацца дадаць, што ў гэтых сукенках мы даволі часта выступаем. Не толькі гэтай выставай, але і падчас вясковых вячорак, што праводзім, расказваем аб калісьнім жыцці, аб прэстыжы прафесій швачкі і шаўца, аб прычосках, асаблівасцях даваеннай і пасляваеннай фатаграфіі… Мы ганарымся тым, што назбіралі столькі рэчаў. Пра нашу “Моду з камода” пайшоў пагалосак. Здымаць яе на відэа прыязджаў нават Уладзімір Богдан, аўтар праграмы “Я хачу гэта ўбачыць”, і мы з ім танцавалі “Лысага”. Увесь час свой “камод” папаўняем. Колькі цікавага можна знайсці на гары ў старых хатах! Радуе, што выстава даспадобы малым наведвальнікам. Прыбягаюць – і адразу абутак прымяраць!

З задавальненнем Марыя Мікалаеўна расказвае пра тое новае, што напаўняе ці маецца ў бліжэйшы час напоўніць сцены сектара культуры.

Ніколькі не мая заслуга, але я ад душы падтрымала ідэю Надзеі Мікалаеўны Карпюк стварыць на базе нашай установы раённы музей работнікаў культуры. Хутка ён адчыніцца. Плануецца, на наша прафесійнае свята, у кастрычніку. Але пакой не прастойвае. Я ўжо пачынаю вадзіць сюды экскурсіі. Так хочацца расказваць і паказваць людзям, чым жыла наша родная культура на працягу шматлікіх дзясяткаў гадоў! Тут сабраны велізарны матэрыял за немалы перыяд.
Прыцягвае ўвагу сцэнічнае адзенне.

– Гэта хор касцюмаў, якія выкарыстоўваліся ў розны час у клубных установах раёна, – тлумачыць Марыя Мікалаеўна. – Вось першае ўбранне калектыву “Крынічанька”, гэта з вердаміцкай мастацкай самадзейнасці, далей – з нязбодзіцкай... Я, калі завяршаю экскурсію, заўсёды кажу так: “Уявіце, што вы ўдзельнікі хора. Займайце, калі ласка, свае месцы. Якая песня прыходзіць вам на розум? Давайце паспяваем!” Апошні раз дружна выконвалі “Нясе Галя воду…”.

Шмат думак і натхнення аддае Марыя Мікалаеўна сёння і стварэнню маштабнай экспазіцыі пра Грынкі пад рабочай назвай “Мая вёска – мой гонар”. Тут змесцяцца матэрыялы пра час, калі ў вёску-спявачку прыязджаў Рыгор Шырма, пра дзейнасць Таварыства беларускай мовы, асобныя раздзелы раскажуць пра грынкаўскіх артыстаў, паэтаў (многа кніг падарыў установе Янка Насута), знакамітых землякоў, пра ветэранскі калектыў “Спадчына”, які, дарэчы, у гэтым годзе будзе адзначаць сваё 15-годдзе. На сцяне – фотавыстава “Маленькія беларусы пра вялікую Беларусь”. Трынаццаць дзяцей дэманструюць грынкаўскія народныя рамёствы: ткацтва, пляценне з лазы і саломкі, вышыўку, вязанне, ганчарства, выцінанку, бондарства… Марыя Мікалаеўна задаволена: гэта вельмі добра, што малыя дакрануліся да спадчыны.

Паралельна выношвае задумку інтэрнэт-праекта “На сваёй зямлі”. З гэтага месяца плануе пачаць яе рэалізоўваць.

Гэта будзе інтэрв’ю з нашымі вяскоўцамі-ардэнаносцамі, – прыадкрывае заслону субяседніца. – Зробіцца невялікая студыя. З кубачкам гарбаты ў руках пад водар палявых кветак нашы людзі будуць расказваць аб сваіх працоўных перамогах. Усё гэта здымем на відэа, зальем на YouTube-канал і раскажам усяму свету.

Згадзіцеся, чарговая цікавая ідэя. Здаецца, Марыя Мікалаеўна нарадзілася менавіта для працы з людзьмі і для людзей. Тут яна паспрабавала паспрачацца. Маўляў, ніколі, да таго самага 1991 года, калі ўзялася запраўляць Грынкаўскім клубам, і не думала, што яе так з галавой накрые хваля культурнага жыцця і не адпусціць. За тое, што знайшла сябе ў гэтай прафесіі, праявіла, трэба сказаць “дзякуй” у першую чаргу бацькам. Гэта яны далі дачцэ такую энергетыку.

Нас у сям’і чацвёра дзяцей, – распавядае Марыя Мікалаеўна. – Здаецца, ад адных бацькі і маці, а ўсе розныя. Бацькі заўсёды вучылі ўсё рабіць у радасць. У нас тата быў такім. Вясёлым. І сёння – куды б ні ехала, ні ішла – здымак татаў заўжды са мной, яго ўсмешка ясная… Ён для меня сапраўдны талісман. З думкамі пра яго ў мяне ўсё атрымоўваецца. Тата нас многаму навучыў. Напрыклад, папалолі агарод, а ён: “Павярніцеся і паглядзіце, што ў вас ззаду. Атрымалі задавальненне ад сваёй працы – значыць, усё зроблена правільна. А як там якая лебяда засталася, засмучае штосьці – значыць, не так рабіў, не пастараўся. Так і ў любой рабоце: азірніся!”

– І вы азіраецеся? – пытаюся.

– Пастаянна. Для мяне гэта нешта знакавае. Я, калі рыхтую мерапрыемства, ужо бачу, як яно пройдзе. Ведаю, што ўбачу, калі азірнуся.

Марыя была татавай дачкой. Любіміцай. Амаль заўсёды Мікалай Мікалаевіч браў Маньку з сабой. А па дарозе не губляў часу, вучыў. Тая хоць і маленькая была, а ўсё ўбірала, як губка. Добра запомніла татавы ўрокі на тэму “Як трэба ставіцца да жыцця і людзей”. Едуць, бывае, праз якую вёску, а ён кажа: “Манечка, тут нашыя родзічы жывуць. Хоць і далёкія, але да людзей трэба аказацца. А раптам ім дапамога патрэбна?” Такім быў яе тата.

– І я таксама так жыву, – зазначае Марыя Мікалаеўна. – І дзеці мае. І так жыць лёгка. Добрым быць нескладана, нягледзячы на вядомую дзіцячую песеньку. Увогуле, мне шанцуе на добрых людзей. Дзе б я ні бывала, заўсёды пазнаёмлюся з роднаснай душой, знайду сябра. Парой бачу перад сабой чалавека падобнай энергетыкі, нібы сваё адлюстраванне ў люстэрку. Вядома, мы лёгка і хутка сыходзімся… Самае ж галоўнае, што я ў гэтым жыцці вынесла: трэба ганарыцца сваёй Радзімай і даражыць ёю. Даражыць тым, што маем. Згубіць – гэта так лёгка, а знайсці – гэта так цяжка. З гэткімі думкамі я прыехала з Баку. Сустрэла там чалавека, які накіраваў мяне ў патрэбным напрамку. Звычайны таксіст. Мы разгаварыліся. “А што вы бачылі ў Баку?” – спытаўся ён у мяне. “Там пабыла, тут прайшлася”, – адказваю. “Дык вы нічога не бачылі! – выпаліў. – Давайце я вам пакажу Баку!” Ён доўга вазіў мяне па вуліцах, так расказваў пра свой горад, сваю краіну – не перадаць словамі! Я задумалася: “А што я ведаю пра сваю Беларусь? Што я магу людзям расказаць, чым здзівіць?” І ўзнікла імкненне пазнаваць Радзіму, падарожнічаць па нашых гарадах, а калі выпадае быць за мяжой – абавязкова расказваць пра сваё роднае. Вось такую, так сказаць, місію перед сабой убачыла і крочу па гэтай дарозе.

Адсюль нарадзіўся і асабісты блог Марыі Самалевіч у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” “Падарожнічай, фатаграфуй, жыві!”, дзе яна распавядае пра сінявокую Беларусь. І ў тэкстах, і ў здымках. А Грыночкі? Іх яна папулярызуе ўсё сваё жыццё, звязанае з культурнай дзейнасцю. У імя гэтай вёскі тутэйшымі культработнікамі ладзіцца, бадай што, кожнае мерапрыемства. Як, напрыклад, святы “Я пакланюся нізка да зямлі…”,  “Грынкі збіраюць сяброў”, кулінарна-забаўляльная праграма “Смачная субота”. А чаго варты інтэрнэт-марафон “Песняй і вершам мы вёску ўслаўляем!” – новы запушчаны праект! А колькі добрых слоў пра Грынкі было напісана за пяць гадоў выдавецтва мясцовай штомесячнай газеты “Вёсачка мая”! Пазней на змену друкаванаму выданню прыйшла група “Грынкі. Вёсачка мая” ў інтэрнэт-прасторы. І добрых водгукаў нямала. Значыць, гэта, як пісаў Маякоўскі, каму-небудзь патрэбна. Шмат спраў, і грынкаўскі культработнік не спыняецца.

Зразумела, што намаганні адмысловага працаўніка культуры не застаюцца незаўважанымі. Шмат узнагарод знайшло Марыю Мікалаеўну. Адна з самых ганаровых – прэмія імя А. І. Дубко абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Клубны работнік года». Дарэчы, адзначала талент Марыі Самалевіч – талент празаіка і журналіста – і “Свіслацкая газета”: грынкаўка стала першым уладальнікам устаноўленай рэдакцыяй прэміі імя А. П. Смальянава як найлепшы няштатны карэспандэнт.

А што наконт планаў на будучыню? Планавала напісаць кнігу пра Грынкі, але крыху адхілілася ад намечанага, бо стала прафесійна займацца фатаграфіяй. З’явілася задумка зрабіць фотакнігу. Адфатаграфаваць Свіслацкі раён, можа, нават кожную вёску аб’ехаць і змясціць здымкі ў прыгожы фотаальбом, такі, каб прыемна было пагартаць. Творчага запалу ж ёй не займаць.

3 ліпеня Марыя Мікалаеўна адзначала свой 60-гадовы юбілей. Так, нарадзілася разам з Днём Незалежнасці. Прыгожая і ганаровая дата. А наконт сваіх 60-ці падмячае: “Я не саромеюся ўзросту. Галоўнае, што адчуваю сябе намнога маладзейшай. 60 – гэта час вучыцца, развівацца, адкрываць новае навокал і ўнутры сябе. А мае зморшчынкі… Мне здаецца, яны – ад смеху, ад добрага настрою і радасці. Я стараюся ісці па жыцці з усмешкай на твары. Татавай… І працягваю глядзець у неба”.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Детство, опаленное войной