banner

Святло незабыўнага свята

16 Сентября’22
481


Штогод навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” змяняе рэгіёны і пашырае кола пілігрымаў. Вось і сёлета яна адна з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства. Вельмі важна, каб беларусы памяталі свае духоўныя карані, каб падрастаючае пакаленне ведала карані сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

Кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі ведае наконт усіх спраў экспедыцыі і можа падрабязна расказаць, як яна ўзнікла і тое, што з цягам часу экспедыцыя набывае размах і прыцягвае да сябе ўвагу зацікаўленых асоб. Па яго словах, традыцыя ідзе з 1992 года, калі яшчэ толькі пачыналася гаворка аб тым, каб асобным культурным падзеям надаць веліч, падкрэсліўшы іх значэнне Хрэсным ходам з Жыватворным агнём. А праз два гады, у 1994-м, так і зрабілі. Цяпер лампада са Святым агнём ад гроба Гаспадняга і цудатворная ікона Божай Маці Загор’е-Сталавіцкай – нязменныя рэліквіі, святыні духоўнага падарожжа. 

Напярэдадні экспедыцыі, увечары 30 жніўня, адбылося ўрачыстае набажэнства ў храме свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі, дзе цяпер пастаянна знаходзіцца Адзігітрыя. А раніцай 31 жніўня ў Свята-Духавым кафедральным саборы адбыўся ўрачысты малебен, які ўзначаліў Патрыяршы Экзарх усея Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Уладыка нагадаў,  што Год гістарычнай памяці заклікае нас да таго, каб сказаць маладому пакаленню аб нашай гісторыі. Сказаць так умела, каб гэта кранула сэрца кожнага чалавека, і яно напоўнілася пачуццём любові да Айчыны, да Бога, да духоўнасці. Трэба памятаць і аб тым, што любоў да роднага слова – частка той хрысціянскай любові, якую мы павінны выхоўваць у сабе. Бо гэта любоў да роднага краю, да свайго народа, да Радзімы наогул. 
Удзельнікі XXIX навукова-асветніцкай экспедыцыі – святары, пісьменнікі, вучоныя, артысты – рушылі ў дарогу. За пяць дзён яны праехалі праз населеныя пункты Мінскай, Тураўскай і Гомельскай епархій. Маршрут аказаўся самым працяглым за ўсе 29 экспедыцый (больш за тысячу кіламетраў), і прывёў у сталіцу Дня беларускага пісьменства Добруш.

Экспедыцыя абяцала быць цікавай. Так, упершыню з лампаднікамі падарожнічала мясцовая ікона Тураўскай епархіі – ікона Божай Маці “Чатырохчасная”. Святы вобраз быў прадстаўлены чатырма цудатворнымі іконамі, тымі, якія з прадвеку ўшаноўваліся вернікамі: Юравіцкая ікона Божай Маці, Скіткоўская ікона Божай Маці, Казіміраўская ікона Божай Маці і Васькоўска-Ельская ікона Божай Маці. Гэты цудатворны складнік вельмі цяжкі, таму ён не ўдзельнічаў у Хрэсных хадах і выстаўляўся ў тых царквах, куды наведваліся лампаднікі, каб памаліцца. На працягу ўсёй экспедыцыі ў малітоўных садах высаджвалі па тры дрэўцы – Троіца – у гонар непарушнага адзінства трох славянскіх народаў – Беларусі, Расіі і Украіны. Засталіся таксама і ранейшыя традыцыі. Сустрэчы з маладымі і пажылымі, рабочымі, школьнікамі, студэнтамі, дзе духоўна-асветніцкія бяседы, сумесныя хрэсныя хады, малітвы ў храмах і каля помнікаў салдатам і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны – усё стала галоўнымі штрыхамі святкавання Дня беларускага пісьменства ў Добрушы. Святло незабыўнага свята засталося ў памяці людзей, у радках журналістаў, у кадры фотамастакоў і тэлерэпарцёраў. І як справядліва сказаў паэт, член Саюза пісьменнікаў Яўген Пясецкі: “У кадры заўжды застаюцца людзі. Тыя, з якімі сустракаемся, з якімі мы разам ездзім. І ўсё гэта надае новыя эмоцыі, новыя здабыткі. Самае галоўнае – след сёняшняга дня ў памяці нашай”. 

Першы дзень быў, як і заўсёды бывае ў экспедыцыі, вельмі насычаны. Гэта сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў Жыткавічскага і Петрыкаўскага раёнаў, малебны ў храмах, цікавая канцэртная праграма групы “Вір”, пасадка дрэўцаў у садзе Малітвы. Адным словам, удзельнікі экспедыцыі на зямлі Кірыла Тураўскага пасеялі разумнае, добрае, вечнае ў сэрцах і душах усіх жыхароў наведаных раёнаў. Са слоў Аляксандра Лапата-Загорскага, лампаднікам усё вельмі спадабалася на гэтай гасціннай зямлі. Уразілі людзі, добрыя, адкрытыя, сардэчныя. Вельмі прыемна, што нашы беларусы такія шчырыя і спагадлівыя. А аграгарадок Ленін здзівіў яшчэ і тым, што шмат моладзі прыйшло паслухаць святароў, вучоных, а можа дзе і выказаць сваю ўласную думку. У аг. Ляскавічы лампаднікі зайшлі ў Свята-Міхайлаўскую царкву. Гэта драўляны і вельмі прыгожы храм. Ён быў збудаваны на месцы ранейшага, які існаваў з 1879 года па 30-я гады мінулага стагоддзя. Новы храм пабудаваны на сродкі Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Наступныя дні сваёй напоўненасцю мала чым адрозніваліся ад папярэдніх. Усё ж тыя добрыя сустрэчы на мяжы раёнаў з прадстаўнікамі раённай і мясцовай адміністрацый, іх шчырыя словы, прыгожыя кветкі, традыцыйны хлеб-соль і абавязкова добрыя песні ў выкананні народных калектываў. А потым, безумоўна, яркія, цікавыя і запамінальныя сустрэчы з жыхарамі  вёсак, аграгарадкоў, з прыхаджанамі храмаў, насельнікамі манастыроў. Сустрэчы ў школах, сацыяльных прыютах, бальніцах… Малебны, Хрэсныя хады, сады Малітвы… Па словах кіраўніка экспедыцыі, святары прыходаў праявілі вялікі інтарэс да падзей, што адбываліся на гэтых землях. Усім, і ўдзельнікам экспедыцыі, і пастырам, дапамагала ікона Божай Маці “Чатырохчасная”, ад якой ішоў добры пасыл, уздымаўся настрой, мацаваліся сілы: і фізічныя, і маральныя. Умацоўвалася і духоўнае жыццё людзей.

І куды б ні завіталі ўдзельнікі экспедыцыі, усюды іх чакалі. З вялікай надзеяй і ўдзячнасцю. З вялікай павагай адносіліся вернікі і да Благадатнага агню, які сімвалізуе святло Божае, што асвятляе кожнага чалавека. Вось так і пісьменства, і кніжнасць заклікаюць да таго, каб прасвятляць душу чалавека, яго сэрца. І як прыемна бачыць вочы тых, хто з свечкамі, запаленымі ад Святога агню, разыходзіцца па дамах. Такім чынам нясуць прыхаджане ў сваё жыллё добрае слова. Цячэ іерусалімскі свет ручайкамі па вёсках, пасёлках і гарадах…

І вось апошні прыпынак – Добруш. Горад, які называюць беларускай Венецыяй, фарфоравай і папяровай краінай. У сувязі з такім грандыёзным святам Добруш атрымаў шыкоўны падарунак – помнік уражэнцу гэтых мясцін, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну. Бронзавую скульптуру ўстанавілі ў скверы на праспекце Міра. 

Святочная служба ў добрушскім храме свяціцеля Мікалая Цудатворца, перадача Жыватворнага агню на лампадкі і свечы прыхаджан – і можна прайсціся па вуліцах прыгожага горада. Што не крок, то мілагучнае беларускае слова кранала вуха кожнага, хто трапіў сюды на свята – і гасцей, і гаспадароў, і лампаднікаў. Яно яднала, вызывала пачуццё гонару. Родная матчына мова!.. Яна, нібы той цэмент, што звязаў людзей, каб з’явілася магчымасць разумець адзін аднаго, жыць адной думкай дзеля шчаслівай будучыні Айчыны. На галоўнай сцэне майстры слова чыталі ўрыўкі са сваіх твораў пра краявіды роднай зямлі і працавітых жыхароў. Вызвалі зацікаўленасць і літаратурныя падворкі: “Мележаўскі дворык”, “Дворык Караткевіча”, фестываль кнігі і друку, мабільны музей “Дарога памяці”, праект “Ніколі не забудзем”, выстаўка “Добруш партызанскі”.

Свята да Дня беларускага пісьменства завяршылася. Яго магутнымі крыламі па-ранейшаму былі і застаюцца веды, навука і царква. Гэта тыя крылы, што надаюць сілу чалавеку, падкрэсліваюць веліч свята. Сёлета Дзень беларускага пісьменства асаблівае гучанне набыў у Год гістарычнай памяці, таму што звярнуліся праз карані свае і магутныя духоўныя крыніцы да замацавання адзінства нашага народа.
А праз дзень пасля завяршэння экспедыцыі Экзарх усея Беларусі Веніямін даслаў віншавальны ліст Аляксандру Лапата-Загорскаму, дзе выказаў словы падзякі ўсім удзельнікам экспедыцыі і асабіста яе кіраўніку за тую работу духоўнага напрамку, што вялася на працягу ўсіх пяці дзён.   

Валянціна ХАМЧУК

Предыдущая статья

Актуализирован перечень болезней, при которых нельзя стать усыновителями и приемными родителями