banner

“Тут мы душой адпачываем”

17 Марта’25
816

Віктар і Раіса Кучарэпы пераехалі з горада ў невялікую вёску і адчуваюць сябе шчаслівымі людзьмі.


Як часам крута паварочваецца ў людзей лёс. Служыў калісьці ў Аўстра-венгерскай арміі малады хлопец Дзмітрый Кучарэпа. Добра служыў. У ваенных паходах удзельнічаў, адважным салдатам быў, але аднойчы трапіў у палон і апынуўся ў Расіі. А там, ужо невядома, якім чынам (пра гэта, на жаль, ніхто дакладна не раскажа) паланіла яго маладая беларусачка Марыя, якая на той час ужо аўдавела і мела дачушку Верачку.

Каб уратаваць палоннага хлопца, яна па дакументах мужа павезла Дзмітрыя ў Беларусь, у роднае сяло Казейкі, што на Свіслаччыне. Тут яны пажаніліся. Сям’я атрымалася моцнай, дружнай, шчаслівай. Падарыла Марыя мужу дачушку Алену і сыночка Івана. Хатку сваю пабудавалі, працавалі ад зары да зары, каб быў хлеб на стале ды і да хлеба. Дзеткі раслі добрымі, працавітымі, паслухмянымі.

А потым прыйшла вайна … Аднойчы нямецкі снарад упаў у іхнюю хату, дзякуй Богу,
не ў самую сярэдзіну, і ўсе засталіся жывымі, але край дома быў разбураны. Залаталі яго трошкі
і жылі далей. Вайна яшчэ не скончылася, калі малодшага сына Івана прызвалі ў армію. Са слязьмі адпраўлялі бацькі сына, не ведаючы, ці вернецца дадому. Ён служыў у рэзерве. У хуткім часе прыйшла Перамога, але Іван вярнуўся дадому толькі амаль праз сем гадоў, у 1951-м. Такая вось служба выпала на долю казейкаўскага хлопца. За гэты час, не дачакаўшыся сына, адышлі ў іншы свет бацькі...

Жыццё прадаўжаецца

Але жыццё працягвалася. Прыйшоў час, калі прывёў Іван у хату маладую жонку Ніну. Яна жыла тут, у Казейках. З шаснаццаці гадоў працавала на ферме даяркай, здольнай была дзяўчынай, працавітай. Таму і прыйшлася па душы Івану. Нарадзіла яму любая жонка дваіх дзетак: дачушку Тамару і сына Віктара. Спачатку сям’я жыла ў старой хаце, той, якую нямецкі снарад амаль напалову разбурыў. А потым вырашылі пабудаваць на ўскрайку вёскі новую. Калі, нарэшце, справілі ўваходзіны, дачушцы было дзевяць гадкоў, а сыночку – сем. Як цешыліся яны з новай хаты, дзе столькі прасторы, месца для гульняў! Матуля старалася зрабіць жытло ўтульным, прыгожым, каб куды ні глянь – душа цешылася. Бацька меў залатыя рукі. Усё ўмеў зрабіць тымі рукамі і ў доме, і ў двары. Дзеці раслі, атуленыя цеплынёй і любоўю. Дапамагалі бацькам, стараліся добра вучыцца.

Маці па-ранейшаму працавала на ферме даяркай, не раз атрымлівала падзякі, граматы за добрасумленную працу. Бацька спачатку на будоўлі шчыраваў. Дапамагаў будаваць Палонкаўскую школу, іншыя аб’екты. А потым вырашыў змяніць прафесію і сеў за руль машыны. Шмат гадоў аддалі бацькі мясцовай гас-падарцы, паважанымі былі людзьмі на сяле і дастойным прыкладам для дачкі і сына.

Дзеці хуценька выраслі і пакінулі баць-коўскую хату. На жаль, нядоўгім быў жыццёвы шлях старэйшай дачкі Тамары. Трыццаць тры гады яе ўжо няма на свеце.

Сустрэча ў таксі

Сын Віктар, скончыўшы Палонкаўскую школу, паехаў у Гродна. Уладкаваўся працаваць на тонкасуконны камбінат. Пасля адвучыўся ДАСААФ, атрымаў правы кіроўцы і пайшоў служыць у армію. Два гады аддаваў доўг Радзіме ў Львове. Адслужыў, вярнуўся дадому, а потым зноў падаўся ў Гродна. Стаў працаваць таксістам. Аднойчы падвёз да інтэрната дзяўчыну. Разгаварыліся, пажартавалі, пасмяяліся. А потым высветлілася, што ў пасажыркі не было грошай за праезд. “Я зараз прынясу, – сказала яна, выходзячы з машыны, – вы трошачкі пачакайце”. І пабегла. А Віктар вырашыў, што не будзе чакаць. І паехаў. Дзе было хлопцу ведаць, што гэта свой лёс ён падвозіў…

Дзіва дзіўнае, але праз нейкі час ён зноў сустрэў тую красуню. Яны пазнаёміліся бліжэй і пачалі сустракацца. Звалі дзяўчыну Раяй, і, як высветлілася, працавала яна кандытарам. Да слодычаў Віктар быў неабыякавым, і гэты факт яшчэ больш прыбліжаў яго да Раісы. Правяралі свае пачуцці паўтара года. А потым згулялі вяселле. Тут, у Казейках. Вясёлае яно было – шумнае, з музыкай, спевамі, танцамі. Тры дні гулялі, як і вадзілася на той час. А потым маладыя зноў паехалі ў Гродна. Жыццё цякло сваім парадкам. Адзін за другім нарадзіліся дзеткі. Дзве дачушкі і сынок.

Не забыліся пра родны куточак

Пакуль жывыя былі бацька і маці, дзеці з унукамі часта прыязджалі. Адпачынкі праводзілі тут, дапамагалі, падтрымлівалі старэнькіх. А як не стала бацькоў, ужо не было да каго спяшацца, і прыезды ў родны дом станавіліся больш рэдкімі. Не, не забылася да яго сцежка. Сын з нявесткай час ад часу наведваліся, прыводзілі у парадак двор, агарод, дом даглядалі. Не была пакінутай бацькоўская хата, і ўсё ж сумавала ў тыя дні, калі ніхто не адчыняў дзверы, не віўся дымок з коміна.

– Цяжка было прыязджаць, ведаючы, што ніхто не сустрэне, – успамінае Віктар Іванавіч. – Але мы не забываліся пра родны куточак. Душа сюды рвалася. Зрэшты, не магу сказаць, што ніхто не чакаў. Шмат гадоў тут буслы вядуцца. Спачатку звілі гняздо на стаўбе, але потым яго скінулі электрыкі, бо нельга, каб там былі гнёзды. Буслы другое гняздо звілі – на страсе старой пуні, недалёка ад нас. Доўгі час птушкі працавалі, будуючы жытло сабе і будучым птушанятам, але не паспелі іх выседзець. Паляцелі восенню без буслянят. А зімою пуня тая развалілася і гняздо ўпала. А каля нашага плота дуб расце. Высокі такі, магутны. Дык мы адну галіну зверху трохі спілавалі, і там буслы вясною звілі новае гняздо. І вось вядуцца яны з той пары. Ужо нічога ім не перашкаджае. Кожнай вясной прылятаюць.

Як мы сюды пераехалі на пастаянна? У 2020-м, як пандэмія пачалася, мы вырашылі ратавацца ад яе тут, у Казейках. Думалі, што прабудзем нейкі час і вернемся. Але потым аказалася, што не хочацца нікуды ехаць, што душа тут паспела каранямі прарасці. Вось мы і засталіся.

“У нас тут сапраўдны рай”

За няпоўныя пяць гадоў, што жывуць тут Віктар і Раіса Кучарэпы, шмат чаго змянілася і ў хаце, і ў двары. Па-новаму абгарадзілі пляц, добраўпарадкавалі тэрыторыю, пасадзілі маладыя дрэўцы, насадзілі кветак, устанавілі вялікую цяпліцу, душ з падагрэвам, пафарбавалі хату звонку. У самой хаце таксама адбылася перабудова. Ёсць санвузел, маецца водаправод з халоднай і гарачай вадой і ўсё неабходнае, што павінна быць у сучасным доме.


У нас тут сапраўдны рай, – уступае ў размову гаспадыня. – Так лёгка дыхаецца, так салодка спіцца! А як сюды любяць прыязджаць дзеці з унукамі! Усе ў Гродна жывуць. Унукі ведаюць, што ўвесь час адпачываць не будуць, бо прыйдзецца і на градах папрацаваць, і ў другіх справах дапамагчы. А едуць сюды з задавальненнем. Грады полюць, можа, і без асаблівай ахвоты, але ведаюць, што бабулі трэба дапамагчы і ніколі не адмаўляюцца. А найбольш любяць збіраць ураджай. Паспяваюць клубніцы – унукі тут як тут. Агуркі, памідоры найперш унукі збіраюць, а ўжо потым мы з дзедам. Любяць зямлю, прыроду, як і мы з мужам.

У нас тут весела, шумна. Мы з музыкай працуем, з музыкай адпачываем. Да нас сябры любяць прыязджаць. Тут гудзе проста ўсё ад вясёлых галасоў, ад музыкі, спеваў. Тут такая прырода цудоўная, паветра чыстае. Толькі жыві і радуйся. Вось мы і радуемся кожнаму дню і вечару. Душой тут адпачываем.

Яшчэ дадам, што мне вельмі пашанцавала з мужам. Гэта рэдкай дабрыні чалавек. Мы цешымся кожным імгненнем, праведзеным разам. Калі і бываюць канфлікты, дык яны на хвілінку-дзве, не болей. За 46 гадоў навучыліся чытаць думкі адзін аднаго. Я дзякую лёсу за такога мужа.

Прыемна было глядзець на гэтую пару. Як яны пазіраюць адзін на аднаго, колькі цеплыні ў тых поглядах, у голасе! Такое не часта даводзіцца бачыць. У апошнія гады каштоўнасць чалавечых адносінаў неяк сціраецца, слабее, абясцэньваецца. І таму так камфортна і ўтульна я адчувала сябе ў гэтай сям’і.

Калі я ўжо збіралася пакідаць такую гасцінную хату, гаспадар дастаў з шуфляды агульны сшытак, пачаў яго гартаць.

Гэта я запісваю тут самыя цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, – гаворыць Віктар Іванавіч. – Што добрага ўдалося зрабіць за дзень, з якімі людзьмі сустрэліся, як дзень прайшоў. Гэта ў мяне нешта накшталт дзённіка. Потым адкрыем, пачытаем і вяртаемся ўспамінамі ў той ці іншы дзень.

А ў нас кожны дзень прыемны, цікавы. Мы не прывыклі сядзець у чатырох сценах. Ходзім на ўсе мерапрыемствы, якія ў клубе адбываюцца, у бібліятэку. Чытаць любім, прыгажосць любім. Усё, што мы робім, гэта не на паказуху якую, а для душы. Бо душа павінна радавацца ўсяму жывому, добрым людзям, сонейку ў небе, кветкам у лузе, птушынаму спеву, клёкату бусла. У нас гэта ўсё ёсць, значыць, мы шчаслівыя.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара 

Предыдущая статья

Ответственность на первом месте