banner
Шлях да мэты
15:20 21 Сентября’20
678
Ксения Урбанович.jpgНапэўна, у кожнага чалавека ёсць свая мэта. Спачатку гэта дзіцячая мара. Але з цягам часу яна ператвараецца ў мэту...

Пачну з таго, што з ранняга дзяцінства мяне прывучылі чытаць. І не проста чытаць, а ўсёй душой любіць гэты карысны занятак. Дома вакол мяне разгарнулася сапраўдная чытацкая атмасфера.  

У дашкольным узросце ў мяне з’явілася мара стаць настаўнікам. Потым, як і ў большасці дзяцей, было шмат іншых варыянтаў. Але лёсам было вырашана, каб збылася самая першая і шчырая мара.

Чалавек, ідучы да мэты, сустракае людзей, якія адыгрываюць у яго жыцці значную ролю.

Першым такім чалавекам для мяне стала Наталля Уладзіміраўна Камарова. Калі я была ў 4 класе, яна вырашыла падрыхтаваць мяне да алімпіяды па беларускай мове. Мы з настаўніцай так зацікавіліся заданнямі, што нават і не думалі пра вынік. Па праўдзе кажучы, я не чакала такога выніку, ён здзівіў – першае месца.

З 5 па 11 клас да алімпіяд па беларускай мове мяне рыхтавала Зоя Аляксандраўна Урбановіч. Нават калі што-небудзь здавалася складаным, яна падбадзёрвала і ўсяляла ўпэўненасць. 

У 11 класе перада мной устаў выбар прафесіі, выбар будучыні. У пачатку восені я нават не ведала, якія прадметы здаваць. Вырашыла толькі пра мову. А што з астатнімі двума? Гэтае пытанне заставалася невырашаным.

І вось неяк зусім нечакана да нас у школу завітала рэдакцыя “Свіслацкай газеты”. Сярэднім і старэйшым класам журналісты паведамілі аб праекце«Вучымся журналісцкаму мастацтву». Нам расказалі, што патрэбна пісаць так, каб зацікавіць чытачоў. Супрацоўнікі рэдакцыі здолелі выклікаць інтарэс да журналістыкі. Пасля сустрэчы я разважала пра тэму артыкула. На якія цікавыя думкі натхніла гэта сустрэча! Дзень стаў лёсавырашальным. 

Пасля некалькіх разоў пробы пяра я зразумела, што журналістыка вельмі захапляльная і неардынарная. Сапраўды, гэта мастацтва. Інакш не назавеш. Я пачала рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання і ўнутранага экзамену. У гэтай справе мне вельмі дапамаглі настаўніца Зоя Аляксандраўна Урбановіч, дырэктар Людміла Уладзіміраўна Петрасян, гісторык другой гарадской школы Аляксандр Валер’евіч Пясецкі. Вельмі ўдзячна кожнаму з іх.

Аднак, калі падавала дакументы, задумалася, на які факультэт пайсці. Сумнявалася паміж філалогіяй і журналістыкай. Рыхтавалася і да экзамена па беларускай літаратуры, і да творчага. Усё вырашыла ў апошнія дні: здавала беларускую літаратуру. 

І вось усе іспыты паспяхова пройдзены, мяне залічылі. І я веру ў тое, што маё залічэнне – гэта толькі пачатак новага шляху.

Я лічу, што галоўны сродак дасягнення мэты – верыць у сябе і, безумоўна, жаданне. Калі ёсць шчырае жаданне нечага дасягнуць – зробіш усё. Нездарма кажуць: дарога ўзнікае пад крокамі чалавека, які ідзе.

Ксенія УРБАНОВІЧ, студэнтка I курса філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы

Предыдущая статья

Ирина Горбатенко: "Счастлива, что приношу пользу людям"
Похожие новости