banner
Учора – школьнікі, заўтра – студэнты
08:30 16 Июня’20
На мінулым тыдні адбылася знакавая падзея ў жыцці вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў устаноў адукацыі раёна – яны атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай і атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Цяпер перад імі адкрываецца шырокі прастор для выбару свайго шляху развіцця, атрымання новых ведаў і магчымасцей для рэалізацыі патэнцыялу, які быў закладзены ў школе. Але што засталося ў мінулым? Што чакае іх наперадзе?
Успамінаючы свае школьныя гады, магу ўпэўнена сказаць, што яны былі вельмі цікавыя і непаўторныя. Такія, якія хочацца зноў вярнуць і зноўку перажыць тыя імгненні. Першыя крокі ў свет дакладных навук, першыя выдатныя адзнакі ў дзённіку і сшытках для пісьма, першыя «двойкі», без якіх проста немагчыма прадставіць сабе тыя шчаслівыя гады. А яшчэ знаёмства з рознымі школьнымі прадметамі, рознымі людзьмі, падарожжы, экскурсіі, спаборніцтвы, удзел у шматлікіх раённых і абласных мерапрыемствах. Думаю, што жыццё сучаснага школьніка, а дакладней ужо выпускніка, нічым не адрознівалася ад маіх школьных гадоў. Кожны адкрываў для сябе нешта новае і непаўторнае, спрачаўся з сябрамі, працаваў у камандзе з любімым настаўнікам і верыў, што хутка стане дарослым і сам будзе прымаць самастойныя рашэнні.

Гэты час надышоў. Зачыніліся дзверы ў бесклапотнае дзяцінства, адзвінеў для вучняў апошні школьны званок. Дзеці сталі дарослымі, мужнымі і прыгожымі маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, якіх чакае новы свет прыгод і перашкод. Але для настаўнікаў, якія ўклалі ў кожнага часцінку свайго сэрца, яны назаўсёды застануцца любімымі маленькімі вучнямі, якіх будуць чакаць зноў і зноў у сценах роднай установы адукацыі. Не забывайце аб гэтым ніколі, паважаныя выпускнікі, прыходзьце да любімых настаўнікаў, каб зноў апынуцца ў тым казачным свеце, які завецца проста – школа.

Але ўсё ўжо ў мінулым, а што чакае маладое пакаленне наперадзе? Адказ адназначны: уступныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне і білет у студэнцкае жыццё. Адзначым адразу: вельмі вялікую ролю тут адыграе ўменне абітурыента справіцца з псіхалагічным хваляваннем, настроіцца на выдатны вынік, а таксама працаваць і яшчэ раз працаваць. Толькі дзякуючы самаадданай працы і веры ў асабістыя сілы, можна дасягнуць значных поспехаў ва ўсіх справах. Гэта датычыцца як здачы ЦТ і экзаменаў, так і будучага жыцця. Многія лічаць, што атрыманне высокіх балаў на тэсціраванні – гэта проста супадзенне розных фактараў: ідэальнага варыянта, ідэальнай аўдыторыі. Не, гэта не зусім так.
Кожнае пытанне тэсту неабходна пераасэнсаваць, успомніць правілы і выключэнні, выбраць той самы правільны адказ. А гэта дасягаецца шматдзённай крапатлівай самастойнай працай за падручнікамі, зборнікамі матэрыялаў. І толькі тады можна спадзявацца на высокія балы на тэсціраванні.

Таму, паважаныя выпускнікі, будучыя студэнты, ваша студэнцкае жыццё, як бы гэта не прагучала, поўнасцю ў вашых руках. Так, наперадзе вас чакаюць магчымасці для росту і развіцця, атрымання доўгачаканай прафесіі, лекцыі, семінары, залікі, экзамены і вясёлыя дні бестурботнай маладосці, дзе вы самі будзеце прымаць адказныя рашэнні. І самі будзеце адказваць за свае ўчынкі. Усё гэта ўжо недалёка, вам засталося зрабіць толькі некалькі крокаў. Шчаслівай вам дарогі!  

Текст: Владимир Михальчик

Предыдущая статья

Назначен заместитель председателя райисполкома