• Жизнь / Земляки | 22-07-2010 | Просмотров: 2 102 |
    І шчасцем свецяцца іх вочы
    І шчасцем свецяцца іх вочыЖыццё пражыць – не поле перайсці. А калі яшчэ гэтае “поле” скрозь цярністае і ўхабістае, то трэба ўдвая больш мець сілы і трываласці, каб не ўпасці, каб не збочыць з тае каляіны, якую прызначыў лёс. І тут вельмі важна, каб быў нехта побач. Той, хто ў патрэбны час падставіць сваё плячо, падасць руку, сагрэе ў сцюжу, напоіць крынічнай вадой у спёку, падтрымае, суцешыць, пашкадуе. Тады і шлях не здаецца такім цяжкім і доўгім, тады і ногі не чуюць стомы.
    Без малога 70 гадоў ідуць па сваім жыццёвым полі ветэран вайны Аляксей Васільевіч і Вольга Іосіфаўна Столікі, бадай, найстарэйшая пара ў раёне. А здаецца ім, што толькі ўчора ўзяліся за рукі, толькі ўчора звязалі ў адзін свае лёсы...
    Тая вясна была на дзіва ранняй і цёплай. І як толькі змрок апускаўся на зямлю і ў небе запальваліся зорныя ліхтарыкі, на ўсю ваколіцу пачыналі гучаць песні і званочкамі пераліваўся дзявочы смех. Хлопцы, бывала, пачуюць і спяшаюцца на гэты спеў, на гэты заклікальны звончык. Спяшаюцца, каб знайсці тую адну-адзіную, Богам прызначаную, спяшаюцца, каб не прамаргаць свайго шчасця, каб не прайсці міма яго.
    Так было і з маладым кавалём Аляксеем Столікам. Пачуў ён аднойчы, як спяваюць дзяўчаты ў Манчыцах, і паспяшаўся з сябруком у суседняе сяло. Было гэта акурат на Пасху. І гэты святы дзень вырашыў яго лёс. Сярод манчыцкіх прыгажунь яму адразу ў вочы кінулася адна. Танюсенькая, сінявокая, з русай касой праз плячо. Аж дух заняло ў хлопца, калі іх позіркі сустрэліся. Сэрца пачало ў грудзях выбрыкваць так, што гатова было выскачыць і пакаціцца да ног гэтай маладой чараўніцы. Яно, сэрца, і зрабіла ў той вечар свой выбар. Раз і на ўсё жыццё.
    Дзяўчына назвалася Воляй. Ён першы раз падвёў яе дахаты, баючыся нават дакрануцца да рукі, і дрыготкім голасам запрасіў на наступнае спатканне.
    І пабеглі дні-дзянёчкі. Ён лічыў іх ад суботы да суботы, каб зноў пабегчы ў Манчыцы, дзе яго чакала любая Волечка.
    А тым часам збіраліся ў чорную зграю крумкачы, каб зруйнаваць і тую вясну, і дзявочы смех, і запаветнае шчасце, і светлыя мары. Ужо праз два месяцы пачалася вайна. Раптоўная, страшэнная, знішчаючая ўсё на сваім шляху, не маючая літасці ні да маладых, ні да старых. Навісла бяда і над Аляксеем з Вольгай. Дзяўчан і хлопцаў пачалі забіраць на чужыну. Тое ж чакала і іх. І тады солтыс падказаў закаханым, што сямейных не бяруць, даў параду хутчэй павянчацца, тады і бяда міне. І яны абвянчаліся. Сталася гэта ў жніўні 1941-га. Вядома, усё было не так, як марылася. Якое вяселле, калі, куды ні зірні, нелюдзі пануюць. І ўсё ж русую галоўку Волечкі ўпрыгожваў белы вэлюм, і доўгая шлюбная сукенка рабіла яе яшчэ больш прыгажэйшай і мілай.
    І шчасцем свецяцца іх вочыПраз год у іх нарадзіўся сынок Ванечка. Бацькоўскае шчасце перамяшалася са страхам: як уберагчы малое, як выжыць у гэтым пекле? Дзякуй Богу, выжылі, убераглі. Ванечка падрастаў, пачаў хадзіць, нешта шчабятаць па-свойму, а тут і вызваленне прыйшло. Здаецца, толькі і цешыцца, толькі і ўздыхнуць з палёгкай. Але іх чакала яшчэ адно выпрабаванне. Аляксею прыйшла павестка на фронт. Ах і галасіла ж яна, выпраўляючы любага, ах і тулілася да яго, а потым ішла за ім аж да Свіслачы, паліваючы горкімі слязьмі дарогу, ужо нічога не разумеючы ад жаху перад расстаннем.
    Вярнулася дадому, упала перад абразамі на калені, а побач сыночка паставіла. І маліліся маці з сынам, каб бяда абыйшла мужа і тату, каб куля яго не кранула.
     Два гады дзень у дзень благала Вольга Усявышняга, каб збярог Аляксея, каб вярнуўся да яе жывым і здаровым.
    Яна атрымоўвала ад мужа лісты штодзень і чытала-перачытвала кожны радочак, наскрозь пранізаны цеплынёй і пяшчотай. “Любая, не хвалюйся, я хутка вярнуся. Беражы сябе і сыночка і памятай, што я вельмі люблю цябе, што ты ў мяне адзіная ў свеце”. Яна збірала гэтыя дарагія сэрцу трохвугольнічкі і берагла іх, як найдаражэйшы скарб.
    За два гады гэтых лістоў сабралася паўнюткае... рэшата. І з кожным лістом іх сустрэча была ўсё бліжэй і бліжэй.
    — У той дзень я за кроснамі сядзела, — успамінае Вольга Іосіфаўна. — Мне ў акно нехта крыкнуў: “Воля, твой Лёня вярнуўся, дадому ідзе”. Я яго заўсёды Лёняй называла і бацькі таксама. Дык вось, я, як была басанож, так і выбегла з хаты. Бягу, дарогі не разбіраю, а ён мне насустрач бяжыць. У руках кацялок, на плячах шынель. Я кінулася да яго, абняла, так і стаімо на дарозе. А дадому прыйшлі, я яму вынесла цэлае рэшата лістоў. Шкада, што не захаваліся. Тады для нас было самае важнае тое, што мы зноў разам, што больш нічога не пагражае нашаму шчасцю.
    Праз год у іх нарадзіўся яшчэ адзін сынок – Віця. Пачалі новы дом будаваць. Аляксей усё сваімі рукамі рабіў, стараўся, каб хутчэй сям’я перайшла з паўразваленай хаткі ў новы дом. У ім нарадзілася дачушка Валечка. Жылі ў згодзе, разумелі адзін аднаго, падтрымлівалі, цешыліся дзеткамі. А лёс тым часам зноў рыхтаваў для іх выпрабаванне. Раптоўна захварэў Аляксей. Вольга шукала патрэбных лекаў, а іх нідзе не было. Нехта падказаў, што ёсць у Ваўкавыску. Паехала, купіла і спяшалася назад. А той цягнік, нібы наўмысна, ледзьве цягнуўся. І тады, не даехаўшы да прыпынку, яна выскачыла на хаду, як толькі ног не паламала. Прыбегла ў шпіталь, паспела...
    З тых пор мінула шмат гадоў. Даўно пасівела русая каса і вочы, выліўшыя некалі так шмат слёз, выцвілі і амаль патухлі. Зараз яе вачамі стаў муж. Ён, на дзіва, нават без акуляраў чытае газеты, і больш услых, каб і жонка чула, што ў свеце робіцца. А вось яна стала яго слыхам, таму што Аляксей Васільевіч стаў слаба чуць.
    У мінулую суботу ён адзначыў сваё 90-годдзе. З такой нагоды ў іх доме было свята. Прыехалі дзеці, унукі, праўнукі. Гучалі музыка і песні, для іх, родных і любых мамы з татам і бабулі з дзядулем, былі вымаўлены самыя цёплыя, самыя шчырыя словы ўдзячнасці і любові. А яны, усхваляваныя, раптам памаладзеўшыя, сядзелі побач, і не было ў свеце нікога шчаслівейшага за іх.
    Гэтым шчасцем свецяцца іх вочы, гэтае шчасце нябачным святлом лунае ў іх хаце, гэтае шчасце льецца музыкай са старэнькага гармоніка, з якім Аляксей Васільевіч не развітваецца ўжо шмат гадоў. Ён беражліва бярэ яго ў рукі і ўжо непаслухмянымі пальцамі перабірае “гузічкі”.
    Ты даруй мне, што рукі твае не цалую,
    Можа, я пра пяшчоту з гадамі забыў.
    Цябе ў сэрцы нашу я, маю дарагую,
    Я жыццё сваё ў ногі табе палажыў...

    Ён спявае і не зводзіць з жонкі вачэй. Для яго яна па-ранейшаму тая ж Волечка з русай касой і нябесным блакітам у вачах. Вольга Іосіфаўна слухае песню, якую муж прысвяціў менавіта ёй, і вочы напаўняюцца шчаслівымі слязамі. Для тых, у каго ў сэрцы жыве любоў, гады не маюць значэння.
    Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
    Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА і з сямейнага архіва.


    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    Урожай-2018

    Regional news

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает