• Жизнь / Земляки | 24-08-2011 | Просмотров: 1 579 |
    Святкавала вёска Навасёлкі

    Святкавала вёска Навасёлкі

    У гэты дзень святочны настрой быў нават у прыроды. З самага ранку ўсіх вяскоўцаў прывітала ласкавае сонейка, і хмаркі, якія, здавалася, вось-вось збіраюцца сыпануць дожджыкам, раптам недзе рассеяліся, прапалі, і неба зрабілася блакітным і чыстым, без адзінай аблачынкі.

    Ля клуба завіхаліся арганізатары свята. Заранёў сабраныя ў народных майстроў вырабы былі прыгожа вылажаны на стол-выставу. Побач з ім два вялізныя снапы з ільну і пшаніцы. Імправізаваная сцэна ўпрыгожана жоўтымі кветкамі сланечнікаў, для гледачоў падрыхтаваны месцы ў “глядзельнай зале”. Усё было зроблена як мае быць, заставалася толькі дачакацца, калі збяруцца вяскоўцы на свята роднай вёскі.

    Святкавала вёска НавасёлкіІ, трэба сказаць, іх было нямала. Да бабуль і дзядуль папрыязджалі ўнукі, да матуль – дзеці. Усе такія прыгожыя, па-святочнаму апранутыя і з усмешкамі на тварах. Ды і што за дзіва?! Не кожны ж дзень такое свята выпадае.

    І вось яно пачалося. Вядучыя Лявоніха (Таццяна Міхайлоўская) з Лявонам (Алег Ботвіч) шчыра вітаюць аднавяскоўцаў і запрашаюць да мікрафона старшыню Навадворскага сельскага Савета Уладзіміра Васільевіча Здановіча. Ён вітае жыхароў Навасёлак, віншуе са святам, жадае ўсім радасці, шчасця і добрага настрою.

    На сённяшні дзень у Навасёлках налічваецца 76 двароў і 151 жыхар. Дарэчы, самы маленькі з іх, Максімка Андрушка, нарадзіўся зусім нядаўна. Ён яшчэ не мог сам прыйсці на свята, таму падарунак за яго прымала з рук старшыні сельсавета мама. Старэйшы жыхар вёскі – Іосіф Іосіфавіч Саўко. Шмат чаго пабачыў ён на сваім жыццёвым шляху, які быў ой якім нялёгкім.

    Святкавала вёска НавасёлкіЗавітала на свята роднай вёскі і былая яе жыхарка, а зараз дацэнт кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Эмілія Іосіфаўна Саўко. Тут яна нарадзілася, тут расла, тут дыхала найчысцейшым у свеце водарам Белавежжа і антонаўскіх яблык з бацькоўскага саду. Не маглі не крануць сэрцы вяскоўцаў словы дарагой госці, якая з цеплынёй і ўдзячнасцю звярнулася да навасёлкаўцаў, падкрэсліўшы, што яе душа па-ранейшаму тут, у Навасёлках, і таму кожны год яна прылятае сюды, як птушка з выраю, каб дакрануцца да родных каранёў, каб прытуліцца шчакою да матчыных далоняў, каб напіцца жывой вады з вясковага калодзежу. Своеасаблівым падарункам роднай вёсцы была песня ў выкананні славутай дачкі Навасёлкаў “Родительский дом”, якую падхапілі і спявалі ўсе гледачы.

    Самы галоўны скарб любой вёскі – гэта людзі. Людзі з працавітымі рукамі, з гарачымі сэрцамі. Шмат такіх і ў Навасёлках. А гэта Уладзімір Іванавіч Саўко, які аддаў роднай гаспадырцы больш за 30 гадоў працы, Валерый Іванавіч Саўко, які за дасягнутыя высокія паказчыкі на перавозцы зерня ў 2010 годзе атрымаў Ганаровую грамату, Станіслаў Станіслававіч Андрушка, які таксама працуе ў саўгасе ўжо больш за чвэрць веку.

    Святкавала вёска НавасёлкіШмат гадоў сеюць у юныя душы зярняткі ведаў настаўнікі Ганна Іванаўна Саўко, Станіслава Антонаўна Саўко, Валянціна Казіміраўна Якута, Ларыса Яўгеньеўна Саўко, Эмілія Іванаўна Саўко, Эмілія Антонаўна Кавальчук, Віктар Сцяпанавіч Кавальчук, Надзея Сцяпанаўна Саўко. Ірына Станіславаўна Якута працуе з дзеткамі ў дзіцячым садку. Амаль тры дзясятка гадоў адпрацавала ў гандлі Аліна Станіславаўна Якута, 28 гадоў загадвала бібліятэкай Марыя Антонаўна Ставецкая, шчыруюць у лясніцтве Васіль Мікалаевіч Казлоўскі, Віктар Іванавіч Якута.

    А колькі талентаў нарадзіла вёска Навасёлкі! Вачэй не адвесці ад тых вырабаў, што стварылі іх рукі. Іван Казіміравіч Саўко любіць працаваць з дрэвам, і яно робіцца ў яго руках настолькі падатлівым, што нельга не здзіўляцца. Народныя майстрыхі Ірына Станіславаўна Якута, Алена Іванаўна Андрушка, Ядвіга Уладзіміраўна Саўко прынеслі на выстаўку сапраўдныя шэдэўры.

    Не менш знакамітая вёска і добрымі гаспадарамі. На свяце былі вызначаны лепшыя падвор’і, гаспадары якіх атрымалі падарункі.

    Не абышлі ўвагай Лявон з Лявоніхай і мнагадзетных маці, якіх у вёсцы таксама нямала. Усю душу і сэрца аддавалі дзецям Марыя Іосіфаўна Саўко, Ядвіга Іосіфаўна Саўко, Алена Іванаўна Андрушка, Юзэфа Станіславаўна Мархалюк, Тамара Уладзіміраўна Андрушка, Валянціна Антонаўна Андрушка, Ала Сцяпанаўна Казлоўская, Марыя Уладзіміраўна Саўко, Уладзіслава Сцяпанаўна Саўко.

    А яшчэ на свяце было шмат сямейных параў, якія ўжо паспелі адзначыць свой залаты юбілей. Эдвард Антонавіч і Алена Канстанцінаўна Саўко, Мечыслаў Адамавіч і Казіміра Аляксандраўна Якута, Вітольд Іосіфавіч і Леакадзія Антонаўна Сікор, Іосіф Іосіфавіч і Алена Людвігаўна Саўко, Іван Вікенцьевіч і Соф’я Канстанцінаўна Саўко, Іван Канстанцінавіч і Яніна Андрэеўна Якута, Станіслаў Сцяпанавіч і Станіслава Іосіфаўна Андрушка, Максім Людвігавіч і Уладзіслава Сцяпанаўна Андрушка. Вось якая багатая вёска на шчаслівыя сямейныя пары. Яны і людзьмі паважаныя, і Богам ахінёныя, і любоўю дзяцей сваіх ды ўнукаў сагрэтыя.

    На гэтым свяце было сказана шмат шчырых слоў падзякі людзям працы, добрым і спагадлівым вяскоўцам, якія дзень за днём стараюцца зрабіць сваю вёсачку яшчэ прыгажэйшай і квітнеючай. Добры настрой дарылі і юныя артысты з Новага Двара, якія спявалі вяскоўцам песні, прыгожа танчылі, цешылі гледачоў сваімі талентамі. А гэта Сняжана Кобелева, Святлана Ганчарэвіч, Кацярына Касінская, Віка Грыцкевіч, Жана Касінская.

    Калі ўжо былі сказаны цёплыя словы на развітанне, пачаў церушыць дробны дожджык. Але ж вяскоўцы не спяшаліся разыходзіцца. Усе дружненька перайшлі пад дах клуба, дзе былі наладжаны танцы. Дзякуючы Віктару Раманчуку ўволю натанцаваліся ў той дзень і дарослыя, і дзеці. Надоўга ім запомніцца гэтае цудоўнае свята, і няхай іх у вяскоўцаў будзе як мага больш.

    Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

    Фота аўтара.



    Добавление комментария
    Наша викторина
    ВНИМАНИЕ: КОНКУРС

    ПРОЕКТЫ

    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    500 лет белорусскому книгопечатанию

    2017 - Год науки На Свислоччине

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Парка активного отдыха Коробчицкий Олимп

    Августовский канал приглашает

    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Праздники Беларуси
    ССЫЛКИ