• Жизнь / Семья | 04-01-2008 | Просмотров: 2 311 |
    Ты толькі жыві...

    Ты толькі жыві...      Тэлефон зазваніў акурат тады, калі Ірына збіралася выходзіць з хаты. Спяшалася сустракаць дачку з унукамі: яны ўжо ў дарозе. Яна падняла трубку і пачула голас даўняй школьнай сяброўкі, якая  працуе ўрачом у гарадской бальніцы хуткай дапамогі. 

          — Ірына, дзень добры.

          — Дзень добры, Верачка. Як пажываеш? Даўно мы з табой не бачыліся.

          — Так, даўно. Жыццё заматала. Ні на што часу не хапае.

          — Праўду ты кажаш. Рада цябе пачуць. Што новага?

          — Дык вось хачу табе сказаць, што твой былы да нас трапіў. Зусім слабы...

          Спачатку Ірыну ахапіла злосць: вось нашла аб чым гаварыць, ды яшчэ перад самай Святой Вячэрай. Якая мне справа да таго алкаголіка. Ён мне і так усё жыццё змарнаваў. Ледзьве ад яго збавілася... Яна хацела ўсё гэта выказаць сяброўцы, палажыць трубку і ісці па сваёй справе. Але раптам сціснула сэрца і ў горле стала горача, нібы праглынула гарачы вугельчык.

          — Што з ім? — спытала Ірына, пасля павіснуўшай паўзы.

          — Ноччу на вуліцы падабралі... Непрытомнага... Пэўна, абмарозіў ногі...

          І зноў балюча зашчыміла ў грудзях. Яна не ведала, што казаць. 

          — Я прыеду. Дзякуй, Вера, — ціха прамовіла ўрэшце.

          “Як ехаць? Дзеці ўжо ў дарозе. З хвіліны на хвіліну тут будуць. Стол прыгатаваны. Елачка свеціцца для ўнучанят. Падарункі падрыхтаваны... Куды ехаць? Чаго?” – гаварыла яна сама сабе і была ўпэўнена, што нікуды не паедзе, што няма ёй ніякай справы да таго чалавека...

          “Ён жа бацька тваіх дзяцей. Ты ж кахала яго, ты ж не даруеш сабе, калі ён...”, — ціха спрачаўся з ёю ўнутраны голас.

          “Ён мне ўсё жыццё змарнаваў. Колькі плакала, прасіла, благала: “Не пі!” Ці ён чуў? Не, не паеду”. 

           “Бог дараваў тым, хто яго на крыжы распінаў... Даруй. Не трымай у сэрцы жалю, спяшайся...” 

          Трэньканне мабільніка вывела яе з задумення. Званіла дачка. 

          — Мама, мы ўжо праз некалькі хвілін будзем у цябе. Чакай.

          — Дачушка, родненькая, святкуйце без мяне. Я ўсё прыгатавала. Мне трэба паехаць ў адно месца. Даруй, дзіцятка. Я потым усё раскажу...

          Яна хуценька пайшла да дзвярэй. А пасля вярнулася, зайшла ў пакой, дзе стаяў накрыты белым абрусам стол, адламала кавалачак аплаткі і акуратна загарнула яго ў паперку. 

          На двары церушыў снег. Ірына стаяла на аўтобусным прыпынку і думала аб Іване: “Як ён жыў ўсе гэтыя гады, дзе шукаў прытулак, што ён еў? Ён жа быў адзін на свеце. Я ж яго, як сабаку, выгнала...  Божачка, а што калі ён без ног застанецца?  Як жа ён будзе жыць?”  На вочы набеглі слёзы, і раптам зніклі некуды крыўда і боль, якія так доўга разрывалі сэрца і перашкаджалі жыць...

          — Божачка, толькі б паспець. Толькі б жыў... 

          — Я да Ігнатава, — сказала Ірына медсястрычцы. – Дзе ён?

          — Гэта той бомж? – здзіўлена ўскінула тонкія бровы дзяўчына ў белым халаце і акінула Ірыну позіркам.

          — Так, ён! – і сэрца нібы нажом працяло – “бомж...” 

          — У восьмай палаце, — з нейкай з’едлівай усмешкай прамовіла медсястра.

          Сэрца чамусьці стала біцца часта-часта. Нібы пасля марафону. Стала цяжка дыхаць. Яна набрала паветра ў грудзі і пераступіла парог палаты.

          Івана пазнала не адразу. На ложку каля сцяны ляжаў стары чалавек. Сівыя пасмы валасоў, густое шчацінне на ўпалых шчаках, і толькі вочы, вялікія блакітныя вочы сведчылі аб тым, што гэта ён, Іван.

          Ірына падыйшла, моўчкі прысела на ложак і ўзяла ў свае далоні яго руку. Ён на імгненне неяк страпянуўся, таргануў руку, а потым замёр і закрыў вочы.

          — Ванечка, даруй! – вымавіла яна ледзь чутна і ўбачыла, як дзве слязы выкаціліся з-пад яго закрытых павек і папаўзлі па худых шчаках. Ён слаба паціснуў яе руку, і яна паднесла яго пальцы да вуснаў. А потым дастала з сумачкі завернуты ў паперку кавалачак аплаткі, разламала яе і паднесла яму да рота.

          — Ванечка, Бог цябе  любіць. Ён даруе табе ўсё... І я дарую. Я больш ніколі не пакіну цябе. Ты только жыві, родны мой, толькі жыві... 

          У гэты міг за бальнічным акном, у цёмна-сінім нябесным аксаміце ўспыхнула зорка.

          — Ванечка, паглядзі нас благаслаўляе нованароджаны Езус. Ён прыйшоў на зямлю, каб паяднаць нас, каб адкупіць нашы грахі. Ты абавязкова ачуняеш, і мы пачнём жыццё з чыстага ліста. Цябе чакаюць дзеці, унукі. Ты ж іх яшчэ не бачыў... Усё будзе добра, Ванечка...

          Яна гаварыла і гаварыла, і цёплыя хвалі пяшчоты раз-пораз накрывалі яе з галавою і душылі слёзы. А ён слухаў і верыў кожнаму яе слову, і на вачах ажываў. На шчаках з’явілася ружовасць, засвяціліся вочы, і вусны кранула слабая ўсмешка.

          Так, ён будзе жыць. Бо цяпер ёсць для каго. Бо ён патрэбны, бо ён не адзін на свеце.

    Я. КОБРИНЕЦ.

    <
    АЛЕКСАНДРА

    6 января 2008 16:47

    Поучительная рождественская история. В этот период всем нам надо стремиться быть добрее и великодушнее. Прощать -- это большое умение. Когда мы научимся это делать от души, всем сердцем -- больше станет счатья на нашей земле. Спасибо , что учите это делать. Александра.



    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    День Независимости

    Regional news

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает