• Жизнь / Наши авторы | 17-09-2012 | Просмотров: 1 204 |
    І зоркі шапталі...

    З самага ранку Сцяпан Спірыдонавіч быў на нагах. Старанна прыбраў у хаце, потым на хуткую руку паснедаў і выйшаў на падворак, каб пакарміць адзінага свайго “кампаньёна” — старэнькага сабаку Балівара.
    — Сёння ў нашай хаце свята, — прыгаворваў-падпяваў дзядуля, накладаючы ў сабачую міску крупяную кашу. — Восемдзесят гадоў — гэта табе, Балік, не жартачкі. Дачакаўся-такі!
    Балівар, нібы разумеючы сэнс гэтых слоў, з усяе сілы круціў махнатым хвастом і глядзеў гаспадару прама ў вочы. Ён таксама радаваўся, толькі што не скакаў: яго ўзрост таксама даваў пра сябе ведаць. У сямнаццаць гадоў ён амаль доўгажыхар сярод чатырохногіх.
    Сцяпан Спірыдонавіч яшчэ раз усміхнуўся сабе ў вусы, пагладзіў па галаве Балівара і вярнуўся ў дом. Тут, робячы апошнія прыгатаванні да свята, дзядуля заўважыў, што трэба было б хлеба дакупіць. “Хлеб на стале — самая галоўная страва. Дрэнна, калі забракуе. Трэба ў краму забегчы,” — сам сабе скамандаваў гаспадар, адпраўляючыся ў не вельмі далёкі шлях.
    Магазін, дзе сельскія жыхары набывалі самае неабходнае, знаходзіўся ў цэнтры вёскі. А Сцяпанаў дом – у самым дальнім кутку, першы ад лесу...
    Апіраючыся на кульбаку і на кожным кроку пакрэхтваючы, дзядуля “пабег” у бок сельскай крамнічкі, дзе гаспадарыла гаваркая ружовашчокая кабетка Настасся.
    — Што, дзядуля, забыліся нечага купіць? — адразу з парога спытала яна ў зачырванеўшага ад хуткай хады пакупніка. — Учора ж, бадай, паўмагазіна ў мяне скупілі, — з усмешкай дадала яна.
    — Дык вось, даражэнькая, баюся, што галоўнага не хопіць. Здалося мне, што хлеба мала будзе. Госці прыедуць, а я — як без рук, — апраўдваўся дзядуля, кладучы ў старэнькую квяцістую торбачку свежы бохан.
    — Ой, прабачце, дзядулечка Сцяпан, павіншаць вас спачатку трэба было, а потым пра пакупкі пытацца. Са святам вас, з юбілеем! А гасцей калі чакаеце?
    Дзядуля на момант разгубіўся. Потым падумаў трохі і адказаў:
    — Сёння, калі ж яшчэ. Вось управяцца са сваімі справамі і завітаюць. Буду чакаць. Чаго-чаго, а часу ў мяне хапае...
    ...Час ішоў. Хвіліна за хвілінай, гадзіна за гадзінай. Пасля ўрокаў забегла павіншаваць імянінніка бойкая суседка Аленка, прынесла ў падарунак змайстраваны сваімі рукамі саламяны куфэрачак. “Гэта нас у школе, на гуртку, навучылі так адмыслова плесці. Я адразу пра вас падумала. Будзе куды пенсію складваць. Прыгожа атрымалася, праўда?” Скорагаворкай выпаліўшы гэта, дзяўчынка памахала рукой на развітанне дзядулю і знікла за дзвярыма.
    “Вось дык козка-стракозка, — усміхаючыся, падумаў гаспадар. — Энергія цераз край ліецца. Вось бы трохі таго пэнту і ў маім узросце”.
    Бліжэй да вечара Сцяпан Спірыдонавіч выйшаў на вуліцу, прысеў на доўгай лаве, што цягнулася ўздоўж плоту. З абодвух бакоў яе раслі дрэвы — тоўстыя, не абхапіць рукамі, ясень і ліпа.  Калісьці яго сыны — Антон і Андрэй — пасадзілі тут дзве тоненькія кволыя галінкі. Клапатлівы тата адразу ж прымацаваў на дубовых слупах шырокую лаву ад дрэўца да дрэўца. Вечарамі тут любіла збірацца ўся вясковая моладзь, яшчэ і па хатах пад ранак іх разганяць даводзілася. Тады дрэўцы толькі сілу набіралі, а цяпер вось якія веліканы вымахалі!
    Сцяпан Спірыдонавіч глядзеў праз голыя галіны, якія ўсё мацней разгойдваў халодны восеньскі вецер, на неба. Там, высока-высока, адна за другой пачалі запальвацца зорачкі. А разам з імі ўзнікалі ў памяці самыя шчаслівыя моманты яго нялёгкага жыцця.
    ...Вось пад зорным небам ён, малады юнак, трымае за руку першую прыгажуню на сяле – русавалосую Зіначку.
    ...А вось ён глядзіць на зоркі, шукаючы сярод іх тую, што толькі-толькі запалілася. Яго любая жонка Зіна падарыла яму вялікую радасць — нарадзіла доўгачаканага першынца.
    ...У такую ж зорную ноч ён, шчаслівы татуля, другі раз пасылае небу падзяку за другога сыночка і зноў шукае новую зорачку.
    ...А вось яны, яго Антон і Андрэй, разам з бацькам едуць ноччу на кірмаш у горад, каб паспець да ранку. І разам загадваюць жаданні, калі заўважаюць, як зорка ўпала...
    Дзе ж яны, яго сыны? Даўно выраслі, паехалі ў горад жыць. Самі ўжо ўнукаў маюць. Тыя, малодшыя, да прадзядулі штомесяц прыязджаюць. Сцяпан Спірыдонавіч заўсёды ведае, калі госцейкі завітаюць: акурат пасля пенсіі чакай. Добра і гэтак. Ён і таму рады. Вельмі ж цяжка стала, калі жонка памерла. Аднаму ў вялікай хаце не па сабе, хоць воўкам вый. Сыны і ўнукі часу не маюць завітаць у вёску, гавораць, што занятыя вельмі. Але ж сёння свята ў яго — дзень нараджэння, юбілей. Павінны ж прыехаць, павіншаваць. Вось дык радасць будзе, як усе збяруцца ў бацькоўскай хаце!
    ...Суседка Тамара, маці гарэзы Аленкі, выйшла зачыніць вароты. Глянула на вуліцу — і аслупянела. Ноч, цемра, а на суседскай лаве чалавек сядзіць нерухома. Пазнаўшы дзеда Сцяпана, аклікнула яго. Не адазваўся. Спалохаўшыся, пабегла ў дом, стала званіць яго родным. “Прыязджайце, тут бяда ў нас! Бяда з татам вашым...”
    Калі прыехалі, Сцяпан Спірыдонавіч усё так жа сядзеў на лаве, прыхіліўшыся спіной да магутнай ліпы. Чакаў сваіх дзяцей, унукаў... Дачакаўся...

    Ларыса САМАРЫНА



    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    Наше видео

    Наши общественные объединения

    Урожай-2018

    Regional news

    Клещи

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает