• Жизнь | 19-02-2017 | Просмотров: 490 |
    Надзвычайная вандроўка

    Надзвычайная вандроўка

     

    “Мы з мужам выпісваем і чытаем раёнку заўсёды. Многа цікавага знаходзім для сябе. Даспадобы нам і гумарэскі з новай рубрыкі “Народная жартоўня”. І вось муж прычапіўся да мяне, каб я напісала гісторыю пра козачку, галоўным героем якой быў ён. Цяпер, калі ўспамінаем, смяёмся. А тады, прызнацца, майму мужу было зусім не да смеху. Як усё адбывалася, я раскажу вам шчыра, як на споведзі”.

     

    Гэта было гадоў дванаццаць назад. Я паехала ў Баранавічы да свайго брата. Братавая Наташа, падаіўшы казу, паказала, колькі тая дае малака. Было больш за тры літры. “Не кожная карова дасць столькі малака”, – сказала я і адразу ж папрасіла, каб нам ад гэтай казы, калі будзе патомства, пакінулі козачку на развод. Мужу пра казу расказала. Ён таксама загарэўся ідэяй займець такую карміліцу. Праз нейкі час з Баранавічаў нам паведамілі, што прывяла каза малых, маўляў, прыязджайце за гадаванкай.


    Назаўтра ж, не адкладваючы на доўгі час, паслала мужа за казой. Ён спачатку не хацеў ехаць (як душа чула), але я выкруцілася ад паездкі, знайшоўшы грунтоўныя адгаворкі.


    Пераначаваўшы ў брата, муж сабраўся з “малочніцай” у зваротную дарогу. Казу пасадзілі ў сумку, на дно якой паклалі многа анучаў, каб, як што, не прамокла. Сумка для козачкі была замалой. Умясцілася толькі тулава, галава ж з шыяй заставаліся на волі. Каза ляжала спакойна, сют-тут пакручваючы галавой. Муж удачна сеў у цягнік, сумку паставіў пад ногі. І пачалося.


    Валодзька сядзеў адзін. Злева ж цераз праход ехалі дзве сімпатычныя, інтэлігентныя, падобныя на артыстак жанчыны. Каза спачатку маўчала, а потым, відаць, зразумеўшы, што засталася без сваёй радні (дый, можа, ужо і есці захацела), пачала падаваць сваё адвечнае “мэ”. У вагоне было многа дзяцей. Яны адразу ж, як па камандзе, пазбягаліся да казы і пачалі яе хваліць, гладзіць. Двое малых пачалі плакаць, енчыць і прасілі дазволіць панасіць казу на руках. Дзеці, як да заапарка, зводзілі да казы сваіх бацькоў. Муж жа сядзеў і маўчаў, думаў, як не будзе звяртаць увагі, хутчэй адчэпяцца і супакояцца. Але пакой майму Валодзьку толькі сніўся.


    Пасля дзяцей да яго прычапіліся тыя дзве інтэлігентныя жанчыны, што сядзелі злева. “Што вязеш?” “Куды вязеш?” “А чаму жонка не вязе?” Ён стрымліваўся і адказваў ветліва. Каза ж калі-некалі сваім “мэ” перабівала “артыстак”. Муж нават ужо хацеў выйсці з казой у тамбур, але ўбачыў, што з-пад сумкі выступае нейкая вадкасць (самі здагадваецеся, што за яна), і вымушаны быў застацца. Бо калі жанчыны ўгледзяць гэтыя “сляды злачынства”, яму будзе канец.


    Тыя ж і без гэтага адна перад адной наддавалі “жару” і “імпэту”, разгараліся ўсё мацней і мацней. І наступным іх пытаннем было: “Чаму не наняў машыну?” Муж ім адказаў, што гэта козачка нават за 204 гады не зможа аплаціць сваім будучым малаком дарогу ад Баранавічаў да Свіслачы. Жывёліна маленькая. Месца многа ў цягніку не займае. А калі што “дамам” не падабаецца, то яны могуць перайсці ў другі вагон. Жанчыны пасля гэтых слоў яшчэ больш узбунтаваліся. Пачалі аглядвацца, шукаючы правадніцу, пагражалі міліцыяй. Астатнія пасажыры ўціхамірвалі жанчын: “Што тут такога, што казляня ў гадзіну пару раз мэкне?” Але тыя нікога не слухалі. Сварлівыя бабы, яны ўжо здаваліся мужу брыдкімі і непрывабнымі.


    На сваім прыпынку, забыўшы пра сварку і свае пагрозы, жанчыны накіраваліся да выхаду. Муж заўважыў, што яны пакінулі каля сядзення адну сумку. Падхапіў яе і вынес “артысткам” на перон. Тыя адразу перамяніліся ў твары, дзякавалі, прасілі прабачэння і жадалі шчаслівай дарогі. Муж тут жа забыўся пра крыўду, і спадарожніцы зноў сталі для яго прыгожымі і інтэлігентнымі. Вярнуўшыся, муж прыбраў за казой. Выцягнуў махровы ручнік, што жонка брата перадала мне ў падарунак, і выцер ім і каля сумкі, і ў сумцы.


    А каза не сціхала. У яе змяніўся голас, і замест “мэ” яна падавала з хрыпам зусім іншыя гукі. Мужу нават здавалася, што ў казы атрымоўваюцца непрыстойныя словы. Не раз ён хацеў схапіць сумку з маёй “цэннай” козачкай і, размахнуўшыся, выкінуць у адкос з адкрытых дзвярэй у той час, калі выходзілі людзі. Але якімсьці чынам стрымліваў сябе, шкадаваў маленства, баяўся пакідаць яго на волю лёсу ды і грэх на душу браць. Так і ехаў. Калі каза крычала, закрываў ёй рот. Але дзе ж ты закрыеш і ці надоўга? Таму Валодзька пад канец узяў сумку з маёй “малочніцай” і ў тамбур вынес, а сам сеў непадалёку ад дзвярэй. Але і цяпер яму не было спакою: калі людзі выходзілі на прыпынках, яму таксама трэба было ўставаць, бо баяўся, каб хто яго “багацце” не забраў ці не скінуў з тамбура ўніз.


    Па Свіслачы сумку цягнуў, вырываючы рукі. І ў думках ва ўсіх бедах вінаваціў толькі мяне. Гэта ж я казінага малака захацела! А я ўжо сустракала сваіх вандроўнікаў ля веснічкаў. Валодзька толькі ўздыхнуў, думаў, ужо ўсё скончылася. Але не. Кажу яму: “Нясі ў хлеў. Пагляджу, што ты тут прывёз”. Калі ж убачыла тую козачку, чуць не абамлела. Яна была малая, худая – толькі скура ды косці. Па той казе можна было вывучаць анатомію. Шэрсць ускалмачаная, без бляску. Галаву і шыю ўжо не трымала, на ногі ўставаць не хацела. Тады я дала мужу дык дала: “Ты што, не бачыў, што браў? З глузду з’ехаў? Гэтай казе засталося тры чвэрці да смерці, а ты валачэш яе сюды! Аддалі, відаць, нам, каб самім ямы не капаць, каб хутчэй збыць з рук!..”


    Як Валодзька ўсё вытрымаў, не ведаю. Відаць, яшчэ жалезныя нервы ў майго мужыка. Выгаварыўшыся ж, я супакоілася, і мы пачалі козачку карміць, лячыць, ратаваць ад смерці. І, ведаеце, паднялі на ногі. Праз тры нядзелькі ўжо бегала, скакала, такая прыгажуня стала! Мы ў ёй душы не чулі! Яна хадзіла за ўсімі, як сабака. Калі былі дзверы адкрытыя, і ў хату забягала, брала хлеб са стала. А праз год прывяла патомства. Малака наша Белка давала столькі ж, як яе маці. Словам, не дарэмна мой Валодзька так вымучыўся, вандруючы з Баранавічаў у Свіслач.

     

    Яніна КУЧЫНСКАЯ,
    г. Свіслач.



    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    Наше видео

    Наши общественные объединения

    Урожай-2018

    Regional news

    Клещи

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает