• Жизнь | 10-11-2016 | Просмотров: 549 |
    Заўсёды сагрэе бацькоўская хата

    Заўсёды сагрэе бацькоўская хатаУ дзевятнаццаць  год – закаханая і шчаслівая – Люба пакінула такі мілы сэрцу і такі ўтульны бацькоўскі дом і паехала за сваім мужам у далёкую Курганскую вобласць. 

     

    Тады ў яе галаве віталі мары аб шчаслівым сямейным жыцці, і ніякія словы татулі ды матуліны слёзы не маглі заставіць застацца дома, дзе прабеглі дзіцячыя і школьныя гады, дзе кожная сцяжыначка ў пушчы была знаёма ёй, дзе так весела і бесклапотна прападалі з сяброўкамі на танцах ды да самай раніцы слухалі птушыныя галасы…


    Амаль дваццаць гадоў сямейнага жыцця ў Расіі не зрабілі яе шчаслівай. Там жылося цяжка. З мужам не ўдалося наладзіць добрых сямейных адносін. Хатні побыт быў зусім не такі, як на родным хутары Леснічоўка. Працавала спачатку прадаўцом у краме, а потым цэлых дзесяць гадоў на пякарні (нялёгкая праца). І сэрца цешылі толькі чацвёра дзяцей ды ўспаміны пра родную Свіслаччыну. У апошні свой прыезд бацька цвёрда сказаў:


    – Няма табе тут чаго рабіць, дамоў пара збірацца. Там дапаможам.


    У сям’і Семаковічаў было сямёра дзяцей. Бацька Аляксандр Канстанцінавіч годна прайшоў франтавымі дарогамі вайны. Ён быў прызваны ў армію ў першы яе дзень – 22 чэрвеня. Быў паранены ў лютым 1945-га. Малады баец трохі паправіў сваё здароўе і зноў папрасіўся на фронт. Атрымаў цяжкае раненне. Перамогу сустрэў у шпіталі ў Кіеве. І толькі вясной 1947-га вярнуўся дамоў з баявымі медалямі на грудзях, дзе яго так чакалі жонка і дзеці.


    Бацька быў чалавекам строгім, дысцыплінаваным, паважаным на працоўным месцы, сярод вяскоўцаў. Няхітрую навуку добрасумленнай працы стараўся перадаць кожнаму са сваіх дзяцей. А вось жонка – Марыя Іванаўна – была вельмі добрым і мяккім чалавекам. Сваю дабрыню і такую ж мяккасць характару яна і перадала дачцэ Любе.


    Вярнуўшыся на радзіму, Люба ніяк не магла надыхацца родным паветрам, налюбавацца краявідамі, намілавацца роднымі і блізкімі. У тыя хвіліны адчувала: няма большага шчасця на зямлі, як жыць там, дзе цябе любяць, дзе кожную хвіліну адчуваеш ласку і пяшчоту, надзейнае бацькоўскае плячо. Яна нібыта зноўку нарадзілася, і жыццё пачалося спачатку. Блізка ад дома была калгасная ферма. Сюды да знаёмых дзяўчат і прыйшла працаваць Любоў Аляксандраўна. Больш за дваццаць гадоў працы аддала яна жывёлагадоўлі. Калектыў быў дружны. Заўсёды прыходзілі адзін аднаму на дапамогу. Працавала многа, трымала вялікую хатнюю гаспадарку – трэба ж было падымаць чацвёра дзяцей.


    Старэйшыя дачушкі паступілі ў Мінск на вучобу. Перацягнулі сюды брата Мікалая, які так недарэчна загінуў амаль у першыя дні па прыездзе. Асаблівая надзея была на малодшага Сяргея – добрага, з сонечнай усмешкай хлопчыка. У маі 1987 года ён быў прызваны на службу ў армію, і пасля вучэбнай часці ў Ашхабадзе яго адправілі на службу ў Афганістан…


    Бягуць гады. Любоў Аляксандраўна даўно стала бабуляй. Мае шасцёра ўнукаў, чатыры праўнукі. Адпачывае на пенсіі –вельмі ж стамілася за сваё жыццё. Даглядала састарэлых бацькоў, з якімі так і жыла на хутары Леснічоўка каля Грынок. Яшчэ пры Польшчы бацька пачаў працаваць лесніком. І свайму прызванню, сваёй любові да лесу, да ўсяго жывога ён ніколі не здрадзіў. Любоў да старога панскага дома ў Леснічоўцы перадаў дзецям, унукам і праўнукам. Любоў Аляксандраўна заўсёды з пяшчотай успамінае сваю матулю – добрую, ціхую і ласкавую. Яна даглядала, карміла і абшывала ўсю вялікую сям’ю і пры гэтым ніколі ні на кога не павысіла голас. З бацькам пражылі доўгае шчаслівае жыццё, клапоцячыся адзін пра аднаго, ва ўзаемапавазе і ўзаемаразуменні. Пра такія адносіны і марыла ў свой час маладая дзяўчына, пакідаючы ўтульны бацькоўскі дом. І, канечне, ад’езд дачушкі ў Расію быў для іх вялікім выпрабаваннем. І толькі зусім нядаўна Любоў Аляксандраўна, перабіраючы архіў бацькі, знайшла сшытак, дзе ён апісаў у вершаванай форме яе жыццёвы лёс. Перачытала і вельмі здзівілася: як жа тонка ён яе разумеў і як бязмерна любіў…


    Нядаўна Любоў Аляксандраўна Дубыніна адзначыла сваё 80-годдзе. На свята сабралася ўся вялікая сям’я. Было спакойна і добра на душы ў коле родных і блізкіх. І думалася аб тым, што так хочацца яшчэ пажыць, бо ёсць для каго… Цяпер яна добра ведае: жыццё – гэта шчасце, калі цябе пяшчотна абдымае ўтульны бацькоўскі дом...

     

    Марыя САМАЛЕВІЧ,
    аг. Грынкі.



    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    НОВОСТИ БЕЛТА
    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    Наше видео

    Наши общественные объединения

    Урожай-2018

    Regional news

    Клещи

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает