• Жизнь | 15-08-2016 | Просмотров: 855 |
    Шчасце пачынаецца з працы

    Шчасце пачынаецца з працыЁсць такія людзі ў нашым жыцці, з якімі хочацца сустракацца як мага часцей. Падоўгу размаўляць, не назіраць за гадзіннікам і не спяшацца ў дарогу з гэтага дому.

     

    Я люблю бываць у Людмілы Іванаўны Гарошчык з вёскі Каліноўскай і проста любавацца ёю падчас нашых размоў, здзіўляцца яе бясконцай энергіі і празе да жыцця.


    Яна даўно ўжо на пенсіі. За плячыма 80 год насычанага цікавага жыцця. І быў жа свой «зорны час» у гэтай цудоўнай вясковай жанчыны!


    У маладосці яна выбрала працу даяркі – пацягнулася за старэйшай сястрой Анастасіяй. Здаецца, рукі гэтай жанчыны ніколі не стамляліся. А добрага догляду і ласкавага слова хапала ўсім яе падапечным. Нейкі час яна працавала на ферме ў Раманаўцах. Тут не хапала працоўных рук, таму дзяўчатам пасля дойкі прыходзілася яшчэ і пасвіць жывёлу. Калі ў яе роднай вёсцы была пабудавана новая ферма – перайшла аператарам па адкорму жывёлы. У 1980-м калегі па працы выбралі яе дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Людміла Іванаўна з адказнасцю адносілася да дэпутацкіх абавязкаў, заўсёды прыходзіла на дапамогу суседзям, вяскоўцам, знаёмым і незнаёмым людзям.


    Падчас чарговай сустрэчы перагортваем фотаздымкі… У кожнага з іх свая гісторыя. Вось на здымку худзенькая маладая дзяўчына ў хустачцы, новых гумовых боціках побач з бравым хлопцам.


    – Гэта мой Іван. Нам тут, здаецца, гадоў па 18. Прыйшоў ён да мяне неяк вясной і кажа: «Ляля, пойдзем фатаграфавацца ў Свіслач. Няхай нам будзе памяць».


    З Іванам мы пражылі добрае жыццё. Ён заўсёды называў мяне не інакш як «птушачка мая». Я вельмі не любіла ад’язджаць надоўга ад сваіх каровак, бычкоў. Да слёз даходзіла. Мой Ваня заўсёды мяне суцяшаў і завяраў, што ўсё будзе ў парадку. А вечарамі як ён граў на сваім гармоніку! Спявалі песні, весяліліся. І не адчувалі ніякай стомленасці. А на душы – добра і лёгка. На жаль, рана ён мяне пакінуў. А потым і сынка не стала…


    Новы фотаздымак і новая гісторыя:


    – Гэта я са сваім знакамітым выхаванцам Сокалам. Памятаю, як у 1971 годзе рыхтаваліся да раённай сельскагаспадарчай выстаўкі. Прывесы ў маёй групе былі 1 200 грамаў. Усе бычкі як на падбор. Выбралі Сокала. Усе дзівіліся з майго «выхаванца». А адзін заатэхнік нават прыязджаў на ферму паглядзець на маю жывёлу. Гэты здымак зрабіў і падараваў мне Часлаў Горбач.


    Людміла Іванаўна ніколі не ўяўляла сябе без працы. З дзяцінства была прывучана бацькамі ўсё рабіць добрасумленна і адказна: ці мыць талеркі, ці пасвіць кароў, ці глядзець за малодшымі. Сямёра дзяцей выгадавала сям’я Івана Максімавіча Калюты. Актывіста сялянскага жыцця, ветэрана вайны. Усім ім хапіла ласкі і цеплыні любай матулі Марыі Сямёнаўны. Доўгую жыццёвую дарогу падараваў бацькам лёс – 65 гадоў пражылі разам, аберагаючы адзін аднаго. Кожным сваім дзіцём ганарыліся і благаславілі на шчаслівую жыццёвую дарогу. Людмілу з малога маці называла Ляляй. Ляляй яна засталася і да гэтых дзён для сваіх родных і блізкіх, для сяброў.


    – Чаму ж Ляля? – пытаюся я.


    – Матуля казала, што я з малога была такой прыгожанькай, нібыта лялька,– смяецца ў адказ Іванаўна.


    Да яе працоўных перамог родныя адносіліся спакойна. У той час многія з вяскоўцаў былі адзначаны высокімі ўзнагародамі, славячы працай слынны край Кастуся Каліноўскага. Людміла Іванаўна беражліва захоўвае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн «Дружбы народаў», срэбны медаль ВДНГ, шматлікія граматы, юбілейныя медалі і нагрудны знак дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. Перабірае іх, каб яшчэ і яшчэ раз вярнуцца ў сваю маладосць. Адчуць рытм працоўнага жыцця. Некалі здавалася, што так будзе заўсёды. Але, на жаль, гады забіраюць рухавасць, магчымасць аддавацца плённай працы да стомы і адчуваць ад гэтага сапраўднае чалавечае шчасце.


    – Зараз, – жартуе Людміла Іванаўна, – кірую ўнукамі. Папрыязджалі з Мінску, поўная хата дзяцей – імкнуся з імі спраўляцца. І вочы жанчыны свецяцца дабрынёй і ціхай светлай пяшчотай.


    Даўно двор Гарошчыкаў не звінеў ад песень. А ў дзень 80-гадовага юбілею знакамітай працаўніцы, любай матулі і бабулі, дбайнай гаспадыні дом поўніўся гасцямі, шчырымі словамі і любымі песнямі. Сардэчна віталі юбіляршу работнікі сектара культуры і вольнага часу ў аграгарадку Грынкі і вакальны калектыў «Спадчына» (на здымку). Добрыя словы пажаданняў і падзякі за вялікі ўклад у развіццё калгаснага жыцця прагучалі ад З. Т. Пелеша – намесніка дырэктара філіяла «Нязбодзічы» ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат», Н. І. Дзідзенка – старшыні ветэранскай арганізацыі аграгарадка Грынкі.

    Шчасце пачынаецца з працы

     
    Асабісты каляндар Людмілы Іванаўны Гарошчык перагарнуў яшчэ адну старонку яе насычанага жыцця – багатага і на яркія, і на шэрыя фарбы. Цудоўны месяц ліпень падараваў ёй не толькі яскравы юбілей і незабыўныя сустрэчы, а і размаляваў гэты дзень вясёлкавымі фарбамі. І няхай так будзе заўжды.

     

    Марыя Самалевіч,
    аг. Грынкі.



    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    НОВОСТИ БЕЛТА
    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    Наше видео

    Наши общественные объединения

    Урожай-2018

    Regional news

    Клещи

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает