banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Пакарыў Еўропу беларускай калыханкай

30 Июля’19
2465
Ёсць імёны слаўных людзей, якія гучаць далёка за межамі краін, дзе яны нарадзіліся. А на радзіме аб іх ведаюць мала. Такі лёс і ў выдатнага сына зямлі свіслацкай Міхаіла Іванавіча Забэйды-Суміцкага. Хоць яго чароўны тэнар гучаў на лепшых оперных сцэнах Італіі і Кітая, Польшчы і Чэхаславакіі, а па радыё ў даваенны час у Варшаве, Парыжы, Лондане, Празе, Нью-Ёрку, у нас да нядаўняй пары аб ім амаль ніхто не ведаў. А гэтага опернага спевака параўноўвалі з Леанідам Собінавым! І свіслачане (ды і ўсе беларусы) павінны ганарыцца такім земляком.



14 чэрвеня 2020 года споўніцца 120 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Забэйды-Суміцкага. Нарадзіўся ён у вёсцы Несцеравічы Свіслацкай воласці, быў ахрышчаны ў Палонкаўскай праваслаўнай царкве. Бацька меў зямлі мала, таму парабкаваў у маёнтку графа Талочкі ў Вердамічах. Памёр, калі Міхась быў зусiм малы. І тады маці пайшла ў парабкі, каб як-небудзь пракарміць дзяцей. Нягледзячы на беднасць здольнаму хлопчыку ўдалося скончыць царкоўна-прыходскую школу, а затым паступіць у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Але тут пачалася Першая сусветная вайна, і сям’я Забэйдаў выехала ў Расію ў якасці бежанцаў. Завяршаў адукацыю Міхась у Смаленску. Затым лёс закінуў яго ў Кітай, дзе ён паступіў у Харбінскі ўніверсітэт на эканамічны факультэт. Але гэтая навука Міхасю не падабалася. Яго прыцягвала мастацтва. Ён выдатна спяваў і наогул быў здольным да ўсяго чалавекам.
Прыгожы мяккі голас мела і яго маці, Аляксандра Феліксаўна. Таму не выпадкова ўжо ў сталым узросце Міхаіл Забэйда да свайго прозвішча дадаў дзявочае мацярынскае – Суміцкі.

Песня стала справай яго жыцця. З дзяцінства ён спяваў у школьным хоры салістам. Рана навучыўся іграць на балалайцы і міндаліне, гітары і скрыпцы. У Харбіне яго настаўніцай стала прафесар Ю. Плотніцкая, у мінулым партнёрша слыннага Ф. Шаляпіна.

Дэбют М. Забэйды-Суміцкага адбыўся ў Харбінскай оперы. Пачатак на сцэне харбінскай опернай трупы ў ролі Ленскага атрымаўся не проста ўдалы — ашаламляльны! Літаральна на наступны дзень харбінская прэса ўзносіла да нябёс маладога артыста, адзначаючы, што той перасягнуў усе спадзяванні. Але Міхась добра разумеў, што яшчэ не дасягнуў вышынь выканаўчага майстэрства. Па гэтай прычыне спявак аказаўся ў Мілане. Вучоба і праца тут праходзілі ўдала. Гады ў Італіі адзначаны вялікімі поспехамі ў артыстычнай кар’еры Забэйды-Суміцкага.

З бежанства яго маці ў Несцеравічы ўжо не вярнулася, а прыехала ў сваю вёску, што ля Ружан. Калі Міхась знаходзіўся ў Італіі, да яго дайшла вестка: маці вельмі хворая і хоча яго бачыць. Ён кінуў усё і паехаў на радзіму. Тут ён даў першы канцэрт, на якім прысутнічала і яго матуля. Выканаўшы некалькі розных твораў, артыст праспяваў калыханку, якую ў дзяцінстве яму спявала маці. Зала доўга пляскала, Аляксандра Феліксаўна вымушана была выйсці на сцэну да сына, плачучы ад шчасця. А тая калыханка прайшла са спеваком праз усё жыццё, праз усе ягоныя канцэртныя праграмы, стаўшы візітнай карткай. На сезон 1935–1936 гг. Міхаіл Іванавіч заключыў кантракт з Пазнанскім оперным тэатрам. Затым пераехаў у Варшаву, дзе выступаў у канцэртах па радыё. Акрамя вядомых класічных твораў у яго рэпертуары былі беларускія народныя песні. Ён стаў адным з першых выканаўцаў, хто вынес наш песенны фальклор на сусветныя сцэнічныя падмосткі.


Пласцінка М. Забэйды-Суміцкага «Беларускія песні і рамансы», выпушчаная фірмай «Supraphon» у Празе ў 1968 годзе.

Міхась не толькі выступаў з канцэртамі, а і ўдзельнічаў у культурна-асветніцкім руху. Калі восенню 1936 года было створана Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве, адным з першых яго арганізатараў стаў наш слынны зямляк. 13 снежня таго ж года ў Вільні святкавалі Дзень беларускай культуры. Яго арганізатарамі былі М. Танк, М. Машара, Р. Шырма, мастак П. Сергіевіч. На святочным канцэрце спяваў Міхаіл Забэйда-Суміцкі. Мясцовая прэса пісала, што такога трыумфу даўно не бачыла канцэртная зала ў Вільні.

У 1939 годзе спявак быў запрошаны ў турнэ па Еўропе, а затым і па Амерыцы. Планы раптоўна парушыла вайна. Яна застала Міхася ў Варшаве. Адтуль у 1940-м ён пераехаў у Прагу. На канцэртах у Чэхаславакіі, як і раней, у яго выкананні гучалі беларускія, рускія і ўкраінскія песні. Нямецкія ўлады абвінавацілі артыста ў прапагандзе славянства. Яго даставілі ў Берлін і прапанавалі весці беларускія радыёперадачы са сталіцы рэйха. Але ад гэтай прапановы наш зямляк катэгарычна адмовіўся. Не дабіўшыся згоды, яму дазваляюць вярнуцца ў Прагу. Там чакае іншая прапанова: калі хочаш выступаць у тэатры, то павінен праявіць сябе палітычна. Прыйшлося адмовіцца ад тэатра.

Ад гэтага часу Забэйда-Суміцкі стаў ездзіць з канцэртамі па запрашэннях. Неаднойчы наведваў і Беларусь, тройчы быў у Мінску. Ён быў перакананы, што «песня рабіла сваё, яна абуджала ў людзях найлепшыя пачуцці, прабуджала волю да барацьбы за вызваленне ад акупантаў». Захаваліся сведчанні ўдзельнікаў партызанскага руху, паводле якіх артыст свае ганарары ад канцэртаў перадаваў партызанам на медыкаменты і іншыя патрэбы.

Гады Другой сусветнай вайны – складаны і супярэчлівы этап у жыцці Міхася Забэйды-Суміцкага. Абвінавачванні ў супрацоўніцтве з немцамі будуць гучаць яшчэ доўга пасля яго смерці. Аднак Пражскае паўстанне і канец вайны засталі яго ў Празе, уцякаць куды-небудзь ён не лічыў патрэбным. Прага назаўсёды прытуліла беларускага выгнанніка.

Намаганнямі дзеячаў беларускай культуры ў 1963 годзе адбыліся гастролі Міхася Забэйды-Суміцкага на Бацькаўшчыне. Паводле прызнання самога артыста, гэтае запрашэнне з гастролямі стала для яго «вялікай узнагародай за ўсё тое, што прыйшлося выцерпець, несучы нашу песню ў свет». Аднак больш прыехаць на радзіму не атрымалася.

Памёр Міхась Забэйда-Суміцкі 21 снежня 1981 года. Пахавалі яго сябры і музычная грамадскасць Прагі на Альшанскіх могілках. Пад час развітання з артыстам як рэквіем гучала тая самая, вядомая ўжо тысячам слухачоў, матчына калыханка.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

На I Форуме регионов Беларуси и Узбекистана Гродненская область подписали два соглашения о сотрудничестве