banner

На ўсходзе вобласці шануюць лён

15 Августа’19
1717
Калі мы гаворым пра Карэліцкі раён, то перш за ўсё на памяць прыходзіць галоўная яго славутасць – Мірскі замак. Гэты палацава-замкавы комплекс XVI стагоддзя з’яўляецца гонарам раёна. Тут праводзяцца балі, канцэрты. Замак наведваюць мільёны турыстаў. З 2000 года гэты культурны аб’ект унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Сёння я не буду паглыбляцца ў тэму значнасці для Карэліччыны, ды і ўсёй Беларусі, Мірскага замкавага комплексу, а больш раскажу пра сам раён, дзе пражывае звыш 19 тысяч чалавек. Паспяхова развіваецца сельскагаспадарчая галіна, працуюць установы аховы здароўя, адукацыі. Дарэчы, тут асаблівы падыход да сістэмы адукацыі, асабліва клапоцяцца аб педагагічных кадрах. Настаўнікам аказваецца ўсебаковая падтрымка. Раён займае трэцяе месца ў вобласці па ўзроўні сярэдняй заработнай платы ў сістэме адукацыі. Маладым педагогам, якія прыбываюць у раён на працу па размеркаванні, прадастаўляецца камфортнае жыллё. Такая ўвага да іх, вядома ж, адбіваецца на выніках працы. Вучні дэманструюць поспехі па вучэбных алімпіядах, а таксама падчас здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Асабліва ганарацца ў раёне адоранымі дзецьмі. Партрэты тых, хто вызначыўся ў вучобе, спорце, іншых дасягненнях, размешчаны на Дошцы гонару ў райвыканкаме. 

Гаворачы аб медыцынскім абслугоўванні, варта падкрэсліць, што гэтая галіна ў раёне таксама мае сваё развіццё. Закупляецца сучаснае медыцынскае абсталяванне. У цэнтральнай раённай бальніцы нядаўна адкрылі аддзяленне гемадыялізу. Цяпер пацыенты з нырачнай недастатковасцю атрымліваюць дапамогу на месцы. 

Раён спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні лёну і цукровых буракоў. Вытворчасцю гэтых культур займаюцца 10 сельскагаспадарчых арганізацый. Маецца звыш 43 тысяч галоў свіней. Трэба адзначыць, што Карэліцкі раён займае 17 месца ў рэспубліцы па вытворчасці малака. Да прыкладу, у мінулым годзе атрымалі звыш 6 000 кг малака ад каровы. 

У Карэліцкім раёне вялікая ўвага надаецца льняной вытворчасці. Лён вырошчваецца для патрэб мясцовага льнозавода, а таксама экспартуецца ў Кітай. Асноўным відам дзейнасці ААТ «Карэлічы-Лён» з’яўляецца першасная перапрацоўка лёну, вытворчасць доўгага і кароткага льновалакна. Разам з гэтай прадукцыяй вырабляюцца холстапрашыўное валакно, вяроўка ўпаковачная, шпагат, паліўныя брыкеты, ільняны і рапсавы алей, жмых. Доўгае валакно ідзе на выраб натуральных тканін, кароткае выкарыстоўваецца для вытворчасці ўпаковачнай тканіны, шпагата, вяроўкі. 

У раёне працуюць таксама два філіяла ААТ «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод».

Асобна хочацца расказаць пра Карэліцкі маслацэх «Навагрудскія Дары». Гэта структурнае прадпрыемства ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія Дары». Паспрабаваць такую колькасць розных сыроў мне яшчэ ніколі не даводзілася. Здаецца, сыр ды сыр, што ў ім асаблівага? Ды не. Маслацэх вырабляе некалькі відаў расольных і мяккіх сыроў. Адна з апошніх удалых распрацовак – элітныя сыры, якія адрозніваюцца не толькі арыгінальным густам, але і колерам. Што вы скажаце аб чырвоным або зялёным сыры? Спрабавала. Смачна! 


Клапоцяцца ў рэгіёне аб паляпшэнні сацыяльнай інфраструктуры. Шэсць гадоў таму ў Карэлічах у іншы будынак пераехаў ЗАГС. Усё тут зроблена з густам, нават люстра спецыяльна замоўлена пад інтэр’ер.


Уражваюць і яслі-сад, нядаўна пабудаваныя ў г. п. Мір. Утульна, прасторна, з басейнам і дзіцячай трэнажорнай залай. Гэтую дашкольную ўстанову наведваюць звыш ста дзяцей. 


Вядома ж, самым папулярным населеным пунктам у раёне з’яўляецца г. п. Мір. Пасёлак наведваюць мільёны турыстаў. У сувязі з гэтым тут развіваецца гасцінічны бізнес. Самы буйны аб’ект – «Мірскі Пасад». Гэты гасцінічны комплекс карыстаецца вялікай папулярнасцю, тым больш, што ён знаходзіцца зусім побач з Мірскім замкам. Вас тут ветліва сустрэнуць, пачастуюць нацыянальнай кухняй, размесцяць ва ўтульных сучасных нумарах. Палюбілася гэта месца маладым. Часта тут ладзяцца вяселлі. 

Калі вы ўжо прыехалі ў Мір, то абавязкова наведайце музей-сядзібу «Мірскі пасад». Яго стварыў мясцовы энтузіяст-краязнаўца Віктар Сакель. У музеі захоўваюцца мэбля і посуд, асабістыя рэчы прадстаўнікоў роду Радзівілаў, маюцца гістарычныя дакументы, фатаграфіі, старадаўнія манеты. Адзін з пакояў музея прысвечаны яўрэям. У гэтым будынку калісьці размяшчалася карчма, у якой вядомы паэт Уладзіслаў Сыракомля пачуў сумны аповяд ямшчыка і напісаў свой вядомы верш «Паштальён». Потым другі паэт перавёў яго з польскай мовы на рускую, тэкст паклаў на музыку. Так твор стаў вядомай песняй «Калі я на пошце служыў ямшчыком». 



Такі ён, усходні куток нашай Гродзеншчыны. Як і ўсе іншыя годны ўвагі, бо ўносіць свой значны ўклад у развіццё рэгіёну, што асабліва важна ў юбілейны для вобласці год.

Марына ЯНЮК
Фото Вольгі БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

В регионе намолочено более 1 147 000 тонн зерна нового урожая