banner

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Свіслацкай раённай бібліятэцы працуе выстава «Славім вялікі подзвіг»

27 Марта’20
1119
Усё далей адыходзяць у мінулае падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але застаецца памяць. Яна жыве ў дакументальных хроніках, унікальных фотаздымках, мастацкай літаратуры. Дакрануцца рукой да ўсенароднага подзвігу ў ракавыя саракавыя і адчуць яго сэрцам запрашае Свіслацкая раённая бібліятэка. Тут да 75-годдзя Вялікай Перамогі наладзілі выставу пад назвай «Славім вялікі подзвіг».



Выстаўка ўяўляе сабой збор матэрыялу, падзелены на пяць раздзелаў, – распавядае бібліёграф Іна Цюляева. – На верхняй паліцы размешчана дакументальная і энцыклапедычная літаратура. Возьмем, напрыклад, кнігу «1418 дней Великой Отечественной войны». На яе старонках, як бачыце, у храналагічным парадку зафіксаваны галоўныя падзеі вайны ў перыяд ад вераломнага нападзення фашысцкай Германіяй на Савецкі Саюз і да пабеднага мая 1945 года. Нельга абыйсці ўвагай і фотаальбом «Победа. Помним и гордимся». Ён утрымлівае багацейшы архіўны фотаматэрыял, які ярка адлюстроўвае веліч подзвігу савецкага народа ў вайне з фашызмам, паказвае сутнасць і змест гераічнага супраціўлення акупантам на беларускай зямлі, ход вызваленчай барацьбы.

Колькі бяскроўных перамог атрымаў Гітлер напачатку Другой сусветнай вайны? Чаму нападзенне Германіі на СССР стала нечаканасцю для савецкага камандавання? Хто задоўга да гітлераўцаў маляваў на сваіх самалётах свастыку? У водах якой рускай ракі «патанулі планы» нацысцкай Германіі аб сусветным панаванні? Хто з легендарных савецкіх танкістаў падбіў у адным баі 22 танкі праціўніка? Чаму Курская бітва стала вырашальнай у Вялікай Айчыннай вайне? У сувязі з якой падзеяй у лютым 1943-га ў Германіі была аб’яўлена жалоба? Калі і па якой прычыне прагрымеў першы салют у Маскве? На гэтыя і мноства іншых пытанняў чытач знойдзе адказы ў выдатнай энцыклапедыі Барыса Праказава «Великая Отечественная война».



Захочацца патрымаць у руках і выданне «Моя война. Великая Отечественная война в фотографиях В. И. Аркашева». Будучы фотакарэспандэнтам армейскай газеты «Уничтожим врага», а затым франтавой «Красноармейская правда», расказвае бібліёграф, Васіль Аркашаў прайшоў баявы шлях ад Мінска да Масквы і ад Масквы да Кёнігсберга. Падмаскоўе, Смаленшчына, Беларусь, Літва, Усходняя Прусія – вось старонкі ваеннай біяграфіі журналіста. Унікальныя франтавыя здымкі Аркашава – фотадакументы, што адлюстроўваюць армейскі быт, баявыя эпізоды, атакі і пераправы, працу медсанбатаў, – мы маем магчымасць убачыць у кнізе з выставачнай паліцы.



Бітва за Маскву, Сталінградская бітва, блакада Ленінграда, Курская бітва, баі за Каўказ, узяцце Берліна – гэтым падзеям прысвечаны раздзел выставы «Вялікія бітвы Вялікай вайны». «Беларусь гераічная» правядзе цікаўных дарогамі вызваленчых аперацый. Побач – «Яны змагаліся за Радзіму». Гэта галерэя партрэтаў Герояў Савецкага Саюза, сярод якіх Георгій Жукаў, Канстанцін Ракасоўскі, Іван Конеў, Сямён Цімашэнка, Радзівон Маліноўскі, Іван Чарняхоўскі... Калі цікава глыбей пазнаёміцца з ваенным шляхам генералаў і маршалаў, можна звярнуцца за літаратурай на абанемент. Да гэтага запрашае і апошні раздзел выстаўкі – «Чытаем кнігі пра вайну». Тут дружным радком пачэснае месца на паліцах занялі «Хатынская повесть» Алеся Адамовіча, «Сотнікаў» Васіля Быкава, «В списках не значился» Барыса Васільева, «У вайны не жаночы твар» Святланы Алексіевіч, адным словам, ваенная класіка. Можна пацікавіцца і навінкамі. Якімі? Даведаецеся, завітаўшы ў бібліятэку. Заадно пабачыце і інсталяцыю, якая дапаўняе выставу.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Посвящается 75-летию Великой Победы в Великой Отечественной войне. Семья Свистуна М. М.