banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае»

31 Января’19
2484
З асаблівым пачуццём стаўлюся да працы настаўнікаў. Як жа іначай! Прадстаўнікі гэтай прафесіі – сапраўдныя пчолкі. Працуюць шчыра, рупліва, старанна напаўняючы соты школьнага жыцця тым разумным, добрым, вечным, што робіць маленькага чалавека Чалавекам з вялікай літары. Не сакрэт, што выхаваўчы і адукацыйны працэс не зводзіцца вузка да штодзённых урокаў. Варта наведацца ў школу – адразу ўбачыш, чым напаўняюць свае соты настаўнікі-пчолкі. Чаго толькі каштуе навукова-даследчая праца з вучнямі! Якія пласты інфармацыі і ведаў пераварочваюць і сістэматызуюць юныя даследчыкі са сваімі кіраўнікамі! І ў выніку атрымоўваюць не проста задавальненне ад навізны адкрыццяў. Здараецца, перарастае навукова-даследчая праца ў сацыяльна значымы праект, рэалізацыя якога можа зацікавіць не толькі школу.

 Адзін з такіх праектаў – «Страчаная спадчына свіслацкага краю» – якраз і стартаваў у нашым раёне. Ім займаюцца сумесна ў сценах Дабравольскага ДС СШ і Корнадзьскага ДС БШ настаўнікі Зоя Урбановіч і Вольга Лысевіч. Іх памочнікі ў гэтай справе – цікаўныя рабяты.
Паверце, зроблена за час не аднаго года працы нямала. І важна, што даследчы інтарэс звернуты да сваёй малой радзімы. У прыватнасці, аб’ектам даследавання ў школах сталі асаблівасці назваў зніклых хутароў і паселішчаў Свіслаччыны. Хутка лінгвакраязнаўчы характар даследавання прадыктаваў новыя накірункі работы. Так нарадзіўся праект «Страчаная спадчына свіслацкага краю», галоўным вынікам якога стане стварэнне музея пад адкрытым небам. Гэта тое, што ў 2019–2020 гадах плануюць пры падтрымцы партнёраў зрабіць для сваёй малой радзімы ўстановы адукацыі двух аграгарадкоў. А мы сёння пачнем знаёміць вас, паважаныя чытачы, неабыякавыя да гісторыі роднага краю, з тымі напрацоўкамі, якімі па праву могуць ганарыцца даследчыкі.



Хутары той пары

Гісторыя нашага краю налічвае нямала сумных старонак. Адной з такіх з’яўляецца знікненне хутароў як населеных адзінак. Між тым застаюцца пытанні: калі быў заснаваны той ці іншы населены пункт, які яго лёс, чаму ён больш не існуе? 

– Разам з тым нас сёння цешыць факт, што мы можам падняць з глыбіні мінулага нямала цікавых звестак і захаваць іх для нашчадкаў, – разважае навуковы кіраўнік праекта «Страчаная спадчына свіслацкага краю» Зоя Урбановіч.



Як пасяленні хутары на тэрыторыі Беларусі вядомы з часоў Вялікага княства Літоўскага, узнікалі пасля рэформы 1861 года, аднак масавы характар працэс хутарызацыі набыў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. у сувязі са сталыпінскай аграрнай рэформай. Аграрная ж палітыка савецкай дзяржавы патрабавала поўнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Гэта настойліва праводзілася, а хутары былі сур’ёзнай  перашкодай. Узнікла пытанне аб іх ліквідацыі. У чэрвені 1939 года Пленум ЦК КП(б)Б зацвердзіў план ссялення сялян з хутароў. Усяго па Беларусі да 1941 года было сселена каля 190 тысяч хутароў. 

З 1927 года пачалася масавая хутарызацыя і на тэрыторыі цяперашняга Свіслацкага раёна, дзе да 1938 года на хутары перасялілася большая частка сялянскіх гаспадарак – каля 43% ад усіх двароў. Адначасова з’яўляюцца пасяленні (хутары) палякаў-асаднікаў. Асаднікі – польскія каланісты, у тым ліку былыя ваенныя, якім урад міжваеннай Польшчы паводле спецыяльнага закону выдзяляў землі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. 

Некаторыя гаспадары ўладкоўваліся на хутары на працягу двух гадоў. Іх гаспадаркі хутка рабіліся таварнымі: прадавалі шмат свіней, зерня, ільну. Другія не паспелі ўладкавацца. Усе планы перакрэсліла вайна.  
На даследаванай тэрыторыі Свіслацкага раёна, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі, працэс дэхутарызацыі разгарнуўся пасля вайны. Было вызначана, што большасць хутароў у дадзеным рэгіёне перастала існаваць у 1950–70-я гады ў сувязі з перасяленнем на тэрыторыі калгасаў і саўгасаў. Асноўная прычына распаду – бесперспектыўнасць далейшага іх існавання: адсутнасць дарог, электрычнасці, газу, школы, магазінаў і г.д. 
Няпросты быў шлях з вёскі на хутар і назад, з хутара ў вёску. Многія не вярнуліся ў былое пасяленне, ліквідавалі сваю гаспадарку і апынуліся ў горадзе, другія, уцякаючы ад савецкай улады, – за мяжой.

Усяго на даследаванай тэрыторыі было занатавана 105 назваў хутароў. Каля 90% з іх высветлена на падставе гутарак з мясцовым насельніцтвам старэйшага ўзросту.


Чым хата багата

На XIV Республіканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» у намінацыі «Сеткавае ўзаемадзеянне ў адукацыйным працэсе» быў прадстаўлены электронны адукацыйны рэсурс «Чым хата багата» – спроба корнадзьскіх і дабравольскіх настаўнікаў прадставіць шырокаму колу карыстальнікаў плён сваёй шматгадовай працы. 

– Мэта гэтага рэсурса, – расказвае Вольга Лысевіч, – адраджэнне гістарычнай спадчыны Свіслаччыны праз выкарыстанне электроннага сродка навучання. У першую чаргу рэсурс папулярызуе мясцовы матэрыял.



Праект «Чым хата багата» ўключае ў сабе шэсць блокаў, два з якіх маюць дадатковыя закладкі. У разрэзе размовы пра «Страчаную спадчыну свіслацкага краю» хачу звярнуць увагу на блок «Спакон вякоў». Ён ахоплівае нашу матэрыяльную спадчыну і таксама прадстаўлены некалькімі раздзеламі. «Усе мы родам з хат» прапануе зніклыя, але не забытыя назвы вёсак і хутароў, звесткі пра славутых землякоў. Закладка «Застылыя ў вяках» – матэрыялы пра помнікі сядзібна-паркавага мастацтва і зніклыя храмы… Блок «Уносіць свой уклад» запрашае ў свет віртуальных падарожжаў з мэтай наведвання прапанаваных музеяў. Дарэчы, тут можна знайсці і слоўнікі тапонімаў нашых вёсак. Можна пацікавіцца і прадстаўленымі ментальнымі картамі «Карані маёй малой радзімы». Адзін клік мышшу – і вы ўбачыце як на далоні ментальную карту раёна з занесенымі на яе зніклымі, але не забытымі вёскамі і хутарамі, адкрыеце кароткую інфармацыю пра лексіка-семантычныя, словаўтваральныя, фанетычныя асаблівасці ўзнікнення назвы населенага пункта.

Мы, аўтары праекта «Чым хата багата», глыбока перакананы, што рэсурс дапаможа кожнаму акунуцца ў гісторыю нашага краю, раскрыць бяздонны бабулін куфэрак, перадаць з вуснаў у вусны тое, што спакон вякоў належыць Свіслаччыне.


Вучаніца 11 класа Дабравольскага ДС СШ Гражына Іванюк і вучань 9 класа Корнадзьскага ДС БШ Павел Лысевіч паспяхова рухаюць наперад праект «Страчаная спадчына свіслацкага краю» на рэспубліканскім конкурсе ГА БРСМ «100 ідэй для Беларусі».





Абараняючы свой праект, навучэнцы расказваюць шмат цікавага і інтрыгуючага. Вядома, нямала пытанняў было ў іх у пачатку работы. Зараз жа ёсць нямала адказаў.

– Як вы думаеце, колькі на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя было дробных  пасяленняў: вёсак, хутароў, сядзіб?

– Каля ста тысяч. І гэта толькі афіцыйных назваў.
 
– Дзе яны?

– На жаль, даўно большай колькасці ўжо няма, а цяпер знікаюць у небыццё і малыя вёскі, а разам з імі іх незвычайныя назвы, за якімі хаваецца гісторыя нашага краю, нашай радзімы. Гледзячы на карту сселеных вёсак Свіслацкага раёна, разумееш, як многа ў нашай гісторыі страчана назаўсёды.

– Чым жа моладзь можа дапамагчы сваёй малой радзіме?

– Калі мы не можам уратаваць знікаючую вёску ці хутар, аднавіць разбураны храм, то можам захаваць хаця б памяць аб іх для будучых пакаленняў.

– Чаму гэта важна?

– Упэўнены, што не толькі Белавежская пушча можа стаць цэнтрам прыцягнення турыстаў на свіслацкую зямлю. Жыхары блізкага і далёкага замежжа, карыстаючыся магчымасцю наведаць наш край, змогуць увачавідкі пераканацца, як мы шануем памяць аб тым, што было калісьці па розных прычынах страчана.

– Якая ж мэта праекта?

– Стварыць музей пад адкрытым небам «Страчаная спадчына свіслацкага краю».

– Дзе ён размесціцца?

– На сённяшні дзень маем два варыянты. Першы – тэрыторыя ранейшага хутара Войтаў Мост, які знаходзіцца ў Навасёлкаўскім лясніцтве ДПУ НП «Белавежская пушча»,  дзе цяпер размешчана аднайменная гасцініца. Гэты былы хутар наведвае шмат турыстаў, іх увазе распрацаваны экскурсійныя маршруты, куды ўключаны і аб’екты нашага даследавання.  
Добрым месцам для музея можа быць і тэрыторыя гасцінічнага комплекса «Жаркаўшчына» ў Свіслацкім лясніцтве ДПУ НП «Белавежская пушча». Гістарычна лясная свіслацкая дача Тышкевіча славілася «кавалачкам зямнога раю». 

– Якім вы бачыце будучы музей?

– На пляцоўцы, якая ўяўляе сабой геаграфічную карту Свіслацкага раёна, размешчаны аб’екты-прысвячэнні памяці зніклым хутарам, вёскам і храмам, якія раней  знаходзіліся на тэрыторыях сямі сельсаветаў раёна. Аб’ект-прысвячэнне ўяўляе сабой  камень, над якім узвышаецца страха на слупах. Камень сімвалізуе аснову сядзібы, а слуп і страха – роднае гняздо былых жыхароў. На кожны камень прымацаваны стэнд, дзе змешчана карта пэўнага сельскага савета, на якую нанесены назвы зніклых вёсак і хутароў. Ужо зроблены макеты былых храмаў, што былі размешчаны некалі на Свіслаччыне.
 
Усе аб’екты- прысвячэнні злучаны паміж сабою сцяжынкамі. На той частцы пляцоўкі, якая адпавядае тэрыторыі Белавежскай пушчы, размешчаны драўляныя скульптуры-выявы дзікіх жывёл, якіх часта можна сустрэць  у дадзенай мясцовасці. На ўрачыстае адкрыццё музея плануем наладзіць фестываль айконімаў.

Подготовила Наталья ТУРКО
Фото автора

Предыдущая статья

Пока мы помним, они живы. Новый проект "СГ" к 75-летию освобождения Беларуси. А завтра была война