banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Сказ пра паўроз (+ відэа)

28 Июня’19
2726


Мы, краязнаўцы, імкнемся выкарыстаць багацце фальклора Свіслаччыны для вывучэння яе гiсторыi. А наш прыбелавежскі край мае вельмі багатую, своеасаблівую вусную творчасць. 

Нездарма многае з тутэйшага запісалі фалькларысты, якія нарадзіліся, жылі ці працавалі на нашай зямлі, – Францішак Карпінскі, Мікалай Нікіфароўскі, Міхась Забэйда-Суміцкі, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч і іншыя. 

Вельмі цікавымі і карыснымі ў вывучэнні мінуўшчыны з’яўляюцца легенды і паданні. Яны, напрыклад, дапамагаюць устанавіць паходжанне назваў населеных пунктаў. Вось адна з іх.
Легенда аб узнікненні Поразава, запісаная настаўнікам Поразаўскага народнага вучылішча Ігнатам Пякарскім у 1872 годзе:

«У часы літоўскіх князёў здарылася адной літоўскай князёўне праязджаць цераз ручай, што ўпадае ў раку Рось. Пры пераездзе коні і брычка, на якой ехала князёўна, загразлі ў твані. Убачыўшы гэта, рыбаловы, якія былі ў той момант на беразе, узялі вяроўкі, прыбеглі і вяроўкамі выцягнулі брычку з коньмі. Князёўна зацікавілася, чым яе выратавалі, запытала, як гэта завецца, паказваючы на вяроўкі. Ёй сказалі:
– Паўроз (вяроўка).

Дык князёўна назвала і сам ручай, у якім засела разам з каляскай і коньмі, Паўразаў і загадала пабудаваць там мястэчка пад той жа назвай».

У гэтай легендзе істотна тое, што адлюстроўваецца сапраўдны факт падарожжа князёўны. Бо цераз гэтую мясцовасць праходзіў шлях з Вільні праз Ліду, Масты, Ваўкавыск у Новы Двор, дзе ў пачатку XV стагоддзя была закладзена сядзіба (рэзідэнцыя) князя Вітаўта, сям’я якога неаднойчы сюды прыязджала. Гэтая легенда падказала ўзрост мястэчка і яго значэнне як мясцовасці на важным шляху зносін. Праз 100 гадоў па гэтай дарозе праязджаў вядомы нямецкі дыпламат Зыгмунд Герберштэйн. У сваёй кнізе «Запіскі аб маскоўскіх справах» успамінае якраз аб Поразаве і Новым Двары.



Павел ЛЫСЕВIЧ, 
выпускнiк Корнадзьскага ДС БШ
Фота і відэа Вольгі БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Впечатления свислочан о поездке на II Европейские игры