banner

Iшла Каляда, калядуючы…

23 Января’20
626

Захаваць калядныя звычаi, павесялiць народ i атрымаць прафесiйнае задавальненне – з такiмi намерамi народны тэатр «Памфлет» Свiслацкага РЦКiНТ штогод разыгрывае тэатралiзаваную праграму «Iшла Каляда, калядуючы…».


Студзеньскае святочнае калядаванне ў творчым жыццi памфлетаўцаў – гэта ўжо традыцыя. Калядныя абыходы прымяркоўваюцца да Шчодрага вечара. Як вядзецца, гурт пераапранутых калядоўшчыкаў, сярод якiх абавязкова ёсць Гаспадар-механоша (Вячаслаў Пракаповiч), Гаспадыня (Таццяна Форыс) i Каза (Тамара Саляхава), ходзяць з зоркай ад дзвярэй да дзвярэй, выконваюць песні для гаспадароў, а тыя за гэта адорваюць iх: «Нашай Козачцы многа не трэба: тры боханы хлеба, сем печ перапеч, рэшата аўса, наверх каўбаса, а хто такі харошы, хай насыпе грошай».

Уся праграма пабудавана на тэатралiзаваным вiдовiшчы, кульмiнацыяй якога якраз i з’яўляецца выхад самой Казы, а менавiта рытуал абсыпання гаспадароў i хаты зернем. Шчодра сыпле Каза, бо ведае: колькi зерня ў хаце, столькi i шчасця. Чаму ж не паспрыяць добрым людзям?!

– Калядаванне – гэта жывая традыцыя, – гаворыць рэжысёр «Памфлета» Тамара Саляхава. – Наш калектыў нязменна звяртаецца да яе на працягу пятнаццацi гадоў. Сам па сабе звычай вельмi прыгожы, каларытны, па-сапраўднаму народны. Ён добра ўспрымаецца людзьмi, дорыць святочны настрой, а самае галоўнае – гэтая духоўная спадчына, як i раней, аб’ядноўвае ўсiх нас.

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Следуя за волшебной звездой