banner

Уладзімір Караткевіч – у Свіслачы

11 Июня’08
4891

Калі б 40 гадоў таму сонечным веснавым ранкам 1968 года хто-небудзь са свіслачан выйшаў на вуліцы пасёлка, то мог бы спаткаць незнаёмага чалавека ў шэрым паліто. Гэтым незвычайным госцем быў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, які наведваў нашу Свіслач у гэты час. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, калі ўлічыць той факт, што ён бываў і на Ашмяншчыне, Навагрудчыне, Слонімшчыне, ды і ўвогуле, шмат падарожнічаў і пешшу абыйшоў усю Беларусь.

Той самай вясной Караткевіч наведаў Белавежскую пушчу, аб якой пакінуў добрыя ўспаміны, нягледзячы на тое, што любімым рэгіёнам яго было Палессе. Памяць пра гэтыя наведванні захаваў шэраг фотаальбомаў, аўтарам тэкстаў да якіх быў вядомы пісьменнік: “Краявіды Беларусі” (1968 г.), “Памяць зямлі Беларускай” (1979 г.), “Белавежская пушча” (1973, 1975 гг.).

У. Караткевіч лічыцца пачынальнікам беларускай гістарычнай раманістыкі. Яго нейкім містычным чынам прыцягвала тэматыка паўстання 1863 – 1864 гадоў. Хутчэй за ўсё ён не абыйшоў увагай і месца жыхарства К. Каліноўскага – Якушоўку, аднак дакументальных сведчанняў пра гэта пакуль не знойдзена.

Так ці інакш, але гэты чалавек пакінуў значны след у гісторыі нашай краіны. А для нас, нашчадкаў, 24 верасня 1980 года Караткевіч запісаў у сваім дзённіку: “Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць, яна, непераходзячая, сталая каштоўнасць вечнага чалавецтва, і па ўсіх гэтых прычынах мы павінны жыць, жыць дзейсна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім...”

С. РАМАНАЎ,

студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы.

Предыдущая статья

Он красив и благороден, этот друг четвероногий