banner

Мы – дзеці зямлі беларускай

20 Сентября’19
2588
Ужо каторы год у яслях-садзе № 2 г. Свіслачы працуе беларускамоўная група.  Выхаванцы тут не проста цікавяцца роднай мовай, а вывучаюць яе на паглыбленным узроўні. Любоў і пашану да беларускай мовы прывівае дзецям вопытны выхавальнік Наталля Барэль. 

“У сваім звароце да бацькоў выхаванцаў я пачала з таго, што ў народа, які не ведае сваёй беларускай мовы, няма будучыні. Пагэтаму мы павінны звярнуцца да вытокаў і вывучаць сваю мову. І яны мяне падтрымалі. Бацькі актыўна ўключыліся ў дзейнасць па распрацоўцы розных праектаў і задумак. І зараз таты і мамы супрацоўнічаюць, дапамагаюць,” – расказвае Наталля Пятроўна.



Сярэднюю групу ад 4 да 5 гадоў наведвае 21 выхаванец. З цікавасцю маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо другі навучальны год вывучаюць сваю малую радзіму, яе гісторыю, далучаюцца да звычаяў і традыцый. Беларускі лід-матыў праходзіць праз усе віды дзейнасці і асабліва праз гульнявую. Гэта і сюжэтна-ралявыя, і дыдактычныя, і рухавыя гульні. Ведаюць дзеці і гуляюць у беларускія народныя гульні. 

З задавальненнем выхаванцы знаёмяцца з беларускімі народнымі казкамі, вершамі, пацешкамі, забаўлянкамі, лічылкамі. 

Усе заняткі ў групе таксама праходзяць на беларускай мове. Некаторыя элементы ўключаюцца ў ранішнікі, святы, адкрытыя заняткі, масавыя мерапрыемствы. Выдатнае валоданне роднай мовай дзеці дэманструюць на “Восеньскім кірмашы”, які стаў традыцыйным святам дашкольнай установы.
Не так даўно дзеці паўдзельнічалі ў забаве “Родная мова”, якая прайшла з беларускімі гульнямі, песнямі і танцамі.


“Выхаванцы цікавяцца, ім гэта ўсё падабаецца. Нават паміж сабой яны часта размаўляюць на беларускай мове. Дзеці – гэта кніга, і мая задача напоўніць яе зместам, даць ім веды. Я прывіваю любоў да роднай мовы не толькі хлопчыкам і дзяўчынкам, але і іх бацькам. Бо толькі разам і сумеснымі намаганнямі можна атрымаць добрыя вынікі”, – дзеліцца вопытам выхавальнік. 

Для вывучэння роднай мовы ва ўстанове адукацыі створаны неабходныя ўмовы. Элементамі беларускага арнамента аздоблены кожны гульнявы куток у групе. Напрыклад, яго можна ўбачыць на дзіцячым посудзе, лялечным адзенні. Над афармленнем групавога пакоя працавала не толькі творчая група садка, але і бацькі выхаванцаў. Таксама арганічна ўпісаўся ў інтэр’ер групы міні-музей “Сялянская хата”,  які дапамагае дзецям знаёміцца з бытам нашых продкаў. У сялянскім пакоі знайшлі сабе месца тыя прылады працы і рэчы, якімі карысталіся нашыя дзяды і прадзеды. Таксама асобнае месца займае печ, у якой гатаваліся розныя стравы і якая адначасова абагравала хату. На падлозе ляжаць тканыя дываны, пасярэдзіне пакоя стаіць вялікі стол з лавамі, у куточку размясціліся ложак і дзіцячая калыска, вырабы з саломкі, а беларускія ручнікі ўпрыгожваюць бедны сялянскі пакой.


Не менш цікавым з’яўляецца і пано “Вытокі традыцыйных рамёстваў Свіслаччыны”, якое знаёміць маленькіх дашкалят з рамёствамі, якімі займаліся нашы продкі на тэрыторыі раёна. Амаль у кожнай вёсцы жылі выдатныя майстры сваёй справы, і тыя вырабы, якія яны выраблялі, станавіліся вядомымі далёка за межамі малой радзімы. Такія сямейныя справы перадаваліся ад пакалення да пакалення. Напрыклад, убачыўшы чорны гліняны посуд, адразу ўзгадваецца мястэчка Поразава і яго глянцавая чорная кераміка, сакрэты і тонкасці вырабу якой згублены.

Інфармацыйнае значэнне мае адукацыйны куток, дзе сабрана розная вучэбная літаратура. Гэтыя кнігі ў першую чаргу вывучаюць выхавальнікі, бацькі дзяцей. Ёсць тут і пазнавальныя беларускія кнігі для выхаванцаў. Дзеці з задавальненнем звяртаюцца да іх, каб знайсці адказы на пытанні.
Канешне, гэта толькі пачатак вялікага вандравання па краіне “Родная мова”, наперадзе маленькіх выхаванцаў чакаюць новыя прыгоды, знаёмствы, адкрыцці, сустрэчы, якія абяцаюць быць цікавымі і захапляльнымі. 

Сняжана ЖУРНЕВІЧ
Фота аўтара

Предыдущая статья

И медик хороший, и общественник активный