banner

Ганарымся табою, наша Гродзеншчына! Дэлегацыя Свіслацкага раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар 75-годдзя Гродзенскай вобласці (+ відэа)

21 Сентября’19
2381
20 верасня, Гродзенская абласная філармонія стала эпіцэнтрам урачыстых падзей, прысвечаных 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.



На пляцоўцы перад філармоніяй госці мелі магчымасць трапіць у кінакадр. Пра кожнае дзесяцігоддзе здымалася свая карціна.



1940-я – гэта Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і аднаўленне вобласці. У 50-я праз Гродна прайшоў першы цягнік па новай Пецярбургска-Варшаўскай чыгунцы. Выпуск першай прадукцыі цяперашняга гіганта ААТ «Гродна Азот» стаў сапраўднай падзеяй у 1960-я гады. Спартыўны Алімп Гродзеншчына заваявала ў 70-я. Медалі ў скарбонку каманды Савецкага Саюза на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету прынеслі ўраджэнцы нашай вобласці Вольга Корбут, Іван Ядэшка і Уладзімір Раманоўскі. На вяселле запрасілі 80-я гады, час сацыяльнага росквіту і сапраўднага бэбі-буму. Наступнае дзесяцігоддзе прысвечана СВК «Прагрэс-Верцялішкі», поспехам сельскагаспадарчага прадпрыемства. Новае тысячагоддзе адзначана ўключэннем Мірскага замка ў Спіс Сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны.

У фае філармоніі на 1-м паверсе можна было ўбачыць паменшаныя копіі захаваных і згубленых помнікаў архітэктуры Гродзенскай вобласці. Эліза Ажэшка ў выглядзе лялькі, якая трымае ў руках свой дом. Мірскі замак з гліны. Лідскі са сцяной прыкладна 1,5 метра. Сядзіба Тышкевіча ў Свіслачы і Навагрудская гарадская ратуша... Усе яны створаны жыхарамі Прынямоння ў рамках конкурсу, які ўпершыню прайшоў у гэтым годзе і прысвечаны юбілею вобласці.



Сваю фотавыставу падрыхтавала рэдакцыя газеты "Гродзенская праўда": на Прынёманскі край можна было зірнуць з вышыні птушынага палёту. Фота, зробленыя з паветра, адкрываюць новае ў добра знаёмых гарадах, славутасцях, прыгожай прыродзе.
На 2-м паверсе філармоніі артысты ДУК “Гродзенская абласная філармонія” прадставілі “Белы канцэрт”. Побач, ледзь прыкметна дакранаючыся пальцамі да пяска, стварала адну за другой дзівосныя карціны маладая дзяўчына.



Знакавымі і ўрачыстымі падзеямі ў гэты дзень сталі прэзентацыя кніг, прысвечаных Гродзенскай вобласці, і гашэнне мастацкага маркіраванага канверта з удзелам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Румаса і старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Краўцова. Канверт да юбілея вобласці распрацавала Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі.



Урачыстае мерапрыемства са святочным канцэртам у новай зале філармоніі сабрала шмат гледачоў з розных абласцей Беларусі. Гучалі шматлікія віншаванні і сардэчныя пажаданні.



Прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў.

Да прадстаўнікоў розных пакаленняў звярнуўся старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў:

– У далёкім 1944 годзе пасля трыумфальнага вызвалення беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Гродзеншчыне сталі будаваць новае жыццё. Пачаўся адлік новай гісторыі вобласці, якая дазваляе ўсім і кожнаму сказаць: Гродзеншчына – наш агульны дом. За 75 гадоў было нямала цяжкасцяў і выпрабаванняў, але яны толькі загартавалі наш дух і ўмацавалі веру ў агульную справу. Гэта тыя стваральныя скрэпы, якія мы перададзім нашым дзецям і ўнукам.

Як не раз падкрэсліваў Уладзімір Васільевіч, галоўнае багацце Гродзеншчыны – яе людзі. І свята – выдатная нагода яшчэ раз сказаць дзякуй усім, хто сваёй працай дзень за днём павышае дабрабыт малой радзімы. Імёны самых дастойных штогод, пачынаючы з 2004 года, упісваюцца ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці. На яе старонках ужо 114 чалавек, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёну. У гэтым годзе пасведчанне аб унясенні ў Кнігу Славы вобласці атрымалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырэктар – мастацкі кіраўнік Гродзенскай капэлы Уладзімір Бармотаў, Генрых Федасевіч, які чвэрць стагоддзя працаваў у калгасе "Прагрэс", затым быў дырэктарам Гродзенскай агароднінай фабрыкі, да 2017 года ўзначальваў Гродзенскую раённую ветэранскую арганізацыю, а таксама Аляксандр Трыпуць, заслужаны майстар спорту краіны, прызёр паралімпійскіх гульняў, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды краіны па інваспорту.

Далучыўся да віншаванняў з нагоды юбілею вобласці і прэм’ер-міністр Сяргей Румас:

– Гродзеншчына – адзін з перспектыўных і эканамічна развітых рэгіёнаў Беларусі. Гродзенская вобласць заўсёды славілася сваёй культурай земляробства. Яна ўносіць значны ўклад у харчовую бяспеку краіны і займае лідзіруючыя пазіцыі па асобных напрамках у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. У бягучым годзе на Гродзеншчыне атрымана самая высокая ўраджайнасць па збожжу з усіх рэгіёнаў. Актыўна развіваецца сфера турызму. Толькі ў гэтым годзе вобласць наведала больш за 80 тысяч замежнікаў. Але ўсё ж галоўным багаццем і здабыткам гродзенскай зямлі з'яўляюцца людзі, якія добрасумленна працуюць і будуюць у імя працвітання і дабрабыту свайго краю. Сёння перад Гродзенскай вобласцю стаяць вялікія задачы: мадэрнізацыя і якаснае абнаўленне вытворчасцей, падтрымка бізнесу і прадпрымальніцкай актыўнасці грамадзян, прыцягненне буйных інвестыцый у прамысловасць, сацыяльную сферу, сельскую гаспадарку і турызм. Ад усяго сэрца жадаю Гродзенскай вобласці далейшага росквіту!

Сяргей Румас таксама ўручыў узнагароды. Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Беларусі адзначаны Уладзімір Бадак, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі КСУП "Галынка" Зэльвенскага раёна, і Кацярына Серафіновіч, галоўны рэдактар “Лідскай газеты". Намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Алене Бубенчык, першаму намесніку начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Лідскага райвыканкама Галіне Касяк, машыністу крана Ваўкавыскай камунальнай гаспадаркі Анатолю Хвещанке і Ірыне Цюцікавай абвешчаныя Падзякі прэм'ер-міністра Беларусі.

У святочным канцэрце ўзялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы Прынямоння, а таксама госці са сталіцы – ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы", музычны тэатр “Рада”, ансамбль “Гарадзенскія карункі”, хор “Верас”, Пётр Ракута, Артур Якушаў, Аліна Чыжык, Ганна Голуб, Герман, салісты Вялікага тэатра оперы і балета Анастасія Масквіна і Аляксандр Гелах. Сапраўдным падарункам стаў выступ народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Усім жыхарам Прынямоння ён прысвяціў песню «Добрыя людзі».





Вольга БУБЕНЧЫК
Фота і відэа аўтара

      Предыдущая статья

      75 лет побед, труда и созидания. Гродненщина отпраздновала юбилей