banner

Вызначальнікі шляху чалавецтва

17 Сентября’12
3804

Духоўныя дарадцы, кнігары,
Дзеля краіны, чалавека
Святлу вы служыце, сябры,
У Храме з назваю
БІБЛІЯТЭКА.
Запальвайце  вясёлкі звонкіх
мрой
І вызначайце шлях
да прыгажосці,
Дарыце мудрасць змене
маладой,
Каб не была ў бацькоўскім доме
госцем,
Каб шанавала рупны наш
народ,
Любоўю да Радзімы каласіла,
Нясіце ёй узнёсла з году ў год
Дзівоснай кнігі велічную
сілу…
Няхай у сэрцах вашых і ў вачах
Квітнеюць ружы і зімой, і летам!
Хай расцвітае ў вашых чытачах
Дабро вясновым, неўміручым
кветам.
Міхась Пазнякоў.
 
Святкаванне Дня бібліятэк — знамянальная падзея ў жыцці нашай краіны, якая сведчыць пра ўвагу дзяржавы і грамадства да бібліятэк як да найважнейшага элемента інфармацыйнай прасторы. Свята бібліятэчнай культуры адзначаецца ў нашай краіне з 2001 года згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паводле якога быў прызначаны Дзень бібліятэк — 15 верасня. Гэта дата была выбрана не выпадкова: 15 верасня 1922 года лічыцца днём заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая ўзначальвае бібліятэчную сістэму рэспублікі.
Сёння  бібліятэкі  Свіслаччыны – гэта не проста кнігасховішчы. Гэта шматфункцыянальныя ўстановы культуры, інфармацыйныя, сацыякультурныя і асветніцкія цэнтры, якія ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытам розных сацыяльных слаёў насельніцтва шырока і актыўна ўкараняюць у сваю дзейнасць новыя  інфармацыйныя тэхналогіі. У бібліятэках складаюцца  мультымедыйныя прэзентацыі, выдаецца інфармацыйна-рэкламная прадукцыя. Цэнтры прававой інфармацыі, якія працуюць пры бібліятэках, даюць магчымасць жыхарам раёна знайсці адказ на складаныя пытанні без дапамогі юрыста. 
Мы, бібліятэкары, упэўнены, што ніколі не зменшыцца ўвага  да кнігі на папяровым носьбіце. Бібліятэкары прыкладаюць усе намаганні да папулярызацыі кнігі, зацікаўленасці чытаннем падрастаючага пакалення праз арганізацыю  разнастайных кніжных выстаў і масавых мерапрыемстваў. Звяртаемся да сваіх чытачоў з просьбай: чытайце, пазнавайце, удасканальвайцеся, любіце кнігу. А яна – мудрая – вам адкажа тым жа. 
Дзень бібліятэк – гэта не проста свята культурна-асветніцкіх устаноў. Гэта свята і саміх супрацоўнікаў бібліятэк, якія сваёй плённай працай штодзённа імкнуцца раскрыць чытачам усё багацце сусветнай скарбніцы ведаў.
Гэта таксама свята нашых чытачоў, для якіх бібліятэка стала не толькі крыніцай ведаў, дапаможнікам у навуковай працы і адукацыі, але і месцам, дзе яны маюць магчымасць з карысцю і цікавасцю правесці свой вольны час, раскрыць свае творчыя схільнасці, сустрэцца з цікавымі і знакамітымі людзьмі.
У гэты святочны дзень словы ўдзячнасці нашым ветэранам, якія знаходзяцца на пачэсным адпачынку, якія на працягу доўгага прафесійнага жыцця штодзённа сагравалі сваім добрым настроем, душэўнай цеплынёй і ўсмешкай сваіх чытачоў. 
Сардэчныя віншаванні са святам з пажаданнямі моцнага здароў’я, любові і радасці, поспехаў у добрых справах і светлага лёсу, цудоўнага настрою і добрых здзяйсненняў усім, хто сёння працуе ў бібліятэках сістэмы.

Ніна КАЛАЧ,
дырэктар Свіслацкай ЦБС

Предыдущая статья

Готовить зимние квартиры для буренок и не забывать о делах насущных