• Культура и духовность | 17-09-2016 | Просмотров: 726 |
    Адзінствам і любоўю ўратуемся

    Адзінствам і любоўю ўратуемся

     

    Пакланіліся святым машчам прэпадобнага Сілуана Афонскага, атрымалі благаславенне – і пад голас званоў Свята-Духава кафедральнага сабора, што ў Мінску, Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня выпраўляецца ў дарогу. 

     

    У гэтым годзе яна ладзілася ўжо ў 23 раз, стаўшы духоўным сімвалам, састаўной часткай Дня беларускага пісьменства. Так заўсёды пачынаецца дарога дабрыні і міласэрнасці ўдзельнікаў экспедыцыі. Шлях яе будзе доўжыцца цэлых пяць дзён і пройдзе праз Баранавіцкі, Дзяржынскі, Салігорскі, Калінкавіцкі, Светлагорскі і Акцябрскі раёны. Завершыцца ў сталіцы беларускага пісьменства. Сёлета – Рагачоў. І гэта невыпадкова: традыцыйна з года ў год свята пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

     

    Адзінствам і любоўю ўратуемся


    Але спачатку на нашым шляху – вёска Крысава. Там на могілках пахавана святая блажэнная Валянціна Мінская, жыццё якой – прыклад вялікай духоўнасці і светлай веры. Затым – Святое Поле, каля вескі Загор’е, дзе кожная пядзя зямлі паліта крывёю салдат усіх тых войнаў, якія прайшлі ў свой час па нашай зямлі. Хрэсны ход да Крыжа Памяці. Ліція. Малебен у капліцы. І экспедыцыя рушыць далей. Яе сутнасць заўсёды застаецца нязменнай – дарыць людзям Благадатны Агонь надзеі, святло асветы, любові і веры.

     

    О Беларусь! О веліч краю!..


    Дзівосны край!.. Паўсюль на маршруце следавання – бясконцыя лясы, дагледжаныя палі, чысціня дарог і зон адпачынку, утульныя вёсачкі, сучасныя аграгарадкі і прывабныя райцэнтры.


    А самі беларусы!.. Гасцінныя, хлебасольныя, спагадлівыя, добразычлівыя, лагодныя... Паўсюль прысутнічала ўзнёсласць, урачыстасць, бо яны, хоць і рознага ўзросту, сацыяльнага статусу і прафесіі, але ад шчырага сэрца імкнуліся далучыцца да Бога праз Благадатны Агонь і Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрава Прасвятой Багародзіцы – Адзігітрыі (Пуцевадзіцельніцы). Людзі з радасцю ішлі пакланіцца святыням.


    Храмы Гомельшчыны... Яны вельмі прыгожыя, проста нейкі цуд. І зусім няважна – вялікія ці маленькія... Але колькі цеплыні, духоўнай чысціні там! Часам здавалася, што душа дзіцяці-анёлка навекі пасялілася ў тых намоленых сценах.

     

    Праменьчыкі сонца

     

    Адзінствам і любоўю ўратуемся

    У мясцовых храмах, куды быў прывезены Благадатны Агонь, прайшлі малебены з удзелам святароў. Прыхаджане атрымалі Божае благаславенне і змаглі запаліць свечкі ад Благадатнага Агню, каб прынесці яго дадому і асвяціць ім сваё жыллё, ачысціць сэрца і душу.


    Сады малітвы... Іх пасадзілі каля храмаў. Каля помнікаў землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, залажылі скверы. Маладыя дрэўцы (туі, дубкі, рабіны) набяруць моцы і войдуць у сілу. Яны застануцца добрым знакам пра тыя мерапрыемствы, што былі напоўнены духоўнасцю, любоўю, верай і надзеяй. Застануцца сонечнымі праменчыкамі ў памяці людзей.

     

    Белы галубок


    «Падчас малітвы ў храме я раптам убачыла галубка. Ён быў бялюткі-бялюткі, і так лёгка ўзнёсся над алтаром, так радасна пачаў кружыць, што ў тое імгненне адчула: вось яна, Божая благадаць, – расказвае паломніца, настаўніца беларускай мовы Людміла Сіліцкая. – Слёзы выступілі, сэрца стала біцца мацней: а ці бачаць прыхаджане гэты цуд?! Адбылося гэта са мной у Івацэвічах, калі я была ўпершыню ў экспедыцыі. Вельмі хацелася мне далучыцца і да другой. Мая мара здзейснілася. Я зноў з тымі, хто дае магчымасць праз слова Божае звярнуцца да хрысціянскіх традыцый. На маю думку, толькі адзінствам і любоўю можна ўратавацца ад чэрствасці і непавагі адзін да аднаго, абараніць сябе, сваіх блізкіх, сваю Радзіму».


    Майстар залаташвейнага цэха Марыя Уладзіміраўна Грыб – лампадніца амаль усіх экспедыцый. Шмат розных падзей пазнала яна за гэты час, цікавых людзей сустрэла. А вось словы аднаго састарэлага святара ўсхвалявалі і запомніліся: «Усё жыццё я марыў патрапіць да Бога ў Іерусалім, і Гасподзь сам прыйшоў да мяне». А што датычыць яе самой, то Марыя Уладзіміраўна цэлы год жыве ўспамінамі аб гэтай важнай падзеі, што адбываецца ў яе жыцці, і надзеяй на наступную сустрэчу з Госпадам, які ў вобразе Благадатнага Агню ідзе па Беларусі, ратуе яе.

    Адзінствам і любоўю ўратуемся


    Галоўны рэдактар газеты «Чырвоны Кастрычнік» Алена Старыновіч (г. п. Акцябрскі): «Для нас вялікі гонар прымаць такіх пачэсных гасцей на нашай зямлі. Цяпер у акцябрычан на старонцы сучаснай гісторыі з’явілася магчымасць зрабіць свой унёсак, выканаць асветніцкую місію і падоўжыць традыцыі дзяржаўна-царкоўнага супрацоўніцтва».


    Пашанцавала і мне: другі раз запар дакранулася да святыняў, шырэй пабачыла сваю Беларусь, падзівілася шчырасці простых людзей, іх безгранічнай любові да жыцця і бясконцай веры ў лепшую будучыню. Былі і слёзы. А як іх стрымаць?


    Парычы... Завершана богаслужэнне. Прыхаджане (а гэта ў асноўным жанчыны сталага ўзросту, некаторыя прыйшлі сюды аж за 12 кіламетраў) выйшлі з храма, а дадому не спяшаюцца. Сталі непадалёку, глядзяць на нас з вялікай павагай і чакаюць нейкага цуда ад нас. А мы, удзячныя за такі прыём, падышлі і завялі з імі гаворку пра жыццё, пра іх дзетак, унукаў, праўнукаў. Расказвалі прытчы, чым і абнадзейвалі іх. Людзі слухалі і не маглі наслухацца. У іх вачах чыталася радасць – павязло нам, ужо немаладым, дакрануцца да вялікай духоўнай святыні праваслаўя, атрымаць благаславенне святароў-місіянераў, пачуць добрае слова ад незнаёмцаў. Пачаставаўшы мілых жанчын піражкамі, мы рушылі далей.

     

    Гасцей вітае Рагачоў


    Старажытны горад, дзе па вуліцах гаманкіх, патрывожаных дзіцячым смехам, хадзілі Іван Мележ, Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч, Іван Навуменка... Іх імёны – візітная картка горада, яго яркі ўнутраны свет. Вось тут і прайшоў Дзень беларускага пісьменства – выдатнае свята на слаўнай зямлі, навінкай якога стала акцыя «Прывязі кнігу» – любімае выданне ў падарунак бібліятэкам Рагачова. Гасцей было многа – каля 12 тысяч, дэлегацыі з 19 краін блізкага і далёкага замежжа. Таму часта сярод чужой мовы чулася роднае, звонкае «дзе» і густое, сакавітае «чаго».

    Адзінствам і любоўю ўратуемся


    Горад старанна падрыхтаваўся да гэтай важнай падзеі. Яго жыхарам хацелася, каб ён набыў новае, прывабнае аблічча, напоўніўся свежымі фарбамі, непаўторнымі эмоцыямі. Трэба сказаць, усё вельмі добра атрымалася. Сумна не было нікому – панавала спрыяльная, цёплая і нейкая магічная атмасфера. Атмасфера творчасці і духоўнасці.

     

    І зноў дарога...


    Цяпер вядзе яна нас у процілеглым кірунку – да парога роднага дома. І ўвесь час у галаве блукаюць новыя, свежыя думкі. Аб тым, як меў рацыю Францішак Скарына, калі казаў: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў». Ці з’явяцца вобразы. Сумныя, трагічныя – Азарычы, дзе ў час вайны ад холада, голада, здзекаў фашыстаў загінулі больш за 9 тысяч мірных жыхароў. І зусім светлыя – настаяцель храма Нерукатворнага вобраза Гасподня айцец Валерый і яго прыхаджане. Яны, не гледзячы на позні час (24.00), былі побач з тым, каму даверылі свае душы. Здавалася, што ўвесь аг. Красная Слабада прыйшоў на спатканне з Богам. А калі завяршыўся малебен, ніхто не зварухнуўся з месца. Во цуд! Тады нехта са святароў спытаў: «А што, разыходзіцца не хочацца?!» Ах, вобразы, вобразы... І гэта ўсё – мая Радзіма.


    Дарога-дарога! Ты хутка знікаеш пад коламі аўтобуса. За яго шырокімі вокнамі зноў замільгацяць знаёмыя родныя прасторы – мая Беларусь, моц якой у духоўнасці, адукацыі і культуры. Гэта тыя тры галіны, якія фарміруюць сучаснасць і будучыню краіны.

     

    Валянціна ХАМЧУК.

    Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.



    Добавление комментария
    ЭТО СТОИТ ПОСМОТРЕТЬ
    Наша викторина
    КОНКУРСЫ

    ПРОЕКТЫ

    НОВОСТИ БЕЛТА
    МЫ В СОЦСЕТЯХ
    НАС ЧИТАЮТ
    Flag Counter
    CurrencyRate24

    Калькулятор валют НБРБ

    Частные объявления

    НАША РЕКЛАМА

    Наше видео

    Наши общественные объединения

    Урожай-2018

    Regional news

    Клещи

    Местное управление и самоуправление

    Наши победы

    Итоги социально-экономического развития

    Велодвижение

    Туристическая привлекательность Гродненщины

    Безвизовый въезд

    Августовский канал приглашает