banner
Замежныя ўрокі радзімазнаўства
09:45 07 Марта’19
У якасці ўзнагароды за перамогу ў адным з рэспубліканскіх конкурсаў мы атрымалі некалькі даволі ўнікальных і карысных кніг. Адна з іх – «Старонкі радзімазнаўства» дзеючага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, а тады, у 2013 годзе, калі кніга выйшла ў свет, яшчэ дырэктара – галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда».
Як абяцала анатацыя, усіх, хто захоплена ўглядаецца ў сваю мінуўшчыну, тут чакаюць неспадзяваныя сустрэчы і нават адкрыцці. Трэба толькі час прыгадаць такі, каб атрымаць сапраўдную асалоду ад знаёмства з кнігай – вырашыла я і адвяла навюсенькаму томіку, яшчэ не страціўшаму пах тыпаграфскай краскі, пачэснае месца на кніжнай паліцы.
Не за доўгім часам такая аказія выпала. Мы з сям’ёй збіраліся на адпачынак у суседнюю Украіну, і частка роднай Беларусі на амаль 380 старонках была вельмі дарэчы.

Ці пашкадавала я, што выбрала менавіта гэту кнігу, а не сучасны раман пра каханне і здраду? Паверце, не. Змест краязнаўчых нарысаў і эсэ вельмі зацікавіў і ўсхваляваў.
Падарожжа па гарадах, мястэчках і вёсках краіны ў першай частцы кнігі і сустрэча са слаўнымі вучонымі, мастакамі, пісьменнікамі і артыстамі ў другой нібыта пераносяць чытача не толькі ў розныя мясціны, але і падобна машыне часу ў розныя стагоддзі. А каб уяўлялася ўсё больш наглядна, кніга праілюстрыравана паштоўкамі з калекцыі руплівага збіральніка памятак зямлі беларускай Уладзіміра Ліхадзедава, якога добра ведаюць падпісчыкі «СБ. Беларусь сегодня» па праекце «У пошуках страчанага».

Шмат розных мясцін і асоб атрымала новае жыццё на старонках зборніка краязнаўчых нарысаў. З Ашмянаў мы пераносімся ў Брэст, адтуль – у Івацэвічы, пройдземся па берагу Гайны, дзе размясціўся Лагойск, завітаем у Пухавічы… А калі ўжо надакучыць блукаць па свеце, вернемся ў нашу Свіслач. Так-так, асобная глава ў даследчыка і краязнаўчага пісьменніка Алеся Карлюкевіча прысвечана Свіслачы, Поразава і Шамятоўке.

Дык чым жа славіцца наша Свіслач? Канешне, гімназіяй, у якую за навукай ехалі з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў. Нямала слынных імёнаў звязана з яе сценамі: Віктар Гельтман – афіцэр, кіраўнік тайнага таварыства, Юзаф Ігнацы Крашэўскі – «пружанскі Дзюма», пісьменнік, гісторык, выдавец і ілюстратар, Напалеон Орда – мастак, кампазітар і графік.

Сярод таленавітых выпускнікоў – Станіслаў Батыс Горскі. Закончыўшы пасля Віленскі ўніверсітэт, ён загадваў універсітэцкім батанічным садам, калекцыя якога складала каля сямі тысяч відаў раслін з розных частак свету. Імем Горскага названы некаторыя віды раслін, насякомых. За гонар мець знаёмства з ім лічылі вучоныя-прыродазнаўцы Падуі, Вены, Неапаля, Жэневы, Фларэнцыі. Колішні свіслацкі гімназіст прадастаўляў ім гербарыі і ўзоры расліннасці Беларусі і Літвы.

З мястэчка Поразава ў вялікі свет вырушыла бібліёграф Юлія Бібіла. Гэта яна стварыла ў Дзяржаўнай бібліятэцы Беларусі аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі. Землякі Юліі Восіпаўны – кампазітар Яўген Паплаўскі, акцёр тэатра і кіно Віктар Шалкевіч. Родам з вёскі Верабейкі – беластоцкі кампазітар і хормайстар Эдуард Гойлік. З Шамятоўкі – берасцейскія паэты Анатоль і Васіль Дэбішы. Беларускі спявак Міхась Забейда-Суміцкі, голас якога гучаў у «Ла Скала», Нацыянальным тэатры ў Празе, у Харбіне і Варшаве, – з Несцяровіч. Недзе ў Сібіры згубіліся сляды пісьменніка Паўла Малышэвіча, які нарадзіўся на былым хутары Багон.

Нібы глыток свежага паветра апошнія старонкі кнігі. Больш за тысячу кіламетраў, а здаецца, што нідзе і не ад’язджалі. Родныя мясціны, неардынарныя, яркія людзі – яны побач. Нават украінскі мытнік неяк з павагай адлажыў зацікавіўшую яго кнігу. А можа, адчуў, што адна з глаў прысвечана беларускай экскурсіі па Адэскім літаратурным музеі?..

Текст: Ольга Бубенчик

Предыдущая статья

Одно нажатие тревожной кнопки...